Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя MH17: «Гішпанскі дыспэтчар» кажа, што атрымаў ад расейцаў $48,000


Рэканструкцыя Боінга MH-17
Рэканструкцыя Боінга MH-17

Так званы «гішпанскі дыспэтчар Карлас», які паведаміў пра перасьлед малайзійскага рэйсу MH17 украінскімі самалётамі, атрымаў з Расеі амаль 50 тысяч даляраў.

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і румынская дасьледчая група RISE Project высьветлілі, што аўтарам твітаў аб гібелі самалёта і героем сюжэту канала RT зьяўляецца Хасэ Карлас Барыёс Санчэс, раней судзімы ў Гішпаніі, які быў арыштаваны ў Румыніі па справе аб махлярстве.

На прапанаваную журналістамі сустрэчу ў Бухарэсьце Санчэс не зьявіўся, але ў перапісцы заявіў, што атрымліваў буйныя сумы грошай з Расеі ў якасьці кампэнсацыі за тое, што публікаваў у сябе ў Твітэры розныя запісы пад нікнэймам spainbuca. Санчэс таксама распавёў, што ніколі не бываў на тэрыторыі Украіны і не працаваў авіядыспэтчарам, хоць у сацсетках пазначаў у якасьці свайго месца працы два міжнародныя авіяхолдынгі.

Месца катастрофы Боінга 777 у Данецкай вобласьці, 17 лютага 2014 году.
Месца катастрофы Боінга 777 у Данецкай вобласьці, 17 лютага 2014 году.

Хасэ Санчэс падкрэсьліў, што грошы ад RT ён атрымліваў задоўга да інтэрвію тэлеканалу, апублікаванага ў траўні 2014 года. У гэтым сюжэце яго назвалі «дыспэтчарам Карласам», які нібыта працаваў у аэрапорце Барыспаля і атрымліваў пагрозы за сваю антыўкраінскую пазыцыю. Прадстаўнікі RT адмаўляюць выплату ганарараў Санчэсу.

17 ліпеня 2014 году, у дзень гібелі MH-17, у Твітэры spainbuca зьявіўся запіс аб тым, што за тры хвіліны да зьнікненьня «Боінга» з экранаў радараў побач з ім праляцелі вайсковыя самалёты. Гэтую інфармацыю, напісаную «гішпанскім дыспэтчарам», распаўсюдзілі расейскія СМІ.

Самалёт малайзійскіх авіяліній быў зьбіты над Данбасам 17 ліпеня 2014 году. Загінулі ўсе 298 чалавек на борце. Міжнародная сьледчая група прыйшла да высновы, што самалёт зьбілі з зэнітна-ракетнага комплексу «Бук». Паводле вэрсіі сьледства, узбраеньне даставілі з Расеі. Ракету выпусьцілі з зоны, падкантрольнай сэпаратыстам на ўсходзе Ўкраіны. Пакуль не ўстаноўлена, ці быў напад іх ініцыятывай або яго каардынавалі расейскія вайскоўцы. Імёны падазраваных да гэтага часу не апублікаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG