У Маскоўскім раённым судзе Менску за ўдзел у зборы подпісаў за адкрыцьцё беларускамоўнага ўнівэрсытэту штрафам на 50 базавых велічынь (1125 рублёў) аштрафаваны актывіст «Маладога фронту» Ягор Сергіенка. Фармальна актывіста пакаралі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
13 сакавіка ў Менску пачаліся суды над актывістамі, якія 21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, зьбіралі подпісы ў падтрымку беларускай мовы.
Суд над блогерам Эдуардам Пальчысам, які таксама меў адбыцца ў Фрунзенскім раённым судзе Менску, адклалі. Судзьдзя Скуратовіч знайшла парушэньні ў дакумэнтах, якія міліцыянты склалі на актывіста, і адправіла справу на дапрацоўку.
Эдуард Пальчыс на разбор сваёй справы не зьявіўся.
Напярэдадні актывіст так камэнтаваў заведзеную на яго адміністрацыйную справу:
«Калі браць Канстытуцыю, гэта [права зьбіраць подпісы] нават не абмяркоўваецца. Але зразумела, што ў нас любяць падладжваць законы пад тое „як трэба“, таму ў нас на сход нават дзесяці чалавек трэба браць дазвол. Але паводле Канстытуцыі ёсьць права. Тым больш пытаць у некага дазвол, каб зьбіраць у Беларусі подпісы за беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, гэта неяк недарэчна», — сказаў Эдуард Пальчыс Праваабарончаму цэнтру «Вясна».
Пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве былі складзены таксама на актывістаў «Моладзі БНФ» Ганну Сьмілевіч, Дзяніса Мандзіка і Аляксандру Патапаву.
27 лютага лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў за адкрыцьцё беларускамоўнага ўнівэрсытэту.