Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогера Пальчыса выклікалі ў міліцыю за збор подпісаў за беларускую мову


Эдуард Пальчыс, архіўнае фота
Эдуард Пальчыс, архіўнае фота

Эдуард Пальчыс апублікаваў скрыншот SMS-«запрашэньня» ў міліцыю — выклікаюць таму, што ён зьбіраў подпісы ў падтрымку беларускай мовы і беларускамоўнай адукацыі.

Супраць Пальчыса распачалі адміністрацыйны працэс за парушэньне парадку арганізацыі масавага мерапрыемства, прычым паўторнае, за што пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (490–1225 рублёў) або адміністрацыйны арышт. Нядаўна яго завочна аштрафавалі на 735 рублёў за паход у барбэршоп «Чэкіст».

Раней у Беларусі ня раз штрафавалі зьбіральнікаў подпісаў — напрыклад, за бел-чырвона-белы сьцяг або за адстаўку міністра абароны.

Пальчыс абураецца тым, што збор подпісаў можа расцэньвацца як несанкцыянаванае мерапрыемства (тым больш разам зь ім подпісы зьбіраў толькі яшчэ адзін чалавек).

«Калі браць Канстытуцыю, гэта [права зьбіраць подпісы] нават не абмярковаецца, — разважае Пальчыс. — Але зразумела, што ў нас любяць падладжваць законы пад тое, „як трэба“, таму ў нас на сход нават 10 чалавек трэба браць дазвол. Але паводле Канстытуцыі ёсьць права. Тым больш пытаць у некага дазвол, каб зьбіраць у Беларусі подпісы за Беларускі нацыянальны ўнівэрсытэт, — гэта неяк недарэчна».

Збор подпісаў за беларускую мову ініцыяваў лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч. Ён перадаў у Міністэрства адукацыі больш за 2 тысячы подпісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG