1 сакавіка на працоўнай сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым Аляксандар Лукашэнка канстатаваў, што паміж Беларусьсю і Расеяй зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака, і адзначыў, што «без адказу такія рэчы не застануцца».
Свабода прыгадала 10 апошніх абмежаваньняў на пастаўкі малочнай і мясной прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у Расею.
Новая «малочная» вайна і яе ахвяры
26 лютага 2018 году «Рассельгаснагляд» паведаміў, што з 6 сакавіка ўводзіць «часовыя абмежаваньні» на пастаўку малочнай прадукцыі зь Беларусі. Гэта зьвязана зь неаднаразовымі фактамі парушэньняў беларускім бокам вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў Эўразійскага эканамічнага саюзу і Расейскай Фэдэрацыі.
31 студзеня 2018 году Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі беларускай кампаніі «Бабушкина крынка» на тэрыторыю Расеі. Падстава — выяўлены ў гэтай прадукцыі антыбактэрыйны прэпарат норфлаксацын.
4 жніўня 2017 году пад санкцыі Рассельгаснагляду трапіла прадукцыя беларускай кампаніі «Марозпрадукт» — з прычыны паўторнага выяўленьня ў харчах сьлядоў антыбіётыку лінкаміцыну.
25 ліпеня 2017 году забаранілі ўвоз у Расею мяса птушкі з прадпрыемства «Беларуснафта-Асобіна» (выяўлена рэшта прэпарату энрафляксацыну) і малочнай прадукцыі з Валожынскай філіі Маладэчанскага малочнага камбінату (знайшлі рэшткі лінкаміцыну ў сухім малацэ).
11 ліпеня 2017 году забаранілі пастаўляць у Расею прадукцыю Скідзельскай птушкафабрыкі (паўторнае выяўленьне ў мясе рэшткаў тылміказіну, энрафляксацыну і цыпрафляксацыну), ААТ «Александрыйскае» (паўторнае выяўленьне ў мясе рэшткаў энрафляксацыну), ААТ «Малочны сьвет» (паўторнае выяўленьне ў сухой малочнай сыроватцы рэшткаў лінкаміцыну),
4 ліпеня 2017 году часова забароненыя пастаўкі з Валожынскага філіялу Маладэчанскага малочнага камбінату — у сухім малацэ і малочнай сыроватцы выявілі рэшткі лінкаміцыну.
22 чэрвеня 2017 году часовая забарона на пастаўкі прадукцыі Лунінецкага малочнага заводу і браслаўскай філіі Глыбоцкага малочнакансэрвавага заводу праз «парушэньні вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў ЭАЭС»
19 траўня 2017 году Расея забараніла пастаўкі прадукцыі з шасьці прадпрыемстваў — Кобрынскага масларобна-сыраробнага заводу (паўторнае выяўленьне рэшткаў лінкаміцыну), Маладзечанскага малочнага камбінату (паўторнае выяўленьне кансэрванта натаміцыну (пімарыцын, дэльвацыд) — Е235), малочнай кампаніі «Наваградзкія дары» (паўторнае выяўленьне рэшткаў цыпрафлаксацыну), Пружанскага малочнага камбінату (паўторнае выяўленьне рэшткаў лінкаміцыну), Слуцкага сыраробнага камбінату і яго любанскага філіялу (паўторнае выяўленьне рэшткаў лінкаміцыну, цыпрафляксацыну і цілазіну).
6 лютага 2017 году пачалі дзейнічаць часовыя абмежаваньні на пастаўкі прадукцыі найбуйнейшага на Магілёўшчыне вытворцы мяса птушкі — філіялу «Сэрвалюкс-Агра» з прычыны неаднаразовага парушэньня мікрабіялягічных паказчыкаў.
З таго ж дня, 6 лютага 2017 году, былі ўведзены часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці Беларусі. Падставай для гэтага стала «наяўнасьць на тэрыторыі Менскай вобласьці Беларусі махлярскіх схем з пастаўкамі ў Расею ўкраінскай і эўрапейскай мясной сыравіны, якая выдаецца за беларускую».