Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Без адказу такія рэчы не застануцца», — Лукашэнка аб прэтэнзіях Расеі да беларускага малака


Ілюстрацыйнае фота. Карова, якую падаравалі Лукашэнку падчас візыту на фэрму сельгаспрадпрыемства «Савушкіна» ў Маларыцкім раёне на Берасьцейшчыне
Ілюстрацыйнае фота. Карова, якую падаравалі Лукашэнку падчас візыту на фэрму сельгаспрадпрыемства «Савушкіна» ў Маларыцкім раёне на Берасьцейшчыне

Аляксандар Лукашэнка 1 сакавіка абмеркаваў падчас рабочай сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым праблемныя пытаньні паставак беларускага малака ў Расею, паведамляе БЕЛТА.

Ён канстатаваў, што паміж Беларусьсю і Расеяй зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака і адзначыў, што Русаму быдло даручана разабрацца ў гэтым пытаньні.

«Без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта ня будзем. Таму што мяне спэцслужбы інфармуюць, што завезьлі з Новай Зэляндыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), зьявіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако», — сказаў Лукашэнка.

«Мы ім аддамо сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай людзям павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб’еліся новазэляндскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэтае пытаньне», — дадаў ён.

Рассельгаснагляд Расеі забараніў увоз зь Беларусі малака, вяршкоў ды іншай малочнай прадукцыі з 26 лютага «з прычыны выяўленьня забароненых і шкодных рэчываў». Пазьней, па выніках расейска-беларускіх перамоваў у Маскве, на якіх ад беларускага боку ўдзельнічалі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц, тэрмін дзеяньня забароны быў перанесены на 6 сакавіка.

Згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь зьяўляецца асноўным пастаўшчыком малака ў Расею і штогод зарабляе на яго экспарце больш за 3 мільярды даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG