Гігант нафтаіндустрыі амэрыканская кампанія Exxon Mobil закрывае сумесныя геолагавыведныя праекты з «Роснефтью». Да ўвядзеньня заходніх санкцый кампанія лічыла іх найбольш пэрспэктыўнымі ў сваім інвэстыцыйным партфэлі.
Неўзабаве пасьля прыходу да ўлады адміністрацыі Абамы Exxon Mobil па дамоўленасьці з «Роснефтью» ўклала больш за тры мільярды даляраў у выведку глыбакаводных радовішчаў нафты ў Арктыцы і іншых рэгіёнах. Санкцыі, уведзеныя да Расеі за анэксію Крыму і агрэсію на ўсходзе Ўкраіны, вельмі ўскладняюць супрацоўніцтва абедзьвюх кампаній. Рашэньне згарнуць яго Exxon Mobil прыняла яшчэ летась. Страты кампаніі ў сувязі з выхадам з сумесных праектаў складуць 200 мільёнаў даляраў.
Як заявіў вядучы спэцыяліст па энэргетыцы ў адміністрацыі Абамы Дэвід Голдвін, «Exxon Mobil прыйшла да высновы, што санкцыі ў агляднай будучыні не адменяць і не аслабяць, і, паколькі бізнэс з Расеяй выклікае моцную незадаволенасьць у палітычных колах Амэрыкі, кіраўніцтва фірмы палічыла за шчасьце трымацца далей ад любых формаў дзелавой актыўнасьці, якія трапілі пад абмежаваньні».
Санкцыйны рэжым, аднак, не перашкаджае сумеснай працы Exxon Mobil і «Роснефти» ў іншых кірунках. У прыватнасьці, здабыча газу на Сахаліне, якую амэрыканская кампанія вядзе ўжо амаль чвэрць стагодзьдзя, будзе працягвацца.