Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму БелТА і «Беларусь-24» трансьлітаруюць геаграфічныя назвы з расейскай мовы


Шыльды ў Горадні
Шыльды ў Горадні

Дзяржкамітэт маёмасьці запатрабаваў, каб дзяржаўныя інфармагенцтва БелТА і тэлеканал «Беларусь-24» трансьлітаравалі геаграфічныя назвы зь беларускай, а не расейскай мовы. Свабода высьветліла, ці варта чакаць пераменаў.

Паводле Дзяржкаммаёмасьці, «каб пазьбегнуць канфліктных сытуацый», гэтыя афіцыйныя мэдыя павінны выкарыстоўваць нацыянальную сыстэму раманізацыі геаграфічных назваў. Яна вызначана Інструкцыяй па трансьлітарацыі геаграфічных назваў літарамі лацінскага альфабэту, зацьверджанай у 2000 годзе пастановай Дзяржкамітэту зямельных рэсурсаў, геадэзіі і картаграфіі.

Пра гэта паведамляецца ў адказе намесьніка старшыні Дзяржкамітэту маёмасьці Аляксандра Літрэева на запыт менчука Максіма Ляшко.

«Наконт дзяржаўных СМІ ў мяне ёсьць сумнеў»

Максім Ляшко патлумачыў карэспандэнту Свабоды, што накіраваў запыты ў БелТА і тэлеканал «Беларусь 24», бо яны выкарыстоўваюць трансьлітарацыю геаграфічных назваў Беларусі з расейскай мовы.

«З абодвух месцаў прыйшлі адказы, што на ангельскую мову яны перакладаюць артыкулы з расейскай, таму ім так больш зручна і яны будуць працягваць такую практыку, — расказвае Максім Ляшко. — Давялося зьвярнуцца ў Дзяржаўны камітэт маёмасьці (менавіта ён адказвае за выкананьне інструкцыі). Паводле адказу адтуль, яны накіравалі лісты ў БелТА і „Беларусь 24“ з тлумачэньнем пра неабходнасьць выкарыстаньня нацыянальнай сыстэмы трансьлітарацыі. Але ў мяне ёсьць вялікі сумнеў, што дзяржаўныя СМІ вось так проста пяройдуць на гэтую сыстэму».

Паводле Максіма Ляшко, пра Інструкцыю па трансьлітарацыі, якая дзейнічае з 2000 году, чыноўнікі ўспомнілі перад чэмпіянатам сьвету па хакеі ў 2014 годзе. У 2013 годзе яна была рэкамэндаваная ААН для міжнароднай сыстэмы раманізацыі беларускіх геаграфічных назваў.

«Але і тады выконвалі інструкцыю ня ўсе. Так, напрыклад, Менсктранс дадаў у электронным табло на прыпынках іх трансьлітараваныя назвы, але трансьлітарацыя была з расейскай мовы. Пасьля майго звароту яна была зьмененая на афіцыйную паводле Інструкцыі. Праўда, пасьля чэмпіянату сьвету трансьлітараваныя назвы прыбралі (цяпер там назвы па-беларуску і па-расейску, раней было па-расейску і лацінкай)».

Максім Ляшко кажа пра яшчэ адзін посьпех у барацьбе за выкананьне Інструкцыі па трансьлітарацыі геаграфічных назваў. Пасьля яго звароту Беларуская чыгунка памяняла шыльды на чыгуначнай станцыі Лошыца (што ў Менску) з Loshitsa на Lošyca.

«Увосень убачыў навіну пра тэставы турыстычны стэнд у Горадні, але на фота было відаць, што ўся інфармацыя па-расейску і трансьлітаруецца таксама з расейскай. Прыйшлося пісаць у Дзяркамітэт маёмасьці, каб тыя праінструктавалі Горадзенскі выканкам пра заканадаўства ў сфэры трансьлітарацыі. У выніку ў Горадні адказалі, што гэта быў толькі тэставы стэнд, а далейшыя будуць адпавядаць заканадаўству».

Таксама дзякуючы запыту Максіма Ляшко Менскі мэтрапалітэн паабяцаў пераагучыць англамоўную абвестку на станцыі «Плошча Леніна».

«Цяпер яна гучыць наступным чынам: „Plošča Lienina station, exit to the Railway station and Independence Square“. Independence Square — гэта пераклад тапоніма, што ўвогуле недапушчальна. Быў атрыманы адказ, што Independence Square будзе пераагучана на Plošča Niezaliežnasci», — кажа Максім Ляшко.

«Мы ня можам за ўсім сачыць і кантраляваць»

Кансультант упраўленьня геадэзіі і картаграфіі Ірына Бародзіч сказала карэспандэнту Свабоды, што Дзяржкамітэт маёмасьці рэагуе на парушэньні Інструкцыі часьцей за ўсё пасьля зваротаў грамадзян.

«Бо мы ня можам за ўсім сачыць і кантраляваць, дзе і як што пішацца. У нас няма паўнамоцтваў недзе хадзіць і правяраць. Грамадзяне больш пільныя, у іх рознабаковыя інтарэсы і, калі недзе яны бачаць недакладнасьці, то зьвяртаюцца да нас».

Паводле Ірыны Бародзіч, апошнім часам звароты грамадзян сталі больш частыя. Ад пачатку гэтага году дзяржкамітэт атрымаў ужо два звароты, і яны тычацца няправільнага адлюстраваньня геаграфічных назваў.

— Якія вы маеце рычагі ўплыву на дзяржорганы?

— Напісаць ліст, указаць нарматыўны прававы акт, якім гэта рэгулюецца і сказаць, што ён абавязковы для прымяненьня. Усё.

— Гэта значыць, вы ня сочыце, ці выканана ваша патрабаваньне?

— Не. Мы толькі ўказваем. Мы пішам наўпрост парушальнікам. Яны могуць нам адказаць, а могуць і не. Але я думаю, што і БелТА, і «Беларусь-24» адрэагуюць.

Што кажуць самі БелТА і «Беларусь-24»?

Першы намесьнік гендырэктара БелТа Аксана Кірыльчык папрасіла карэспандэнта Свабоды патэлефанаваць пазьней па гэтым пытаньні. Прадстаўніца Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятлана Краскоўская-Смалонская параіла сачыць за навінамі.

«Вы нас крыху апярэдзілі з гэтымі пытаньнямі наконт трансьлітарацыі геаграфічных назваў і прозьвішчаў, бо мы якраз працуем у гэтым кірунку. І неўзабаве вы зможаце пабачыць вынікі нашай працы».

Пакуль на англамоўных вэрсіях сайтаў БелТА і «Беларусь-24» нічога не памянялася.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG