Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алімпійцы ў пагонах і цяжар калектыўнага сораму


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Магу сабе ўявіць шок заходняга журналіста, калі ён дазнаецца, што беларускія біятляністкі носяць пагоны КГБ. Таму артыкул «The Guardiаn» з загалоўкам пра тое, што алімпійская прызёрка Дар'я Домрачава — былая службоўка КГБ, у мяне зьдзіву ня выклікаў.

Па-першае, назва KGB на Захадзе ўспрымаецца так, як і мусіць успрымацца — як сынонім пекла. Па-другое, сам факт пагонаў на алімпійцах. Узьнікае нармальнае пытаньне: навошта спартоўцу пагоны? А яны на Захадзе яшчэ ня ведаюць, колькі ў нас у Беларусі міліцыянтаў і вайсковых бяруць удзел у міжнародных спаборніцтвах!

Мы ж з вамі ўсё разумеем. Што гэта фармальнасьць. Што так гістарычна склалася. Што пагоны ўрэшце — гарантыя лепшай пэнсіі, чым у астатніх спартоўцаў. Чаму лепшай? Так склалася. Гістарычна. Бонус такі. Чаго чапляцца? Галоўнае ж — у спорце.

Але журналіст «The Guardiаn» забыўся пра спорт, бо ў сыстэме каардынат ягонай часткі сьвету такога быць ня можа. Ня можа быць публічнага спартовага клюбу ЦРУ ці Мі-6. Так склалася гістарычна. А беларусы крыўдзяцца, што «The Guardiаn» забылася на залаты мэдаль і пачала разводзіць абы што на голым месцы.

Нядаўна пэдагог Ганна Севярынец даводзіла, што нельга ўсіх настаўнікаў запісваць у фальсыфікатары на выбарах, бо ёсьць і чэсныя работнікі школ. Так і беларусам даводзіцца апраўдвацца, што ня ўсе ў нас лукашысты, кагэбісты і наагул што ёсьць у нас шмат чаго пазытыўнага ў краіне.

Сорам. Важнае слова для разуменьня сытуацыі і з настаўнікамі і са спартоўцамі ў пагонах. Мне заўжды было сорамна, што ў Беларусі такі прэзыдэнт як Лукашэнка: нявыхаваны і аўтарытарны. Перад людзьмі сорамна. За мяжой. А яшчэ больш сорамна, што ён прыйшоў да ўлады легітымна. Самі ж і абралі. Сваім жа збольшага ня сорамна. Каму добра, большасьці абыякава. Ці ўжо ня большасьці? Не падлічыш, праўду сказаць пабаяцца.

Прыяжджаеш на культурны фэстываль ці канфэрэнцыю, і абавязкова пачуеш: «Ну, як там ваш Лукашэнка?». Ты з высокімі матэрыямі прыехаў, а мусіш адказваць на іншую тэму, прыземленую. Адказваць не за свае грахі. Мусіш, бо твая краіна.

Мусіш тлумачыць, што ня ўсе за Лукашэнку галасавалі, і цяпер яшчэ менш падтрымліваюць, чым у 1994 годзе. Але што ўжо зробіш. Як ёсьць, так ёсьць. Затое давайце я вам раскажу пра цудоўныя культурныя праекты, якія рэалізоўваюцца, ня гледзячы ні на што.

Саромеемся і апраўдваемся. І робім, што можам.

А «The Guardiаn»... «The Guardiаn» хайпанула на чужой бядзе!

Сфармуляваў, і стала менш сорамна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG