Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У выбарчым законапраекце дэпутаткі Канапацкай знайшлі супярэчаньні з Канстытуцыяй


Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

Дэпутатка Ганна Канапацкая 23 лютага сказала Свабодзе, што атрымала адказ з Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў, куды яна накіроўвала на экспэртызу законапраект аб зьменах выбарчага заканадаўства.

«Зь ліста вынікае, што ў дакумэнце ёсьць некалькі палажэньняў, якія нібыта супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таму на наступным тыдні буду зьбіраць працоўную групу і высьвятляць, што там ня тое. Хацелі сабрацца раней, але апошнім часам усе былі занятыя выбарчай кампаніяй».

Канапацкая зьдзіўленая і тым, што ў адказе Нацыянальнага цэнтру напісана, што ніхто з субʼектаў выбарчага права не падтрымлівае ініцыятыву аб зьмяненьні выбарчага заканадаўства:

«Дзіўна, бо старшыня Цэнтравыбаркаму не аднойчы гаворыць, што ўжо болей за год існуюць прапановы аб зьмяненьнях і дапаўненьнях у Выбарчы кодэкс».

Паводле дзейнага заканадаўства кожны дэпутат мае права выносіць свой законапраект на разгляд калегаў па Палаце прадстаўнікоў. Аднак абавязковая ўмова такой ініцыятывы — прыкласьці да дакумэнту афіцыйныя заключэньні так званых «усіх зацікаўленых» і экспэртызу Нацыянальнага цэнтру заканадаўства і прававых дасьледаваньняў.

«Я хачу выканаць абсалютна ўсе фармальныя працэдуры, каб у Палаты прадстаўнікоў не было працэсуальных падстаў мне адмовіць у разглядзе майго законапраекту», — кажа суразмоўніца.

У прапановах Канапацкай тры галоўныя пункты: фармаваньне выбарчых камісій, рэглямэнтацыя датэрміновага галасаваньня і падлік галасоў.

У прыватнасьці, прапануецца, каб патэнцыйны кандыдат ад палітычнай партыі атрымаў права ўводзіць сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій. Датэрміновае галасаваньне скарачаецца зь цяперашніх пяці да двух дзён. Падлік бюлетэняў праводзіцца з абавязковым паказваньнем кожнага ўсім сябрам камісіі і абвяшчэньнем выніку ўголас.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG