Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анісім: Некаторыя ва ўладзе гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю


Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім. Яна адказвае на пытаньне, ці не расчаравалася ў выніках сваёй дэпутацкай працы, тлумачыць, ці падтрымліваюць яе чыноўнікі ды іншыя дэпутаты ў пытаньні пашырэньня беларускай мовы, і заяўляе, што існуе ўстаноўка блякаваць назву Нацыянальнага ўнівэрсытэту.​

«Беларуская мова падвышае ўзровень нацыянальнай бясьпекі»

— Якія пачуцьці пераважаюць у вас пасьля паўтара года працы ў Палаце прадстаўнікоў? Няма адчуваньня, што вы чакалі трошкі іншага? Няма адчуваньня, што вы бʼяцеся аб нейкую нябачную сьцяну? Ці бываюць моманты аптымізму і задавальненьня ад вынікаў?

— У значнай ступені я адчуваю больш аптымізму, чым расчараваньня. З той простай прычыны, што дэпутацкая дзейнасьць у значнай ступені палягае ў кантактах зь людзьмі — з розных слаёў і сфэраў грамадзтва. Калі сутыкаесься зь людзьмі пазытыўнымі і актыўнымі (а я бачу, што з кожным днём актыўнасьць людзей падвышаецца) — гэта дае ўсьведамленьне, што ты працуеш не дарэмна. У тым ліку калі дзякуючы размовам, сустрэчам з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў улады дамагаесься нейкіх канкрэтных крокаў у паляпшэньні жыцьця людзей.

Хаця час ад часу, як, напрыклад, з узгадненьнем назвы нацыянальнага ўнівэрсытэту ці з заканадаўствам па-беларуску — я сустракаюся з сурʼёзнымі праблемамі. Таму я разумею адно — трэба працаваць, і чым больш працуеш, тым лепшы будзе вынік.

— Вы казалі пра сустрэчы зь людзьмі, але давайце пагаворым больш канкрэтна пра вашых калегаў — дэпутатаў. Вы калісьці казалі, што ў кулюарах, у буфэце, вобразна кажучы, многія дэпутаты вас падтрымліваюць. Выступаюць за тыя прапановы, якія вы вылучаеце. Але ці не выходзіць так, што гэтая падтрымка толькі буфэтам і заканчваецца?

— Часам яна так і застаецца дэкляратыўнай. Мы ж разумеем, што людзі прыйшлі ў Палату з рознымі перакананьнямі. Для кагосьці свабоднае ўжываньне беларускай мовы ў розных сфэрах не зьяўляецца прыярытэтам. Людзі калісьці перайшлі на расейскую мову, і яна іх адна задавальняе. Таму ёсьць такія дэпутаты, якія мяне не падтрымаюць.

Але ёсьць і тыя, хто перажывае за лёс культуры, мовы. Бо яны разумеюць, што беларуская мова — гэта элемэнт, які ўмацоўвае нашу нацыянальную ідэнтычнасьць, нашу дзяржаўнасьць і незалежнасьць, і падвышае ўзровень нацыянальнай бясьпекі. Я працую над тым, каб людзі разумелі ролю беларускай мовы, і працую дзеля таго моманту, калі гэта будзе падтрымана большасьцю дэпутатаў. Я ў гэтым не сумняюся.

— Гэта сьветлая будучыня, а пакуль дэпутаты і юрыдычныя парлямэнцкія структуры не ідуць вам насустрач у справе беларусізацыі заканадаўства. Ад былых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў я чуў, што ўлады фактычна ніколі не падтрымліваюць прапановы, якія патрабуюць дадатковага фінансаваньня. Можа, вашы намаганьні па прыняцьці заканадаўства на дзьвюх дзяржаўных мовах не падтрымліваюць толькі з гэтай банальнай фінансавай прычыны?

— Гэта ідзе перш за ўсё ад неразуменьня таго, навошта гэта трэба рабіць. Калі мы паставім пытаньне ў іншым ракурсе і патлумачым, што гэта ня толькі канстытуцыйнае права, а гэта трэба разглядаць як інвэстыцыі ва ўмацаваньне дзяржаўнасьці, незалежнасьці, нацыянальнай бясьпекі, і калі мы пад гэтым ракурсам паглядзім на пашырэньне беларускай мовы, то мы зразумеем, што гэта інвэстыцыі ў будучыню.

«Зададзены зьверху трэнд паважных адносінаў да чалавека»

— У нядаўнім інтэрвію Валер Варанецкі, былы дыплямат, а цяпер старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў, намаляваў даволі аптымістычную карціну. Маўляў, большасьць чыноўнікаў патрыёты і падтрымліваюць нацыянальныя каштоўнасьці. Вы падзяляеце такі погляд?

— Цалкам падзяляю. У большасьці сваёй чыноўнікі — гэта людзі, якія сябе сфармавалі і зрабілі карʼеру ў Беларусі. І яны даражаць тым посьпехам, якога дасягнулі. Тут і праяўляецца, хто з чыноўнікаў — сапраўдны дзяржаўны чыноўнік, а хто працуе супраць Беларусі. Я лічу, што абсалютная большасьць чыноўнікаў — гэта беларускія патрыёты.

Зразумела, што не заўсёды на месцах яны адкрытыя да людзей, але ў тым і задача зараз — павярнуць іх да людзей, каб зададзены зьверху трэнд паважных адносінаў да чалавека запанаваў у краіне. Тады людзі пачнуць цаніць больш тое, што мы маем сваю краіну.

Я лічу, што абсалютная большасьць чыноўнікаў — гэта беларускія патрыёты

— Вы сказалі такую фразу, якую я адразу занатаваў у галаве — «зададзены зьверху трэнд паважных адносінаў да чалавека». Я думаю, у гэтым месцы многія захочуць з вамі паспрачацца. Мяркую, што многія людзі з апазыцыйнымі і нацыянальна арыентаванымі поглядамі такога трэнду ніяк ня бачаць.

— Я кажу пра трэнд, які зададзены з самага верху. Было агучана — «улічвайце патрэбы людзей, прыслухоўвайцеся да таго, што іх хвалюе». Таму нашая задача, каб гэты вэктар выконваўся. Задача дэпутатаў — гаварыць пра тыя праблемы, якія ёсьць, і спрабаваць знайсьці іх вырашэньне.

Прыхільнікі «русского мира» ў нас ёсьць

— А з вашых назіраньняў, ці ёсьць ва ўладзе, умоўна кажучы, дзьве фракцыі — прарасейская і прабеларуская? Ці гэта сапраўды існуе на ўзроўні нейкіх зьяднаных ідэалёгіяй груповак, ці гэта зручны для грамадзтва міт?

— Такі падзел ёсьць. Іншая справа, я ня ведаю, наколькі ён згрупаваны, зьяднаны і скансалідаваны. Прыхільнікі «русского мира» ў нас ёсьць. Але праблема ня ў тым, што людзі аддаюць даніну павагі чужой краіне. Праблема ў тым, што людзі гатовыя служыць чужой краіне, але не гатовыя працаваць на сваю краіну. Гэта асноўная праблема, якая ёсьць ня толькі ў дзяржаўных органах улады, але і ў грамадзтве.

— Прыватны чалавек мае права мець розныя падыходы. Але калі, напрыклад, дзяржаўны чыноўнік, як вы кажаце, «гатовы служыць чужой краіне» — няўжо няма ніякіх мэханізмаў, каб яго зьняць зь ягонай пасады?

— Мэханізмы павінны быць. Напрыклад, у заканадаўстве Расеі прадугледжана адказнасьць, калі чалавек выказваецца супраць дзяржаўнасьці. У нас у гэтым пляне ў заканадаўстве ёсьць пэўны прабел. Таму тут трэба падумаць, бо ўмацаваньне дзяржаўнасьці павінна адбывацца і на заканадаўчым узроўні.

Што тычыцца «зьняць з пасады» — дык тут гэты чыноўнік павінен зрабіць нейкія такія дзеяньні, каб былі падставы яго адхіліць, паставіць пад сумнеў выкананьне ім службовых абавязкаў. Але гэтыя тэндэнцыі падрыхтаваныя існаваньнем «саюзнай дзяржавы», ЭўрАзЭС. Людзі не да канца разумеюць сутнасьць гэтых утварэньняў і паддаюцца на хісткія нюансы, што датычыць дзяржаўнасьці.

«Ёсьць, відаць, устаноўка блякаваць назву ўнівэрсытэту»

— Ваша імя таксама зьвязваецца ў грамадзкай думцы са стварэньнем Нацыянальнага ўнівэрсытэту. Вы на пачатку размовы ўзгадалі, што часам не знаходзіце агульнай мовы з чыноўнікамі нават па назьве гэтага ўнівэрсытэту. У якой стадыі цяпер гэтая ідэя?

— Ідэя знаходзіцца на стадыі практычнага ўвасабленьня. Але ёсьць, відаць, устаноўка блякаваць на гэтым этапе назву ўнівэрсытэту.

— Якая назва не падабаецца?

— Практычна ўсе назвы адхіляюцца паводле адной стандартнай фармулёўкі. Першае, што мы падавалі — «Альбарутэнія» — заблякавалі, бо ёсьць фірма ў Воршы і яшчэ нейкае таварыства з такой назвай. І таму, маўляў, унівэрсытэт ня можа рэгістравацца з такой назвай, бо трэба ўзгадняць з гэтымі фірмамі. Другая назва ў нас была — «Альбарутэніка». Але нам сказалі, што яна сугучная, і адмовілі ва ўзгадненьні і гэтай назвы. І на іншыя нашы прапановы ішоў адказ, што гэта сугучна, што гэта зарэгістравана ў рэестры. Між тым там можа быць зарэгістравана 15 фірмаў з сугучнымі назвамі.

Таму мы разглядаем гэтыя падыходы Менскай управы юстыцыі так, што гэта проста адгаворка, адпіска, каб ня даць нам рухацца далей. Але я думаю, мы гэтую сьцяну пераадолеем, прабʼем, мы не зьбіраемся спыняцца. І дабʼемся ўзгадненьня назвы.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG