Галавой відэаапэратара Белсату Андрэя Козела міліцыянты вынесьлі дзьверы выбарчага ўчастку, далі журналісту па рэбрах, зламалі палец і ў судзе выступаюць як сьведкі.
Справа звыклая, як, на жаль, і працяг яе ў судзе. Паводле паказаньняў міліцыянта, Козел сам абрынуўся на падлогу й сам біўся аб яе галавой. Гэта ўжо даўно не эксклюзіў. Было ўжо і ў выпадку з Алесем Лагвінцом, які, паводле мянтоў, сам біўся галавой аб міліцэйскую машыну, і з глуханямымі, якія гучна крылі міліцыянтаў матам, і г.д.
Сядзіць такі міліцыянт у судзе і па ягоным твары заўважна, што ён напружаны, што мае злосьць на гэтага журналіста, які зараз яго здымае, і на таго, супраць якога будзе «сьведчыць», і, здаецца, сам на сябе. Але таксама відавочна, што ў гэты момант гэты малады й злы міліцыянт хацеў бы схавацца ад аб'ектыву камэры.
Здаецца чаму? Ты ведаеш, што будзеш беспакараны, што табе, пэўна, дадуць прэмію, што, магчыма, нават падвысяць па службе. Але прага схавацца не адпускае, як не адпускае яна судзьдзю, што выносіць абсалютна несправядлівы й паскудны прысуд, як трымае яна старшыню выбарчай камісіі, якога застукалі за махінацыямі зь бюлетэнямі. Гэтая прага схавацца ад аб'ектыву кажа, што людзям яшчэ не ўсё роўна. Прынамсі пакуль.
Ня ведаю, ці магчымае будучае пакараньне за саўдзел у злачынстве, ці не да рэшты выразанае сумленьне, ці проста адсутнасьць такога досьведу прымушае гэтых людзей хацець схавацца.
Я шмат думаў над праблемай удзелу ці няўдзелу ў гэтым выбарчым фарсе, і асабіста не хадзіў ні на якія выбарчыя ўчасткі галасаваць. Мне сьмешна, калі свой удзел у такіх выбарах абгрунтоўваюць тым, што можна неяк пралезьці ў гэтую ўладу й там яе знутры расхістаць. Мне сьмешна, таму што такога ня будзе. Калі ты пралез, ты заплаціш свой рахунак, і чым вышэй залез, тым большы ён будзе.
Як па мне, адзінай сапраўднай прычынай удзелу ёсьць назіраньне й выяўленьне такіх памагатых, як гэты мент, судзьдзя, старшыня ці чалец выбарчай камісіі, зафіксаваны як дакумэнт.
Рукапісы не гараць, кропля камень точыць, дзе тонка там парвецца. Такі закон прыроды.
Будуць яны пры пасадах, на пэнсіі, у казачным падарожжы ці дома ў ложку, закон прыроды працуе. Кожны шкілет у іхнай шафе будзе палічаны. Зрэшты, як і ў кожнага з нас, толькі яны знаходзяцца ў зоне большае спакусы і, адпаведна, большай адказнасьці, таму што маюць уладу.
Наіўна думаць, што можна абскакаць лёс, бо пра твае шкілеты, нават калі хочаш уцячы ці забыцца на іх, лёс тым ці іншым чынам табе нагадае. Часам, калі надта позна, і тады на твой твар кладзецца камень.
Лідзія Ярмошына даўно не хаваецца ад аб'ектываў, дый чыста па-чалавечы яе можна зразумець, а які ўжо сэнс? На яе твары напісана ўсё: што яна пражыла цяжкае жыцьцё, што даўно зрабіла свой выбар і што за гэты выбар заплочана ўласным лёсам. Таксама там напісаная адсутнасьць надзеі. І гэта, мне падаецца, зусім ня тая адсутнасьць надзеі, пра якую часам пішуць дэпрэсіўныя пасты ў фэйсбуку ці на старонках незалежнай прэсы змрочныя й расчараваныя прыхільнікі эўрапейскага выбару краіны. Гэта нашмат глыбей, і менавіта гэтае «глыбей» страшыць і таго мянта, і судзьдзю, і цётак настаўніц, што махлююць на выбарах. І менавіта ад гэтага яны прагнуць схавацца, бо ніхто зь іх ня хоча лёсу Лідзіі Ярмошынай.
Ніхто з іх ня хоча канчаткова згубіць надзею.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.