Працэс будаўніцтва Беларускай АЭС перайшоў у актыўную стадыю мантажу абсталяваньня і правядзеньня пусканаладачных работ, паведаміў намесьнік міністра энэргетыкі Міхаіл Міхадзюк 21 лютага ў Астраўцы на прэс-канфэрэнцыі перад пачаткам выніковай калегіі Міністэрства энэргетыкі.
Паводле чыноўніка, у кожнага беларускага і расейскага субпадрадчыка будаўніцтва ёсьць узгодненыя памесячныя пляны работ. Цяпер на пляцоўцы працуе 6 тысяч чалавек, і колькасьць пэрсаналу будзе расьці «ў адпаведнасьці з графікам намечаных работ», паведамляе БелаПАН.
«Кіраўніцтва станцыі, генпадрадчык, галіновыя міністэрствы, у тым ліку Мінэнэрга, штотыдзень праводзяць апэратыўныя штабы, — сказаў намесьнік міністра энэргетыкі. — На іх мы глядзім, як ідзе рэалізацыя праекта, уносім неабходныя папраўкі. Сёньня практычна вырашаны пытаньні праектнай дакумэнтацыі, ідзе карэктаваньне мясцовага значэньня. Цалкам вырашаны пытаньні фінансаваньня, застаецца працаваць».
«Галоўнай нашай мэтай зьяўляецца гарантаваньне бясьпекі станцыі, таму мы вельмі жорстка кантралюем выкананьне будаўнічых, мантажных работ, не дапускаем ніякіх адхіленьняў ад праектнай дакумэнтацыі. Арганізаваны строгі кантроль па ўсіх прыступках кантролю, прапісаным у плянах якасьці. Вядзецца жорсткі кантроль абсталяваньня на заводах-вытворцах», — дадаў Міхадзюк.
«Пасьля зваркі трубаправодаў і тэхналягічных сыстэм мы прамываем іх хімічна абяссоленай вадой. Пасьля гэтай прамываньня пройдуць гідравыпрабаваньні, гарачая абкатка, прамываньне сыстэм. Гэтыя тэхналягічныя апэрацыі мы павінны выканаць, каб у лютым 2019 году выйсьці на фізычны пуск ядзернай устаноўкі», — растлумачыў намесьнік кіраўніка Мінэнэрга.
Паводле дадзеных прэс-службы Міністэрства энэргетыкі, у будаўніцтве БелАЭС сёньня задзейнічаны 23 беларускія і 18 расейскіх падрадных арганізацый. На гэты момант заліта 1,081 млн кубамэтраў бэтону і змантавана 144 тысячы тон арматуры — па 91% ад закладзеных у праекце аб’ёмаў.
У Эўракамісіі ёсьць каля 500 пытаньняў да нацыянальнага дакладу па стрэс-тэстах БелАЭС, Менск рыхтуе адказы
Эўракамісія падрыхтавала каля 500 пытаньняў да нацыянальнага дакладу Беларусі па праведзеных на БелАЭС стрэс-тэстах, паведаміў Міхаіл Міхадзюк.
«Еўракамісія стварыла групу спэцыялістаў з рэгулюючых органаў краінаў Эўразьвязу, і цяпер вывучае даклад. У адпаведнасьці зь рэглямэнтам работы гэтай групы, яны сфармавалі каля 500 пытаньняў — гэта нармальная практыка, такую працэдуру праходзілі і іншыя краіны», — сказаў Міхадзюк журналістам, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс».
Паводле яго, цяпер рыхтуюцца адказы на гэтыя пытаньні, у сакавіку Беларусь чакае прыезду 22-х прадстаўнікоў рэгулюючых органаў у галіне атамнай энэргетыкі з 17 краінаў.
***
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расеі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 году. Увод у эксплюатацыю першага энергаблёка заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.