Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь адмаўляецца ад расейскай электраэнэргіі ўжо з 2018 году


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадпрыемства «Белэнэрга» дамовілася з расейскай кампаніяй «Интер РАО», што ў 2018 годзе ня будзе імпартаваць электраэнэргію з Расеі.

«Мы правялі перамовы і вызначылі ўсе дамоўленасьці, у тым ліку па цане. Але ва ўмовах эканамічнай мэтазгоднасьці вырашылі ня браць электраэнэргію, і яны пра гэта ведаюць», — пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў генэральны дырэктар Яўген Воранаў.

Заслуга мадэрнізацыі

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што адмова ад імпарту — «звычайны працэс, ніякай сэнсацыі ў гэтым няма». Па яго словах, зь «Интер РАО» застаецца «гнуткая сыстэма ўзаемаадносінаў».

«Калі нам будзе неабходна, мы зможам купляць электраэнэргію, а калі спатрэбіцца ім — зможам яе прадаваць», — цытуе кіраўніка «Белэнэрга» БелаПАН.

Паводле Воранава, беларуская энэргасыстэма прайшла актыўную мадэрнізацыю, што дазволіла выгадна вырабляць электраэнэргію і прадаваць яе ўнутры краіны. І гэты факт — адмову ад імпарту з Расеі — трэба ўспрымаць як звычайны працоўны момант.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч пацьвердзіў, што сапраўды вырашана ня браць электраэнэргію звонку.

«Калі ёсьць эканамічная мэтазгоднасьць, то на ўзроўні суб’ектаў гаспадараньня можа быць прынятае адпаведнае рашэньне і вызначаныя аб’ёмы імпарту», — сказаў чыноўнік.

Праблема прафіцыту

Напярэдадні намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка паведаміў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, што цалкам адмовіцца ад імпарту электраэнэргіі Беларусь плянуе ў 2020 годзе, калі будзе ўведзена ў строй Беларуская АЭС.

Аднак на тым жа паседжаньні міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык быў настроены больш рашуча, заявіўшы, што ўжо ад 2018 году Беларусь адмовіцца ад імпарту электраэнэргіі.

«Мы прыйшлі да высновы, што па тых цэнах, па якіх Расея сёньня прапануе нам электраэнэргію, мы яе закупляць ня будзем. Будзем замяшчаць уласнай выпрацоўкай. Ад 2018-га цалкам адмаўляемся ад імпарту электраэнэргіі», — сказаў Патупчык.

Ён дадаў, што пасьля ўводу Беларускай АЭС у краіне зьявіцца прафіцыт электраэнэргіі, таму шукаюцца шляхі, якія дазволяць падвысіць электраспажываньне ў краіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG