Паведамленьні з Пхёнчхану для многіх у Беларусі гучаць, як драматычныя зводкі першых дзён Вялікай Айчыннай вайны: чакалі пераможных рэляцый, а тут ужо каторы дзень замест мэдалёў — адны няўдачы.
Расчараваныя заўзятары жорстка лаюць на форумах і ўладу, і спартоўцаў, і трэнэраў: краіна аддае ім апошняе, каб забясьпечыць усім неабходным; за мэдалі беларускім алімпійцам прызначылі прэміяльныя вышэйшыя, чым у ЗША ці Нямеччыне, а яны.... Тэлевізійныя начальнікі засоўваюць невясёлыя для беларусаў зьвесткі з Карэі глыбей у канец выпускаў навінаў. Галоўнае начальства пакуль толькі пагрозьліва маўчыць, але няцяжка ўявіць, якой будзе рэакцыя, калі беларускія спартоўцы сапраўды вернуцца з Пхёнчхану зусім без мэдалёў...
Усе ведаюць: спорт у Беларусі — гэта больш, чым проста спорт. Калі дваццаць гадоў таму ў японскім Нагана беларускія хакеісты нейкім цудам прабіліся ў чвэрцьфінал, Аляксандар Лукашэнка кінуў усе дзяржаўныя справы і асабіста выправіўся ў Японію кіраваць працэсам. І хоць гэта не дапамагло зборнай пасунуцца вышэй у турнірнай табліцы, менавіта з Алімпіяды ў Нагана ў Беларусі пачалося вялікае хакейна-лядовае будаўніцтва. (Ня дай Бог, якім-небудзь цудам перамог бы беларускі бабсьлеіст: напэўна, пачалі б ударнымі тэмпамі ўзводзіць па ўсёй краіне санна-бабсьлейныя трасы).
Прыклад ГДР: мара Лукашэнкі не была ўтапічнай, але...
Мара аб ператварэньні Беларусі ў вялікую спартовую дзяржаву не была зусім ужо утапічнай. Гісторыя ведае падобныя прыклады. Згадайма не такое ўжо далёкае мінулае. 1988 год, зімовая Алімпіяда ў канадзкім Калгары. Выклік безумоўнаму лідэру мэдальнай гонкі — Савецкаму Саюзу — кінулі зусім не ЗША, не ФРГ і не Галяндыя. Маленькая, але гордая ГДР (краіна з 15-мільённым насельніцтвам, значна меншая па тэрыторыі за Беларусь і сувымерная зь ёй у сваім эканамічным разьвіцьці) заваявала там 25 мэдалёў, зь іх 9 залатых. Гэта больш, чым ЗША, ФРГ, Італія і Францыя, разам узятыя.
І гэта былі не выпадковасьць, не шанцаваньне. Нечуваныя спартовыя посьпехі ГДР працягваліся больш як два дзясяткі гадоў. Нямецкі «орднунг», памножаны на разьвітую допінгавую праграму, дапоўнены бэрлінскім мурам (забаронай на свабодны выезд з краіны) і траскучымі камуністычнымі лёзунгамі, рабілі цуды.
Незьмяняльны генэральны сакратар усходненямецкіх камуністаў Эрых Хонэкер натхняў спартоўцаў на посьпехі, кажучы пра тое, што іхныя гучныя перамогі ўмацоўваюць міжнародны аўтарытэт, прэстыж і незалежнасьць «першай у гісторыі сацыялістычнай дзяржавы на нямецкай зямлі».
Я добра памятаю той час і адначасова ўспамінаю выказваньні Лукашэнкі пра спорт як найвялікшую ідэалёгію і палітыку і пра тое, што МЗС Беларусі можна распускаць пасьля такіх перамог, як у Дар’і Домрачавай на Алімпіядзе-2014 у Сочы.
Што адметна: МЗС ГДР і сапраўды давялося распусьціць усяго праз два гады пасьля фэнамэнальнага посьпеху усходненямецкіх спартоўцаў у Калгары — але адначасова з роспускам усёй ГДР. Ніякія спартовыя дасягненьні не дапамаглі захаваць сацыялістычны лягер і ўмацаваную спартоўцамі незалежнасьць, як толькі ва ўсходніх немцаў зьявілася магчымасьць жыць так, як жывуць немцы заходнія.
Калі завеі сталі рэдкасьцю, адкуль чакаць перамог
Увогуле, ад беларускіх спартоўцаў цяжка патрабаваць нейкіх выключных дасягненьняў у зімовых відах спорту. У нас што — дзеці з маленства прывыклі стаяць на лыжах, як у Нарвэгіі і Канадзе; ці на каньках, як у Галяндыі і Швэцыі?
Калі казаць пра клімат, то Беларусь даўно перастала быць краінай стабільнага сьнежнага покрыва... Яшчэ ў 60-70-я гады сьнег у Беларусі, выпаўшы на пачатку лістапада, ляжаў звычайна да канца сакавіка, адлігі былі рэдкімі. Але за апошнія некалькі дзесяцігодзьдзяў рэдкімі сталі завеі, а не адлігі. Беларускі клімат усё больш становіцца падобным на сярэднеэўрапейскі.
У Аўстрыі, Швайцарыі, Італіі — засьнежаныя Альпы, у Польшчы, Румыніі, Славаччыне, Украіне — сьнежныя схілы Карпатаў.
А ў Беларусі што? Толькі Раўбічы, у якіх на біятлённых трасах, здараецца, нават пасярод студзеня цьвітуць пралескі.
Каб падтрымліваць лыжнікаў ды біятляністаў у форме, іх увесь час трэба трымаць на зборах за казённы кошт у тых жа Аўстрыі, Швайцарыі, Нарвэгіі... Там яны пакрысе і мовы вучаць, і сувязямі абрастаюць, а ўрэшце нярэдка і працу знаходзяць, і мужоў-жонак. А потым і застаюцца там — назаўсёды.
Можна, напружваючы ўсе магчымасьці сьціплага бюджэту, абяцаць і выплочваць за любы алімпійскі мэдаль па сотні тысяч даляраў і выдаваць у дадатак да гэтага катэдж у Драздах.
Можна перакупляць за мільёны даляраў расейскіх, украінскіх, канадзкіх і амэрыканскіх спартоўцаў, выдаючы ім беларускія пашпарты. (Дарэчы, больш як траціна сёньняшніх беларускіх алімпійцаў нарадзіліся, вырасьлі і сталі спартоўцамі зусім не ў Беларусі).
Праблему ператварэньня краіны ў вялікую спартовую дзяржаву гэта ня вырашыць.
Большасьць залатых ды іншыя мэдалістаў усё роўна, прыхапіўшы мільённыя ганарары і прадаўшы драздоўскія катэджы, стануць жыхарамі Маямі-Біч, Сан-Францыска, Лязаны, ці, на благі канец, нарвэскіх ф’ёрдаў. Там жа стануць трэнэрамі і будуць рыхтаваць новых чэмпіёнаў для новай радзімы.
Не таму, што яны ня любяць Беларусь. Проста, маючы грошы, там камфортней — адпачываць, лячыцца, вучыць дзяцей... Жыць. А жыць пераважна там яны прывыклі яшчэ раней, падчас сваёй спартовай кар’еры, калі шматмесячныя зборы і спаборніцтвы праходзілі менавіта за мяжой — дзе і спартыўная інфраструктура, і адпаведныя ляндшафты, і клімат, і спарынг-партнэры...
Алімпіяда — не саперніцтва на званьне самага крутога
Паглядзіце на сувымерныя зь Беларусьсю паводле колькасьці насельніцтва, кліматычных умоваў, геаграфічнай шыраты і ляндшафту эўрапейскія краіны. Бэльгія, Данія, Ірляндыя — такія ж раўнінныя і маласьнежныя, ня надта прыстасаваныя да зімовых відаў спорту.
Што адметна: яны значна больш заможныя за Беларусь і пры вялікім жаданьні, відавочна, маглі б і замежных чэмпіёнаў перакупіць, і лядовых арэн ды лыжных трас набудаваць. Але чамусьці ня робяць гэтага.
Бэльгія толькі аднойчы ў гісторыі — у далёкім 1948 годзе ў швайцарскім Санкт-Морыцы — здабыла алімпійскае золата. А ірляндцы ўвогуле ніколі не заваёўвалі ніякіх мэдалёў на зімовых Алімпіядах. І што з таго? Бэльгійцы ці ірляндцы сталі з гэтай прычыны меней шчасьлівымі, а іхныя краіны страцілі аўтарытэт і прэстыж у сьвеце?
ГДР ня стала супэрдзяржавай, апярэдзіўшы па колькасьці мэдалёў у Калгары Злучаныя Штаты, Японію і Кітай. А Данія не адчувае сябе эўрапейскім аўтсайдэрам з тае прычыны, што за ўсю гісторыю ўдзелу ў белых Алімпіядах з 1948 году заваявала толькі два мэдалі — адзін срэбны і адзін бронзавы ў 1998 годзе ў Нагана.
Бо Алімпіяда — гэта не саперніцтва на званьне самага крутога, самага магутнага, самага галоўнага і самага важнага ў сьвеце. Гэта гульні. Толькі гульні. Нават калі камусьці з палітыкаў здаецца інакш.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.