Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра ў Менску перапахаваюць прах легендарнай беларускай фундатаркі Магдалены Радзівіл. Сёньня — разьвітаньне


Урну з прахам прывезьлі ў Беларусь яшчэ ў ліпені 2017 года - на VII Зьезд беларусаў сьвету
Урну з прахам прывезьлі ў Беларусь яшчэ ў ліпені 2017 года - на VII Зьезд беларусаў сьвету

На перапахаваньне урны з прахам беларускай фундатаркі Магдалены Радзівіл у Менск прыедуць прадстаўнікі сям’і, у тым ліку Мацей і Мікалай Радзівілы. Яны наведаюць імшу сёньня а 18-й гадзіне ў касьцёле Сьвятога Роха. У гэты час там будзе выстаўленая урна з прахам для разьвітаньня.

Пра гэта Свабодзе паведаміў Аляксандар Сапега, намесьнік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі. Ён прадстаўляе Радзівілаў у справе перапахаваньня княгіні Магдалены.

«У сьнежні ўжо было вырашана, што яна будзе перапахаваная ў касьцёле Сьвятога Роха, — сказаў Сапега. — Але праз розныя абставіны пахаваньне перанесьлі на сярэдзіну лютага».

Аляксандар Сапега
Аляксандар Сапега

Нагадаем, што беларуская фундатарка Магдалена Радзівіл з 1917 году жыла ў эміграцыі. Яна памерла ў 1945 годзе ў швайцарскім горадзе Фрыбур. Да 2017-га была пахаваная на мясцовых могілках. У лютым 2017-га яе прах быў эксгумаваны і адпраўлены ў крэматорый. У ліпені Аляксандар Сапега прывёз урну з прахам у Менск. Увесь час урна знаходзілася ў Чырвоным касьцёле. Вядома пра гэта стала толькі цяпер.

«Мы ня ведалі, чым і як абернецца сытуацыя зь перапахаваньнем, — патлумачыў Аляксандар Сапега. — Толькі дзякуючы Міністэрства замежных справаў мы змаглі давесьці справу да канца».

Да самага апошняга моманту ва ўлады, Каталіцкай царквы, грамадзкасьці і сваякоў Магдалены не было адзінства ў тым, дзе мусіць быць пахаваная урна з прахам. Разглядаліся чатыры магчымыя месцы: Чырвоны касьцёл ці Кальварыйскія могілкі ў Менску, сямейная капліца ў вёсцы Кухцічы Узьдзенскага раёну ці сямейны склеп Радзівілаў у Нясьвіжы.

«Гэта кампраміс, я лічу, — сказаў Сапега. — Радзівілы былі рады, што сытуацыя можа нарэшце вырашыцца. Яны былі гатовыя на любую прапанову, акрамя Нясьвіжу».

Як тлумачыў Свабодзе Глеб Лабадзенка, Магдалена ніколі не была ў Нясьвіжы. Сама яна паходзіць з роду Завішаў, Радзівілам быў ейны муж. Да таго ж, паводле Мацея Радзівіла, воля самой Магдалены была, каб яе пахавалі ў Менску.

Крыжовы шлях каля касьцёла Сьвятога Роха ў Менску
Крыжовы шлях каля касьцёла Сьвятога Роха ў Менску

Афіцыйная цырымонія перапахаваньня урны з прахам Магдалены Радзівіл пачнецца са сьвяточнай імшы ў суботу, 16 лютага а 10-й раніцы. Урна будзе зьмешчаная ў адмысловую нішу ў сьцяне касьцёла. На цырымоніі выступяць прадстаўнікі роду і афіцыйныя асобы.

Марыя Магдалена Радзівіл — мэцэнатка і фундатарка многіх беларускіх праектаў пачатку XX стагодзьдзя. Яна нарадзілася ў Варшаве ў 1861 годзе, але дзяцінства правяла ў Беларусі — у маёнтках Жорнаўка (сёньня Асіповіцкі раён) і Кухцічы (Узьдзенскі раён).

За ўласныя грошы яна адкрыла беларускія школы ў сваіх уладаньнях Каменцы, Кухцічах і Ўзьдзе, фінансавала выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», Беларускае выдавецкае таварыства, газэту «Беларус». Яна фундавала выданьне кніг Багдановіча і Канстанцыі Буйло.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG