Прах са Швайцарыі прывёз Аляксандар Сапега — намесьнік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швайцарыі.
«Мы плянавалі, што будзем ехаць на сёмы Зьезд беларусаў сьвету і таксама завязем Марыю Магдалену ў Беларусь», – сказаў Свабодзе Аляксандар Сапега.
Пакуль ня вызначана месца, дзе будзе пахаваны прах Магдалены Радзівіл, ён будзе знаходзіцца ў Чырвоным касьцёле.
«Я ня маю маральнага права трымаць яе ў кватэры, пакуль будзе вырашана, дзе пахаваюць прах, - сказаў Сапега. - Я думаю, лепей усяго, калі я перадам у Чырвоным касьцёл на гэты час. Гэтае пытаньне пакуль вырашаецца».
Летась у ліпені князь Мацей Радзівіл у Менску паведаміў, што праўнукі вядомай беларускай мэцэнаткі, княгіні Магдалены Радзівіл пастанавілі перапахаваць яе цела ў Менску — у касьцёле сьвятых Сымона і Алены, побач зь якім яна жыла.
«Мы кожны год сустракаемся з прамым праўнукам Магдалены Радзівіл – прынцам Бурбонам, – сказаў Сапега. – Калі мы летась абвясьцілі ідэю перавезьці прах у Беларусь, ён падтрымаў і папрасіў нас пасадзейнічаць. З таго часу я займаўся эксгумацыяй, крэмацыяй, афармленьнем дакумэнтаў».
Да апошняга часу цела Магдалены Радзівіл, а таксама яе адзінай дачкі пахаваныя ў швайцарскім горадзе Фрыбургу. Месяц таму таксама пры дапамозе Аляксандра Сапегі прах дачкі Людвігі Радзвіл быў перавезены ў Варшаву.
Каб перадаць прах у Беларусь, сям'я таксама зьвярнулася да арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, а таксама да пробашча Чырвонага касьцёла ксяндза Уладзіслава Завальнюка, якія вельмі зычліва паставіліся да гэтай ідэі. Тым больш, што ўжо раней у Чырвоным касьцёле перапахавалі парэшткі фундатара касьцёла Эдварда Вайніловіча і англійскага музыказнаўцы, дасьледчыка беларускай культуры Гая Пікарды.
Чытайце таксама: