Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50 тысяч рублёў бацькам за сьмерць дзяўчынкі на бульбе выплацяць гаспадарка і школа


19 студзеня суд Маладэчанскага раёну пастанавіў спагнаць з гаспадаркі «Хоўхлава» 35 тысяч рублёў і зь сярэдняй школы № 11 — 15 тысяч рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць бацькоў 13-гадовай Вікторыі Папчэні, якая загінула 29 верасьня 2016 году пад коламі грузавіка на бульбяным полі.

Адразу ж пасьля трагедыі на полі незалежны прафсаюз РЭП дамагаўся, каб суд прызнаў факт працоўных адносінаў школы і гаспадаркі, тады бацькі маглі б атрымаць выплаты і кампэнсацыю за маральную шкоду, сказаў Свабодзе юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка. ​

​«Але спачатку Маладэчанскі раённы суд, а потым і Менскі абласны суд адмовілі, абгрунтаваўшы гэта тым, што дзяўчынцы не было 14 гадоў, а толькі поўных 13, заканадаўства ж забараняе працаваць дзецям да 14 гадоў. А гэта азначае, што не было працоўных адносінаў», — кажа спадар Судаленка.

Праваабаронца Леанід Судаленка
Праваабаронца Леанід Судаленка

Тады прафсаюз РЭП распачаў цяжбу, каб спыніць накіраваньне дзяцей на ўборку ўраджаю.

Прафсаюз прасіў, каб суд прызнаў адказнымі за жыцьцё дзіцяці дзяржаўныя органы, пачынаючы ад Міністэрства адукацыі і заканчваючы школай (у тым ліку і аддзел адукацыі Маладэчанскага райвыканкаму). Такую скаргу таксама не падтрымалі ні Маладэчанскі райсуд, ні касацыйная інстанцыя — Менскі абласны суд.

«Пасьля таго як дзяржава фактычна адмовіла, нам нічога не заставалася, як параіць сям’і Папчэняў падаць пазоў аб спагнаньні маральнай шкоды да аддзелу адукацыі, спорту і турызму Маладэчанскага райвыканкаму і да двух сельскагаспадарчых прадпрыемстваў — „Усход-Агра“, на полі якога працавала дзяўчынка, і „Хоўхлава“, якому належаў грузавік МАЗ, што наехаў на Віку. Суму вызначылі прыблізна такую, якую ў Беларусі звычайна атрымлівае сям’я загінулага на прадпрыемстве — 50 тысяч рублёў».

У пятніцу суд Маладэчанскага раёну вынес рашэньне аб спагнаньні з СПК «Хоўхлава» 35 тысяч рублёў, а са школы — 15 тысяч. Такім чынам, суд цалкам задаволіў пазоў і спагнаў агулам 50 тысяч рублёў на карысьць бацькоў.

29 верасьня 2016 году падчас уборкі бульбы пад Маладэчнам загінула вучаніца 8 клясы Вікторыя Папчэня — на яе наехаў грузавік. 23 сьнежня 2016 году кіроўцу Паўла Цыбіна асудзілі на 3 гады абмежаваньня волі. 12 ліпеня 2017 году настаўніц Вольгу Завадзкую і Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананьні абавязкаў па гарантаваньні бясьпекі, жыцьця і здароўя дзяцей, што пацягнула за сабой па неасьцярожнасьці сьмерць васьміклясьніцы Вікі Папчэні, прыгаварылі да 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў месцы зьняволеньня і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь (2300 рублёў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG