За 2017 год у Расеі зьнізіліся розьнічныя продажы практычна ўсіх відаў алькагольнай прадукцыі, пры гэтым значна вырас продаж пладовых вінаў, піша «Інтэрфакс».
Так, на 43,4% скараціліся продажы алькаголю мацункам да 25 градусаў, на 27,3% — пеністых вінаў, на 25,8% — мацункам звыш 25 градусаў, на 16,6% — гарэлкі, на 7% — вінаградных вінаў, на 1% — каньяку. Але продажы пладовых вінаў вырасьлі на 71,8% (у абсалютных продажах такія віны абагналі каньяк).
Рост продажу пладовых вінаў у Расеі тлумачаць тым, што спажыўцы пераарыентаваліся на больш танны алькаголь. Як сьцьвярджаюць апытаныя «Інтэрфаксам» экспэрты, танныя пладовыя віны ў Расеі маюць вышэйшую якасьць за танныя вінаградныя. Ці з падзеньнем «афіцыйных» продажаў упалі або вырасьлі «шэрыя» і незаконныя продажы алькаголю, спажываньне самагону і рэчываў кшталту настойкі глогу, не паведамляецца.
У Беларусі сытуацыя за 2017 год зьмянілася не настолькі рэзка, але ў адваротным кірунку: вырасьлі продажы практычна ўсяго алькаголю, акрамя пладовых вінаў. Так, у 2017 годзе, паводле зьвестак Белстату, продаж іх упаў на 8,4%, але вырасьлі продажы вінаградных вінаў на 2,9%, пеністых вінаў — на 3,8%, гарэлкі — на 0,5%, каньяку — на 18,0%, піва — на 3,4%, лікёраў і лікёра-гарэлачных вырабаў — на 10,2%, слабаалькагольных напояў — на 8,6%.
Беларусы пры гэтым абганяюць расейцаў як у спажываньні ўсяго алькаголю на душу насельніцтва (Беларусь наогул другая сярод самых пітушчых нацыяў у Эўропе і 4-я ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету), так і ў спажываньні пладовых вінаў на чалавека. Калі ва ўсёй Расеі за 2017 год прадалі 10,3 млн дэкалітраў пладовых вінаў , то ва ўсёй Беларусі — 5,8 млн (меней у 1,77 раза, пры тым, што насельніцтва меншае ў 15,5 раза).
У Беларусі будзе разглядацца абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году (цяпер не прадаюць да 18) і іншыя антыалькагольныя захады, але Аляксандар Лукашэнка казаў, што «ў барацьбе з п’янствам нельга пераціснуць». Тым часам выпуск айчынных вінаў у 2018 годзе павялічаць на 80%.