Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта была ня толькі польская трагедыя» — гісторык пра 200 тысяч дэпартаваных з Заходняй Беларусі


Малебен у фарным касьцёле Горадні за дэпартаваных з Заходняй Беларусі 10 лютага 1940 году.
Малебен у фарным касьцёле Горадні за дэпартаваных з Заходняй Беларусі 10 лютага 1940 году.

У Горадні адбыўся малебен з нагоды 78-й гадавіну першай масавай дэпартацыі з Заходняй Беларусі ў Сыбір грамадзян міжваеннай Польшчы.

З гэтай нагоды ў фарным касьцёле Горадні адбыўся малебен за загінулых падчас дэпартацыі. Паводле беларускага гісторыка Ігара Мельнікава, першая масавая дэпартацыя грамадзян міжваеннай Польшчы прыходзіцца на 10 лютага 1940 году.

Усяго, паводле гісторыка, савецкімі ўладамі з тэрыторыі Заходняй Беларусі было дэпартавана каля 200 тысяч чалавек і тысячы зь іх былі беларусамі.

«Першая хваля дэпартацыі тычылася ўсіх грамадзян Рэчы Паспалітай незалежна ад нацыянальнасьці. Але найперш забіралі службоўцаў дзяржаўнага апарату, вайскоўцаў, паліцыянтаў, якія пераважна былі палякамі. Дэпартацыя тычылася і проста заможных людзей, сярод якіх былі лесьнікі, а сярод лесьнікоў было шмат беларусаў. Дэпартавалі шмат заможных сялян, сярод якіх былі беларусы. Нават сярод асаднікаў і паліцыянтаў таксама сустракаліся беларусы, і ў мяне ёсьць пра гэта канкрэтныя зьвесткі» — распавядае гісторык.

Паводле Мельнікава, у адрозьненьні ад палякаў беларусы доўгі час ня ведалі пра гэты аспэкт сваёй гісторыі: пра тое, што дэпартацыя таксама закранула ня толькі палякаў, але і беларусаў, а таму імі, паводле Мельнікава, дагэтуль ня ўшаноўваецца памяць дэпартаваных.

Гісторык Ігар Мельнікаў.
Гісторык Ігар Мельнікаў.

«Падзеі 1939 году беларусамі разглядаюцца даволі своеасабліва. Канешне, галоўным момантам таго часу беларусы лічаць тое, што краіна стала адзінай, але заўсёды варта памятаць, якім коштам адбылося гэтае аб’яднаньне. Колькі людзей было дэпартавана, арыштавана, выслана, расстраляна. А таму трэба памятаць, што гэта была ня толькі польская трагедыя». — падсумоўвае гісторык Ігар Мельнікаў. ММ

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG