Правацэнтрысцкая кааліцыя, куды ўваходзяць Абʼяднаная грамадзянская партыя, рух «За свабоду» і аргкамітэт па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», працягваюць кампанію «Не — дзедаўшчыне» з патрабаваньнем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова. Другі дзень актывісты зьбіраюць подпісы каля Камароўскага рынку ў сталіцы.
Людзі па-рознаму рэагуюць на зьбіральнікаў подпісаў. Некаторыя праходзяць міма, некаторыя абураюцца, але бальшыня спыняецца і ўступае ў размову.
Малады чалавек у курсе апошніх падзеяў — сьмерцяў салдат у войску, якія ўскалыхнулі грамадзтва:
— Я лічу, што нашай арміі даўно патрэбна паўнавартасная рэформа. Па-першае, павінна быць кантрактная аснова, нам трэба прафэсійная армія. Адсюль і ўся праблема — мы захоўваем савецкія перажыткі. Адстаўкі павінны быць, бо міністар, камандзіры, як мінімум, закрывалі вочы на бясчынствы ў войску. Але нашай арміі патрэбна рэформа.
Жанчына сталага веку расказала сваю гісторыю:
— Я аддала ў войска фізычна здаровага, моцнага сына. А вярнуўся ён, прабачце, увесь гнілы. Вуха проста вісела, мы думалі, яго ампутуюць. Ён страціў там зрок. Зьбівалі, адбіралі ўсе перадачы, грошы. Я, калі сын вярнуўся з войска, у ваенкамаце ўчыніла скандал. Няўжо нельга навесьці парадак у войску? Зараз ёсьць жа відэакамэры, няўжо камандзіры ня ведаюць, што ў казармах бясчынства?
Некалькі мужчын, якія служылі ў войску гадоў 30 таму, адразу ж падпісаліся за адстаўку міністра і абмеркавалі паміж сабой, што і каго трэба мяняць:
— Я з задавальненьнем падпішуся за адстаўку міністра абароны, а то ў інтэрнэце пішуць, што подпісы ліпавыя. Я сам у арміі служыў і перакананы, што дзедаўшчыну перамагчы можна. Усё залежыць ад камандзіра часткі, камандзіра ўзводу. І міністар ведае пра дзедаўшчыну.
— Усё залежыць ад кіраўніцтва, ад камандзіраў. Вось іх трэба прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. А адстаўка міністра нічога ня вырашыць, аднаго здымуць, другога такога ж паставяць.
— А навошта міністра абароны адпраўляць у адстаўку? Давайце адразу патрабаваць адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі. Рыба псуецца з галавы.
— Нічога ня зьменіш у войску. Таму што такі рэжым. Колькі гадоў існуе дзедаўшчына? Шмат гадоў, і яе не пераможаш пры такім рэжыме — пры лукашэнкаўскім.
Былі і людзі, зусім далёкія ад справы Аляксандра Коржыча і праблемы дзедаўшчыны ў войску. Спадарыня сталага веку выказала такое меркаваньне пра сучаснае беларускае войска:
— У мяне сыноў няма. Я ня ведаю, пра што вы кажаце, я нічога не чытала. Я ня веру ў байкі, пра якія вы распавядаеце. Але я лічу, што ў войску поўны парадак. Служыць у войску — гэта гонар, адкасіць ад войска — гэта непрыстойна, гэта ганьба. Я ведаю хлопцаў, якія не служылі, ім дапамаглі атрымаць нейкія даведкі — яны ніякія. Ва Ўруччы служаць дзеці знаёмых, там усё добра, і кормяць добра, і служаць на радзіме. Вось калі адпраўлялі ў Аўган — гэта было кепска. А цяпер усё цудоўна.
Малады чалавек кажа:
— Дзедаўшчына ў арміі ёсьць, безумоўна. Як яе перамагчы? Казаць нейкія патасныя словы пра дакладнае выкананьне статуту — бессэнсоўна, правільна? Усё пачынаецца з культуры чалавека, безумоўна. Хамства хапае паўсюль — і ў краме, і ў грамадзкім транспарце, і ў кожнага на працы. А ў вайскоўцаў, наколькі я разумею, свой узровень культуры. Ня самая прэстыжная прафэсія афіцэра цяпер, ня самыя лепшыя ідуць у вайсковыя вучэльні і акадэміі. Так што толькі павышаць агульны культурны ўзровень.
Старшыня менскай гарадзкой арганізацыі БХД Дзяніс Садоўскі такім чынам падсумаваў вынікі пікету на Камароўцы:
— Пра сытуацыю збольшага ведаюць усе. Некаторыя штосьці чулі, перапытваюць, вагаюцца, перш чым паставіць подпіс, сумняюцца, што простыя грамадзяне могуць на штосьці паўплываць. Але калі тлумачыш, што спачатку была асноўная вэрсія — самагубства салдата, але калі ўзьняўся шум у СМІ, у сацыяльных сетках, пачалося расьсьледаваньне, і разам можна чагосьці дамагчыся... У людзей проста ёсьць такое расчараваньне, што штосьці можна зьмяніць. Некаторыя адразу падпісваюцца. Але супраць дзедаўшчыны ў войску — абсалютна ўсе, акрамя супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія нас здымаюць.
Анатоль Лябедзька зьбіраў подпісы і ў нядзелю, і ў аўторак. Ён лічыць, што кантактаваць з рэальнымі людзьмі значна важней і цікавей, чым зьбіраць подпісы ў інтэрнэце:
«Я выйшаў ужо другі раз зьбіраць подпісы за адстаўку міністра. У нядзелю тут было значна весялей — у сэнсе, тут проста разгортваліся дэбаты, дыскусіі. Было некалькі жанчын, якія казалі: «Нічога страшнага, толькі двое загінулі, а ёсьць такія месцы, дзе бывае страшней...» Але ім адразу ж давалі адлуп маці вайскоўцаў, тыя, хто служыў. І гэта было цікава. Я думаю, што акрамя збору подпісаў «онлайн», павінен быць вось такі «офлайн» — кантактаваньне з рэальнымі людзьмі. Таму мы з панядзелка запускаем сваіх людзей у народ, каб яны размаўлялі — бо трэба трымаць руку на пульсе.
Гэтая тэма выбухнула так, што яе ніякімі табу ня спыніш. Два дні таму ў «Аднаклясьніках» я выставіў свой пост з галасаваньнем, хто павінен несьці адказнасьць за сьмерць салдата. Прагаласавала больш за 30 тысяч чалавек. І што цікава, на другім месцы адказнасьць людзі ўскладаюць на Аляксандра Лукашэнку. Гэта крыху незвычайна. Колькасьць праглядаў — 450 тысяч чалавек. Схаваць такі выпадак, калі ёсьць сацыяльныя сеткі, інтэрнэт — не атрымаецца. Але вельмі важна бачыць твары людзей, чуць аргумэнты. Мы адкрылі падпіску за адстаўку міністра і на офісах. Падаём заяўкі на пікеты ў Менску і іншых гарадах краіны».
***
Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.