Кіраўнік Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч хоча, каб у фінале чэмпіянату сьвету па хакеі сустрэліся Беларусь і Латвія. Пра гэта ён заявіў сёньня на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам, які прыбыў у Беларусь 7 лютага з працоўным візытам.
Міхаіл Мясьніковіч сказаў, што, мабыць, найлепшым вынікам супрацы паміж дзьвюма краінамі стаў бы фінал чэмпіянату сьвету па хакеі 2021-га году, у якім сустрэнуцца латвійскія гаспадары гэтага турніру і беларусы. Вядома, што турнір будзе адначасова праходзіць у дзьвюх краінах.
Калі ж адкінуць жарты, то старшыня Савету Рэспублікі зрабіў латвійскаму боку дзьве канкрэтныя прапановы.
Першая — ён сказаў, што латвійцы могуць празь Беларусь выйсьці на вялікі рынак Эўразійскага эканамічнага саюзу. Другую можна назваць хутчэй просьбай. Мясьніковіч сказаў, што нядрэнна было б ствараць акцыянэрныя таварыствы ня толькі беларуска-латвійскія, але і з капіталам трэціх краін, што, падкрэсьліў старшыня Савету Рэспублікі, дазваляецца беларускім заканадаўствам.
Якія краіны меў на ўвазе Міхаіл Мясьніковіч, зразумела, бо перад гэтым ён сказаў, што Латвія мае цесныя сувязі са скандынаўскімі краінамі.
Што тычыцца кіраўніка латвійскага ўраду, то ён заявіў, што «нашу супрацу патрэбна напоўніць новымі канкрэтнымі праектамі, а якія канкрэтна гэта будуць праекты — мабыць, найперш лягістыка». Спадар Кучынскіс сказаў, што гаварыць больш падрабязна на гэтую тэму ён будзе заўтра, калі наведае беларуска-кітайскі індустрыяльны парк «Вялікі камень».
Латвійскі прэм’ер адзначыў, што яму прыемна прыехаць у Беларусь пасьля дзевяцігадовага перапынку. Маецца на ўвазе, што папярэднік Кучынскіса на пасадзе кіраўніка латвійскага ўраду быў у Беларусі роўна 9 гадоў таму — у лютым 2009 году.