У Магілёве на Ленінскай вуліцы за адзін дзень дэмантавалі 17 парабалічных антэн.
Камунальнікі кажуць, што здымаюць «спадарожнікавыя талеркі», таму што тыя
- былі ўсталяваныя самавольна,
- могуць зваліцца на мінакоў,
- разбураюць сьцены,
- становяцца прычынай разгермэтызацыі дахаў,
- псуюць выгляд дамоў.
Што гаворыць закон
«Усталёўваньне індывідуальных антэн і іншых канструкцый, за выключэньнем канструкцый для сушэньня бялізны, ажыцьцяўляецца пасьля атрыманьня ўзгадненьня ад тэрытарыяльнага падразьдзяленьня архітэктуры і горадабудаўніцтва».
Пастанова ўраду № 384 ад 16 траўня 2013
«...Усталёўваньне на фасадах, бальконах, лоджыях, дахах спадарожнікавых і іншых антэнаў, а гэтаксама непрыняцьце мераў па падтрыманьні ў належным стане вонкавага выгляду жылых дамоў, іншых будынкаў, збудаваньняў і агароджаў — цягнуць спагнаньне штрафу ў памеры ад двух да пятнаццаці базавых велічыняў»
Артыкул 21.13 КаАП
Незадаволеных нямала
Цяпер антэны, на якія ня быў атрыманы дазвол, дэмантуюць. Сродкі на гэта выдзяляюцца зь бюджэту, паведаміў Свабодзе начальнік ЖЭУ № 1 Валер Зубрыцкі.
Суразмоўца ня стаў адмаўляць, што дэмантаж антэн зьвязаны і з падрыхтоўкай да Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які пройдзе ў верасьні.
Паводле Валера Зубрыцкага, «барацьба з талеркамі» ў гістарычнай частцы гораду цягнецца не адзін год, і жыльцоў неаднойчы папярэджвалі. Незадаволеных, прызнаецца ён, нямала. Зьнятыя «талеркі» вяртаюць уладальнікам. Пратаколаў за адміністрацыйнае правапарушэньне пры гэтым не складаюць.
У дадатак ЖЭУ прыняло з дахаў тры дзясяткі эфірных антэн.
«Тое, што мне трэба, цяпер у інтэрнэце знайду»
Адзін з жыхароў Ленінскай вуліцы, які застаўся без антэны, кажа, што хоць і незадаволены, але пратэставаць не зьбіраецца: «Змагацца з уладай сабе даражэй».
Цяпер асаблівай патрэбы ў спадарожнікавым тэлебачаньні няма, лічыць ён, бо ўсё, што трэба, можна глядзець праз інтэрнэт. Узаконьваць усталёўваньне талеркі, якую яму аддалі камунальнікі, ён не плянуе, «бо не зьбіраецца плаціць за паветра».
Гісторыя дэмантажу спадарожнікавых талерак пачалася ў Магілёве ў 2012 годзе. Тады масава прыбіралі антэны з дамоў, прылеглых да Савецкай плошчы (цяпер плошча Славы). Так камунальнікі рыхтавалі горад да 1 траўня. Пад забарону трапілі і кандыцыянэры.
Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч зьяўленьне пастановы ўраду ад 16 траўня 2013 году пад нумарам 384 называў «пагружэньнем у абсурд». На пытаньне «дзеля чаго гэта робіцца?» ён адказваў так:
«Самы першы адказ, які прыходзіць у галаву, — гэта перашкодзіць людзям глядзець „Белсат“. Напэўна, першапачатковым імпульсам быў менавіта гэты палітычны матыў. Але потым запрацавала руцінная бюракратычная машына з мноствам узгадненьняў, подпісаў зацікаўленых асобаў. Лёгіка бюракратычнага мэханізму і звычайная жыцьцёвая лёгіка ўжо амаль не перасякаюцца...»