Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні загадалі падцягнуць сярэдні заробак да 500 даляраў. «Хай чыноўнікі напішуць як»


Гарадзенскі гарвыканкам давёў заданьне прадпрыемствам гораду давесьці ў сьнежні сярэдні заробак да 1067,5 рубля. Свабода ж распытала ў гарадзенскіх работнікаў пра іх рэальныя заробкі.

Гарадзенскія прадпрыемствы атрымалі ліст за подпісам старшыні гарвыканкаму Мечыслава Гоя, у якім паведамляецца пра заданьне дасягнуць сярэднямесячнага заробку ў 1067,5 рубля ўжо ў сьнежні. У адказе трэба даць плян-графік росту заробкаў.

Пакуль кіраўнікі прадпрыемстваў думаюць, як адказаць начальству, Свабода папрасіла гарадзенскіх работнікаў расказаць пра іх рэальныя заробкі і пра стаўленьне да ліста з гарвыканкаму.

«Чыноўнікі проста дураць галовы»

Сьлесар заводу карданных валоў, спадар Яўген, у мінулым месяцы атрымаў 540 рублёў. Гэта за паўтары стаўкі зь перапрацоўкамі і трыма працоўнымі суботамі. Ён кажа, шмат хто працуе на адну стаўку за 300 рублёў. А колькі атрымлівае начальства — ніхто ня ведае, таму і размовы пра сярэдні заробак ня маюць сэнсу.

Наконт заробкаў «па тысячы рублёў» спадар Яўген заўважыў, што чыноўнікі на месцах падхопліваюць словы, пачутыя ад кіраўніка дзяржавы.

«Колькі ўжо было падобных абяцаньняў, яны яшчэ ніводнага разу ня спраўджваліся. Проста чыноўнікі чарговым разам дураць галовы, каб адцягнуць людзей ад сапраўдных праблемаў».

Гарадзенскі гарвыканкам
Гарадзенскі гарвыканкам

«Калі б хоць напалову скараціць канторскіх, то, магчыма, па тысячы рублёў зарабляў бы і рабочы»

Так мяркуе супрацоўніца прадпрыемства «Малочны мір» спадарыня Ліза. За мінулы месяц яна атрымала 740 рублёў, а некаторыя ў ейным цэху — больш за 800.

«І я абсалютна ўпэўненая, што сярэдні заробак мог бы ў нас складаць і больш за тысячу рублёў, бо ў начальства высокія заробкі. Але дзеля гэтага трэба, каб хоць напалову скарацілі канторскіх, бо іх там болей, чым у нас на вытворчасьці», — кажа працаўніца.

«Наша кіраўніцтва, мабыць, не атрымлівала такога ліста з гарвыканкаму»

Санітарка абласнога шпіталя, спадарыня Валянціна, мяркуе, што іх галоўны ўрач не атрымліваў такога ліста з гарвыканкаму. Бо яе заробак — усяго 280 рублёў.

«А ёсьць і яшчэ меншыя заробкі, — з горыччу кажа яна. — І людзям проста даплачваюць да таго, каб заробак адпавядаў пражытковаму мінімуму».

Паводле спадарыні Валянціны, нават калі ўлічваць заробкі іхніх лекараў, сярэдні заробак за тысячу рублёў ніяк не выходзіць. А ёй вельмі хочацца, каб працу ня толькі лекараў, а і санітарак аплачвалі годна.

«Беларуская культура плача ціхенька ў кутку»

Спадарыня Тамара ў сфэры культуры больш за 10 гадоў. Яна робіць адміністратарам. Апошнія месяцы, як паднялі заробак, стала атрымліваць амаль 400 рублёў. Беларуская культура па-ранейшаму «плача ціхенька ў кутку», падсумоўвае Тамара.

«Каб яны яшчэ напісалі, як гэта зрабіць»

Работнік гарадзенскага прыватнага мэблевага прадпрыемства, спадар Аляксей, зарабляе крыху больш за 700 рублёў.

«У нас рабочыя і больш атрымліваюць, хто працуе дадаткова пасьля зьмены. І мы арыентуемся на тое, што атрымаем столькі, колькі зробім», — тлумачыць суразмоўца.

Паводле яго, гаспадару прадпрыемства даводзіцца ўвесь час шукаць таньнейшыя складнікі і новыя рынкі збыту, каб бізнэс не спыніўся.

«Мы сёньня бачылі гэтую дырэктыву з гарвыканкаму. Добра было б, каб яны яшчэ там напісалі, як і за кошт чаго на прадпрыемствах падвышаць сярэдні заробак», — кажа спадар Аляксей.

Паводле Белстату, у кастрычніку сярэдні заробак у Горадні склаў 866,5 рубля, а ў вобласьці — 739,4.

Як жыве даярка з «высокім» заробкам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG