Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталін гут! Гітлер капут!


Кадр зь фільма «Сьмерць Сталіна»
Кадр зь фільма «Сьмерць Сталіна»

Сцэна першая

Што рыхтуецца правакацыя — кінапасквіль «Сьмерць Сталіна» — органам стала вядома своечасова. З агентурных паведамленьняў зь Лёндану. На Лубянцы адбылася сакрэтная размова. Удзельнікі трымалі перад сабой урыўкі са сцэнара.

— Таварышы афіцэры, ня мне вам тлумачыць: фільм выйдзе на экраны перад самымі выбарамі. Уладзімір Уладзіміравіч усё роўна пераможа, але прагляд можа нэгатыўна паўплываць на настроі, на лічбы.

— А чаму вядома, што ён пойдзе, калі нічога не вядома, калі ён нічога не гаворыць?

— Раскінь мазгамі, таварыш падпалкоўнік: яму, што — замест сябе зноў дублёра выстаўляць? Не турбуйся, гэта вядома на сто дзесяць працэнтаў, хаця й не агучана.

— Я таксама думаю: будзе Пуцін сам, дасьць прыпаліць яшчэ самому «Козыру» (trump перакладаецца як «козыр») некалі.

— Дык якая ў нас задача? Перашкодзіць кіназдымкам?

— Як ты ім перашкодзіш? Шоў-бізнэс! У іх нават пра каралеву не забаронена здымаць.

— Задача такая: зьвязацца неадкладна зь дзеячамі кінамастацтва, няхай рыхтуюць сымэтрычны адказ. Калі ў іх там чорная камэдыя, мы, умоўна кажучы, адкажам ружовай. І пакажам перад самымі выбарамі. Бясплатна. Ад Калінінграда да Камчаткі. Задача ясная? Выконваць!

Сцэна другая

— Гаспада, антырасейскімі сіламі рыхтуецца пасквіль «Сьмерць Сталіна». Гэта будзе зьдзек з нашых сьвятынь, з нашых ідэалаў, з нашых герояў. Задача ў сьціслыя тэрміны стварыць свой сцэнар. Люстраны адказ чорнай камэдыі. Назваць сваю чырвонай мы ня можам, абзавуць крывава-чырвонай, таму будзем умоўна лічыць яе пакуль ружовай. Гэта будзе «Сьмець Сталіна», але — ружовая. У іхным сцэнары выдзелены прынцыповыя месцы, якія мы павінны перарабіць перш за ўсё, астатняе — больш тканіна, фон. А зараз — мазгавы штурм.

— Усё зразумела. З чаго пачнем?

— Пачнем з таго, што ў цэнтры. Таварыш Сталін ляжыць у лужыне і не варушыцца. Якія прапановы?

— Можа быць, няхай ён ляжыць лепей на атаманцы?

— Нельга. Парушаная будзе праўда жыцьця, а праўда — гэта галоўнае.

— Тады, можа быць, няхай гэта віно разьлітае. Грузінскае.

— А якое ён любіў? Гэта некалі было агульнавядома.

— Здаецца, «Кіндзмараулі».

— А як у нас з грузінамі на дадзены момант? На нажах? Ці ўжо не?

— Няважна. Няхай будзе, сапраўды, віно. Таварыш Сталін па неасьцярожнасьці разьліў любімае віно, пасьлізнуўся і ляжыць у лужыне.

Другі прынцыповы момант: мача чалавека ў шаноўных гадах непрыемна пахне, і адзін з правадыроў у іхным сцэнары брыдзіцца падысьці бліжэй. Што з гэтым будзем рабіць?

— Можа няхай, калі ў нас замест мачы віно, ён наблізіцца і скажа штось спачувальна: шкада, маўляў, цудоўнае віно, таварыш Сталін вельмі любіў, у яго быў найлепшы густ, як у сапраўднага каўказца.

— Добра, няхай пакуль будзе так. Другі прынцыповы момант: Берыю расстралялі і адразу, не адыходзячы «ад касы» спалілі. Як Гітлера. Гэта ўвогуле абуральны момант. Па-першае, Гітлер і Берыя — рознага ўзроўню дзеячы, неаднолькавага. Па-другое, Гітлер, як вядома, атруціўся, пайшоў з жыцьця самаахвотна. І гад-гадам быў. А таварыш Берыя крэматорыяў не будаваў. А зь ім у кіно так брутальна: спаліць, як таго Адольфа. Якія прапановы?

— Можа няхай яго ў труне таксама выставяць у калённай залі Дома саюзаў? Як Ёсіфа Вісарыёнавіча?

— Для чаго? Яго баяліся як агню.

— А калі ўзяць і забальзамаваць труп? Усё ж быў член Палітбюро, адзін з правадыроў. Альбо яшчэ прасьцей: проста расстраляць і больш не паказваць? Як адрэзаны ломаць? Быў і няма. І памінай як звалі…

— Гэта неадназначна. Трэба яшчэ абдумаць. Трэці вельмі, надзвычай прынцыповы момант. Расстрэл на вуліцы простых савецкіх грамадзян, прагных разьвітацца з любімым правадыром. Гэта абуральна!

— А што, не было? Не было ахвяраў?

— Былі, былі, ніхто не адмаўляе. Але самі падушыліся. Што значыць натоўп, ніякага парадку. Ты любі, ды любі так, каб парадак быў. Каб усе па чарзе. Каб дысцыпліна. А яны лезьлі як па хлеб. Быццам выкінулі каўбасу ці селядца. Так жа нельга. Пагляньце: як цяпер прыхаджане да мошчаў прыкласьціся ходзяць. Ніхто нікому на ногі не наступае… Якія прапановы?

— Непрыемны момант, адыёзны нават. Адна справа ў цара апошняга падушыліся на каранацыі, зусім іншая — калі хавалі таварыша Сталіна. Цар быў бязрукі зусім, а таварыш Сталін выйграў вайну, эфэктыўны мэнэджэр, як сёньня модна казаць. Вы ж ведаеце, што Чэрчыль сказаў? Прыняў Расею з сахой, пакінуў з атамнай бомбай.

— Трэба, мне думаецца, так падаць, што гэта была правакацыя, падладжана ўсё агентамі сусьветнага імпэрыялізму, каб азмрочыць разьвітаньне зь Ёсіфам Вісарыёнавічам, каб плявузгалі галасы, што нават мёртвы ўжо крывавы ўраджай сабраў, за сабой у магілу столькі народу зацягнуў. Што лапы па локці ў крыві ў генэралісімуса…

Сцэна трэцяя

— Дзеячы кінамастацтва начамі ня спалі, кроў з носу, але сцэнар выдалі на гара. Неадкладна прыступаюць да здымкі. Пытаньні?

— А навошта тую Ксюшу выпусьцілі? Ёй палец у рот не кладзі, будзе на выбарах палкі ў колы ўсоўваць. Ці ў страху вочы занадта вялікія?

— Вочы як вочы, не журыся. Але ўсё прадумана. Пакуль яна языком мянціць, кіно здымаецца. А як выбары: ва ўсіх кінатэатрах «Сьмерць Сталіна», «ружовая», лагодная. Ксюша — крытыкаваць, плявузгаць. А яе ў адказ прыпруць фактамі да сьценкі. Здымалася ў камэдыі «Гітлер капут!»? Здымалася. А ў ролі якой — нагадаць? Не, каб радысткай Шцірліца папрасілася. Але што ёй — гэная шэрая мышка? Нецікава! Ёй эпатаж на першым месцы — Эвы Браўн выканала ролю, «падругі сардэчнай». Ня думала, што на выбары прэзыдэнцкія пойдзе некалі? Ня думала. Вось і вынік: глядзі, краіна, за каго табе галасаваць прапануюць! І ўсё — і ніякіх больш пытаньняў. Ясна: кіно абсалютна дурацкае выйшла, «Гітлер капут!», адпаведна назьве. Але супраць фактаў не папрэш, Ксюша. Яны — рэч упартая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG