Беларускія зоаабаронцы, камэнтуючы прысуд беларускім удзельнікам пэрформансу ў Асьвенціме, асуджаюць выбар месца акцыі і адзначаюць, што ў Польшчы добрае і справядлівае заканадаўства ў галіне абароны жывёлаў. А ў Беларусі, паводле зоаабаронцаў, за жорсткае забойства жывёлы маглі б пакараць толькі штрафам.
Суд польскага гораду Асьвенцім вынес прысуд удзельнікам пэрформансу ў музэі Аўшвіц-Біркенаў. Арганізатар акцыі Адам Бяляцкі асуджаны на 1 год 6 месяцаў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у зьнявазе месца памяці і забойстве ягняці. Ён павінен сплаціць 2 тысячы злотых штрафу. Таксама яму забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў.
Другі арганізатар акцыі Мікіта Валадзько асуджаны на 1 год 2 месяцы зьняволеньня, яму таксама забаронена мець жывёлаў на працягу 10 гадоў. Іншым абвінавачаным прысудзілі штрафы ў памеры 10 тысяч злотых і абмежаваньне волі тэрмінам на 1 год.
Маргарыта Пушкевіч: «Я перадусім стаю на баку жывёлаў і кажу, што ва ўсім заўсёды вінаватыя людзі»
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня абароны жывёлаў «Зоасьвет», галоўны рэдактар дабрачыннай газэты «Друзья животных» Маргарыта Пушкевіч уважліва сачыла за публікацыямі ў СМІ і прысудам. Яна абураная выбарам месца для акцыі.
«Я ў шоку ад самога ўчынку. Я была перакананая, што беларусы, выхадцы з краіны, якая падчас вайны чвэрць насельніцтва страціла, не дадумаліся б да такога. Я асуджаю гэтых „малойчыкаў“. Хоць нібыта ў іхніх аргумэнтах, што іхная акцыя супраць вайны, штосьці ёсьць, але дзеяньні іх супярэчаць словам. Ну як можна было выбраць такое сьвятое месца — Асьвенцім? Быццам бы дарослыя, адукаваныя хлопцы, але такое ўражаньне, што ў іхных галовах салата зь вінэгрэтам зьмяшаныя», — кажа Маргарыта Пушкевіч.
Што тычыцца прысуду — зьняволеньня двух арганізатараў акцыі, штрафаў і дзесяцігадовай забароны трымаць жывёлаў — Маргарыта Пушкевіч кажа, што каб яна была юрыстам, магчыма, інакш бы пракамэнтавала. На яе ж думку як зоаабаронцы, забойства з асаблівай жорсткасьцю ягняці — гэта наагул страшна, гэта згуба душы.
«Я перадусім стаю на баку жывёлаў і кажу, што ва ўсім заўсёды вінаватыя людзі. І тое, што 10 гадоў арганізатару акцыі нельга трымаць жывёлаў — гэта правільна. У Польшчы вельмі добрае і справядлівае заканадаўства. А ў нас забіў жывёлу — забівай наступную, у горшым выпадку можаш атрымаць адміністратыўку, нават не крыміналку. Спадзяюся, што гэтая справа атрымае вялікі рэзананс. Можа, кагосьці гэты прысуд спыніць», — такую думку выказала Маргарыта Пушкевіч.
Вольга Карпава: «Як можна забіваць каго б там ні было і казаць, што гэта супраць вайны?»
На думку старшыні дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня дапамогі бяздомным жывёлам «Зоашанец» Вольгі Карпавай, хлопцаў, якія адважыліся праводзіць такую акцыю ў Асьвенціме, трэба накіраваць на псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу, правесьці абсьледаваньне.
«У іх з галовамі ня ўсё ў парадку. Бо нармальны чалавек да такога не дадумаўся б, гэты ўчынак насуперак лёгіцы. Да таго ж яны абышліся зь ягнём вельмі жорстка, таму сьмешна слухаць, што акцыя гэтая была за мір і супраць вайны. Як можна забіваць каго б там ні было і казаць, што гэта супраць вайны? Ягня тут пры чым? Ну ладна, яны б там ляльку Гітлера чацьвертавалі, які меў дачыненьне да вайны, да Асьвенціма, а пры чым тут ягня?», — кажа Вольга Карпава.
А што да прысуду, то, на думку зоаабаронцы Карпавай, ён цалкам адпаведны, бо ў Польшчы закон аб абароне жывёлаў дзейнічае. Вольга прывяла ў прыклад суседнюю Літву, дзе за такі ўчынак можна атрымаць 3 гады, узгадала нават Пакістан, Грузію, Украіну, дзе ўведзеная сур’ёзная крымінальная адказнасьць за жорсткае абыходжаньне з жывёламі.
«А ў нас можна зрабіць тое ж самае, і нічога ня будзе. У лепшым выпадку — прыцягненьне да адміністрацыйнай адказнасьці. На маёй памяці было літаральна два выпадкі прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за жорсткае абыходжаньне з жывёламі. І то завялі крымінальную справу не за тое, што чалавек забіў жывёлу, а за тое, што ён яшчэ і гаспадару сабакі пагражаў і раней быў судзімы», — кажа Вольга Карпава.