Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я габрэй. Мае сваякі загінулі падчас Галакосту», — беларускі ўдзельнік пэрформансу ў Асьвенціме чакае прысуду ў Польшчы


Мікіта Валадзько
Мікіта Валадзько

2 гады і 2 месяцы зьняволеньня, 5 гадоў забароны на прафэсію, штраф у некалькі тысяч злотых і экстрадыцыя — такія пакараньні можа атрымаць Мікіта Валадзько.

«Мы хацелі паказаць, што Асьвенцім нічому нас не навучыў», — Мікіта разам з 11 хлапцамі і дзяўчатамі зладзіў акцыю каля Асьвенціма. 24 сакавіка 2017 году разьдзетыя дагала маладыя людзі завесілі лёзунг «Arbeit Macht Frei» расьцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Двое ўдзельнікаў-беларусаў, сярод іх Мікіта, падчас акцыі зарэзалі ягня.

Суд над удзельнікамі акцыі, сярод якіх 4 беларусаў, палякі і грамадзянін Нямеччыны, ад жніўня 2017 году ідзе ў раённым судзе Асьвенціма. 8 студзеня падсудныя выступілі з апошнім словам. Шараговым удзельнікам пракурор просіць 1 год 4 месяцы зьняволеньня кожнаму (пакараньне можа быць адбыта ў выглядзе 32 гадзін сацыяльнай працы на месяц).

Беларусам Мікіту Валадзько і Адаму Бяляцкаму, якіх сьледзтва лічыць арганізатарамі акцыі, пагражае 2 гады 2 месяцы і 2 гады 6 месяцаў зьняволеньня адпаведна. Іх абвінавачваюць таксама ў забойстве жывёлы.

Адам Бяляцкі — сын вядомага беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага. Свой удзел у акцыі і судовым працэсе ён асабіста пацьвердзіў Радыё Свабода.

Мікіту 27 гадоў. Сёлета ён мае скончыць Кракаўскую Акадэмію мастацтваў па спэцыяльнасьці «Рэжысура». Паступіў у 2011 годзе па праграме Каліноўскага, пасьля таго як яго адлічылі зь біяфаку БДУ.

«Пасьля пікетаў і арыштаў адлічылі за „парушэньне дысцыпліны і кодэксу БДУ“», — кажа ён. На выхадзе ў яго дыплёмная праца. Плянуюцца дзьве тэатральныя прэм’еры.

Пра саму акцыю, якая называецца «Love Macht Frei», кажа так:

«Асноўнай мэтай пэрформансу была несправядлівасьць. Адразу пытаюцца: „Чаму Асьвенцім? Гэта ж сьвятое месца, якое мы шануем“. А мне здаецца, што нічога мы гэтае месца не шануем. Нам проста ўпарваюць ілжывую інфармацыю пра тое, што гэтая жахлівая трагедыя ня можа паўтарыцца».

Мікіта спрабуе тлумачыць кантэкст, у якім узьнікла ідэя пэрформансу.

«Мы шлем у Сырыю людзей, самалёты, умешваемся не ў свае канфлікты. Не як міратворцы, а мы там гарады зьнішчаем з жывымі людзьмі! Аўганістан, Чачня, Ірак... мы ўвесь час там знаходзімся і кагосьці забіваем, — кажа ён. — Мэдыя перадаюць: „Зьнішчылі тры нашы самалёты“. А там гарады ў руінах стаяць, няясна, колькі там зьнішчана жанчын, дзяцей... Мы як артысты вельмі перажываем за гэта».

На думку Мікіты, «мэдыя кажуць тое, што ім гавораць казаць».

«А Польшча накіроўвае ў Сырыю 210 салдат і 4 F-16, якіх усяго 3 тысячы на плянэце, і кажуць, што гэта сымбалічна. А калі кожная краіна NATO накіроўвае?!»

Ідэя накіраваць польскіх салдат і самалёты F-16 у Сырыю абмяркоўвалася на найвышэйшым узроўні ў Польшчы на пачатку 2016 году, але не была рэалізаваная.

Мікіта праводзіць паралель: падчас Другой усясьветнай вайны ніхто не зьвяртаў увагі на генацыд габрэяў — гэтаксама як цяпер мала кажуць пра тое, колькі людзей гіне ў вайне ў Сырыі.

Уваход у Асьвенцім, архіўнае фота
Уваход у Асьвенцім, архіўнае фота

«Я сам габрэй. Мае сваякі загінулі падчас Галакосту, я ведаю, пра што кажу», — сьцьвярджае ён і распавядае, што частку ягоных сваякоў-габрэяў расстралялі нацысты, а іншыя хаваліся ад перасьледу.

«Мэта нашага пэрформансу была ў тым, каб зьвярнуць увагу на тое, што мы, напэўна, нічога не зразумелі пра Асьвенцім. Неяк нам кепска патлумачылі, што забіваць нельга, — кажа ён. — І мы так сама робім. Мяне гэта да шалу даводзіць. І ягня было сымбалем нявіннай істоты, якая ад рук цынічных палітыкаў і мэдыя нашымі рукамі была цынічна заколатая. Гэта пра цынізм было».

«Ягня было татальна шкада»

Забойства ягняці падчас пэрформансу выклікала гнеў абаронцаў правоў жывёл. Катажына Кучынская з польскага Таварыства аховы жывёлаў заявіла ў судзе, што ягня забілі 15 ударамі нажа. «Яно загінула жудасным, барбарскім чынам. І ў такім месцы. Гэта немаральна», — прыводзіць яе словы з суду агенцтва PAP.

«Мне шкада любую жывую істоту. Я ніколі нікога не забіваў. Камароў, зразумела. Канечне, гэта шок, — кажа Мікіта. — Ягня татальна шкада. Яго прывезьлі з саўгасу. Яно жыло з намі ў абсталяванай сучаснай кватэры, бо яго не было куды падзець. Харчавалася з намі ежай з супэрмаркету. Мы да яго прывязаліся».

Мікіта тлумачыць, што ідэя забойства ягняці была сымбалічная.

«Гэты канфлікт бясконцы. Але мы можам яго спыніць, калі грамадзяне падумаюць сваёй галавой, зьбяруцца ў грамадзянскую супольнасьць і пачнуць пратэставаць супраць таго, што іх краіна дапамагае ўвогуле нейкім левым чувакам. Палякі сваю незалежнасьць у Сырыі абараняюць? Чаго яны туды едуць?» — кажа Мікіта.

Усе гэтыя разважаньні сабраліся ў «гнеў, які сымбалізавала ягня».

«Як можна ацаніць стаўленьне да нас пасьля таго, як гэта адбылося? Яно мусіць быць нэгатыўнае! Ніякае забойства нельга заахвочваць. Мы ўзялі ягня, зрабілі зь ім усё, што захацелі. Гэтаксама людзі робяць з цэлымі нацыямі!»

«Суд нас ня чуе»

Па словах Мікіты, удзельнікі пэрформансу паміж сабой знаёмыя, але аб’ядналіся толькі ў гэтай мастацкай акцыі. Усім ім ад 20 да 27 гадоў. Цяпер, калі ідзе суд, яны вельмі перажываюць, асабліва дзяўчаты. Затрымалі іх адразу пасьля акцыі. Потым яшчэ некалькі сутак яны правялі ў турме.

«Затрымлівалі вельмі жорстка — штурхалі, хтосьці моцна атрымаў, кагосьці білі, кагосьці круцілі. І дзяўчат, і хлапцоў. У самім зьняволеньні ахоўнікі, відаць, з разуменьнем ставяцца да тых, каму і так няпроста. Да мяне, прынамсі, ставіліся нармальна», — кажа ён.

Суд пачаўся ў жніўні 2017 году. Ад адваката Мікіта адмовіўся. Беларуская амбасада зь ім на сувязь не выходзіла.

«Вырашыў, што, раз гэта ідэалягічная рэч, буду абараняцца сам», — кажа ён.

Сам Мікіта кажа, што яго абвінавачваюць у забойстве жывёлы і апаганьваньні помніка.

«Мне пагражае 1 год і 6 месяцаў турмы, 1 год і 8 месяцаў папраўчых работ, 5 гадоў забароны на прафэсію, некалькі тысяч злотых штрафу і экстрадыцыя», — падсумоўвае Мікіта свае магчымыя пакараньні.

У размове выглядае, што з усяго гэтага яго найбольш турбуе «забарона на прафэсію». Паводле Мікіты, ён ставіць п’есы ў некалькіх дзяржаўных тэатрах Польшчы. Кажа, што пасьля таго, што здарылася, некалькі пастановак сарваліся. Але зьявіліся прапановы зь цікавейшых і больш важных тэатральных месцаў.

У судзе Мікіта спачатку прызнаў сваю віну ў забойстве жывёлы, але сам ход працэсу памяняў ягонае стаўленьне.

«Я да абвінавачаньня абаронцаў жывёлаў стаўлюся кепска. Не лічу яго адэкватным і аб’ектыўным. Я гаварыў пра гэта ў апошнім слове», — кажа ён. І тлумачыць далей:

«Ягня — гэта жывёла, якую рыхтуюць на забой. Гэта не сабака, ня кот, не папугай. Мне здаецца, што абаронцы правоў жывёл апартуністычна падыходзяць да нашага працэсу. Ягня памерла хутка, за 20 сэкундаў. Мы забілі адно ягня, а ў гэты час у Польшчы адна самая вялікая фабрыка забівае 350 тысяч такіх жывёл у месяц.

Пакуль наша ягня пакутавала на патрэбы грамадзтва, пакуты на гэтай фабрыцы працягваюцца круглыя суткі. А на нашым судзе яны займаюцца тым, што ім нібыта шкада гэтага ягняці», — кажа Мікіта.

Мікіта тлумачыць, што аб’ектам ідэі пэрформансу была ўлада як такая.

«Мы вырашылі зрабіць нешта шчырае, бо адчуваем, што адбываецца падман грамадзян Эўропы».

Цяпер гэтая «дуэль з уладай», па словах Мікіты, працягваецца ў судзе.

«Мы вырашылі зрабіць нешта шчырае, бо адчуваем, што адбываецца падман грамадзян Эўропы, — разважае ён. — Калі яно не дасягнула мэты, то яшчэ дасягне».

«Мне здаецца, што суд нас ня слухае і ня чуе, — кажа Мікіта. — Учора А. кажа апошняе слова, а яго перарываюць разоў дзесяць. Бо, на іх думку, ён гаварыў не па тэме. Гэта апошняе слова, яму пагражае 3 гады, ён можа пастаяць 10 хвілін пагаварыць? Адчуваецца нэгатыўны падыход. Ім па барабане, насамрэч, хто мы і што мы. Пракурор сказаў: „Нам важна паказаць усім, што гэта больш ня можа паўтарыцца“».

Мікіта сваёй віны не прызнаў па ніводным пункце, аднак ня ведае, як гэта задакумэнтавана ў працэсе.

«Учора на судзе я сказаў, што лічу сябе цалкам невінаватым, — кажа ён. — Гэта не таму, што мне не шкада ягняці. Раней я хацеў прыйсьці туды і справядліва разабрацца, разумеючы, дзе я парушыў закон. Хацеў проста разабрацца, атрымаць пакараньне. Але цяпер гэта ператварылася ў крывадушны цырк. І гэта так на мяне паўплывала».

Прысуд у справе пэрформансу «Love Macht Frei» будзе агучаны 17 студзеня 2018 году.

Адаму Бяляцкаму пагражае два з паловай гады зьняволеньня за апагаваньне мэмарыялу ў Асьвенцыме

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG