Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У навагоднім звароце Кім Чэн Ын заявіў пра «неабходнасьць» масава вырабляць ядзерныя боегалоўкі


Кім Чэн Ын
Кім Чэн Ын

Лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын заявіў, што КНДР «завяршыла» працэс станаўленьня ядзернай дзяржавай. Пра гэта ён сказаў у тэлезвароце з нагоды Новага году.

«Мы завяршылі стварэньне нацыянальных ядзерных сілаў нашай краіны. Усе Злучаныя Штаты знаходзяцца ў межах дыяпазону нашай ядзернай зброі, і на маім стале заўсёды знаходзіцца ядзерная кнопка. Гэта рэальнасьць, а не пагроза», — сказаў Кім Чэн Ын.

Ён заявіў пра «неабходнасьць» масава вырабляць ядзерныя боегалоўкі і балістычныя ракеты і паскараць іх разгортваньне. Лідэр КНДР дадаў, што ён будзе выкарыстоўваць такое зброю толькі ў выпадку пагрозаў бясьпецы.

Акрамя таго, Кім Чэн Ын выказаўся за дыялёг са сваім супернікам — Паўднёвай Карэяй. Ён заявіў, што шлях для дыялёгу з мэтай паляпшэньня сувязяў паміж Пхеньянам і Сэулам — «адкрыты».

«Калі казаць пра адносіны паміж Паўночнай і Паўднёвай Карэяй, то мы павінны зьнізіць ваенную напружанасьць на Карэйскім паўвостраве, каб стварыць мірную абстаноўку», — сказаў Кім. «І Поўнач, і Поўдзень павінны прыкладаць для гэтага намаганьні».

Кім Чэн Ын паведаміў, што разглядае магчымасьць адпраўкі паўночнакарэйскай каманды для ўдзелу ў зімовых Алімпійскіх гульнях, заплянаваных на 9-25 лютага ў паўднёвакарэйскім горадзе Пхенчхан. Паводле яго словаў, абмеркаваць гэтае пытаньне могуць службовыя асобы дзьвюх краінаў.

«Удзел Паўночнай Карэі ў зімовых гульнях стане добрай магчымасьцю паказаць адзінства народа, і мы хочам, каб гульні былі пасьпяховыя», — сказаў ён.

Прэзыдэнт Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Ін заявіў, што ўдзел спартоўцаў з Паўночнай Карэі гарантуе бясьпеку гульняў.

Паўднёвая Карэя зьяўляецца саюзьнікам Злучаных Штатаў, на яе тэрыторыі разьмешчаныя тысячы амэрыканскіх вайскоўцаў.

Злучаныя Штаты і Паўночная Карэя ўступілі ў «вайну» заяваў, якая ўзмацняецца кожны раз, калі Пхеньян выпрабоўваў свае балістычныя ракеты і ядзерную зброю ў парушэньне рэзалюцыяў ААН.

У верасьні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сваім выступе перад ААН паабяцаў «цалкам зьнішчыць» Паўночную Карэю, калі тая будзе пагражаць ЗША і іх саюзьнікам. Вашынгтон таксама стаў галоўным ініцыятарам узмацненьня фінансавых санкцыяў у дачыненні да Паўночнай Карэі. Пхеньян у адказ назваў гэта «актам вайны».

Адмірал і былы старшыня Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША Майк Мален у інтэрв’ю тэлеканалу ABC 31 сьнежня заявіў, што Злучаныя Штаты «як ніколі раней, блізкія да ядзернай вайны з Паўночнай Карэяй», улічваючы жорсткую рыторыку лідэраў абедзьвюх краін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG