Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што заўважылі праваабаронцы: 6 галоўных прыкметаў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і кандыдатаў у дэпутаты


Аналітыкі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падрыхтавалі справаздачу па выніках рэгістрацыі ініцыятыўных групаў і кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 2018 году.

Свабода адабрала са справаздачы найбольш істотныя моманты.

Выбарчыя камісіі не стваралі значных перашкодаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў

Паводле дадзеных ЦВК, зарэгістраваныя 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9% ад агульнай колькасьці вылучаных. На папярэдніх выбарах у 2014 годзе працэнт рэгістрацыі складаў 99,7%. Выбарчыя камісіі не стваралі значных перашкодаў для рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Варта адзначыць, што былі зарэгістраваныя ўсе ініцыятыўныя групы па вылучэньні сябраў палітычных партый.

У параўнаньні з папярэднімі выбарамі колькасьць адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў зьменшылася больш чым у два разы. Гэта зьвязана, сярод іншага, з тым, што на мінулых выбарах выбарчыя камісіі актыўна выкарыстоўвалі ўведзеную ў 2013 годзе норму, якая дазваляе вылучацца кандыдатам толькі па адной выбарчай акрузе. Калі ж вылучэнец падаваў заяву аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па некалькіх акругах, акруговыя выбарчыя камісіі адмаўлялі ў рэгістрацыі ўсіх яго ініцыятыўных групаў. Падчас сёлетняй кампаніі адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных групаў з гэтай прычыны не зафіксавана.

Працоўныя калектывы па-ранейшаму вылучаюць кандыдатаў

Хоць актыўнасьць працоўных калектываў на сёлетніх выбарах крыху зьменшылася, тым ня менш яны застаюцца актыўнымі ўдзельнікамі выбарчай кампаніі. Яны вылучылі больш як чацьвёртую частку ўсіх кандыдатаў у дэпутаты. Такая высокая палітычная актыўнасьць ненатуральная для калектываў, згуртаваных па вытворча-эканамічнай прыкмеце, асабліва ў цяперашняй складанай эканамічнай сытуацыі.

Кандыдатаў вылучылі 11 партый з 15 зарэгістраваных

Сярод палітычных партый лідэры па вылучэньні —

  • Камуністычная партыя (333 кандыдаты, або 33,5% агульнай колькасьці кандыдатаў ад палітычных партый),
  • Лібэральна-дэмакратычная (267 кандыдатаў, або 26,9%),
  • Рэспубліканская партыя працы і справядлівасьці (154 кандыдаты, або 15,5%).

У параўнаньні з выбарамі 2014 году апазыцыйныя партыі праявілі значна меншую актыўнасьць. Калі тады яны агулам вылучылі 315 кандыдатаў, або 39% ад агульнай колькасьці партыйцаў, то сёлета вылучана 219 кандыдатаў, або 22%. Праўладныя партыі, наадварот, вылучылі ўдвая зь лішкам больш кандыдатаў у параўнаньні зь мінулымі выбарамі: 315 кандыдатаў у 2014 годзе і 774 сёлета.

Чым далей ад сталіцы, тым меншы конкурс

У менскі гарадзкі савет конкурс склаў 6 вылучэнцаў на месца, у той час як у раённыя саветы — 1,29, а ў сельскія — 1,17.

Прадстаўнікі і апазыцыйных, і праўладных партыйных структур вылучаюцца перш за ўсё ў Менску. Адзінкі зь іх ідуць у райсаветы, а сельсаветы фармуюцца практычна без удзелу партыйцаў.

Подпісы — яшчэ не гарантыя рэгістрацыі

Праявілася розьніца ў падыходах да прадстаўнікоў апазыцыі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, і да іншых прэтэндэнтаў. Калі агульны працэнт рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў склаў 98% (такая ж лічба ў 2014 годзе), то ў прадстаўнікоў руху «За свабоду» — 28,6%, у незарэгістраванай партыі БХД — 33%, у кампаніі «Гавары праўду» — 60,9%.

Колькасьць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў у Менскі гарсавет склала 23%, у саветы раённага роўню — 1,5%, у сельсаветы — 0,3%.

Розьніца ў якасьці пададзеных на рэгістрацыю дакумэнтаў ня можа быць патлумачана нізкай якасьцю падрыхтоўкі кандыдатаў у дэпутаты саветаў ніжэйшага роўню ў параўнаньні з дасьведчанымі ў палітычных баталіях сталічнымі партыйцамі і актывістамі. Экспэрты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» лічаць, што па-ранейшаму пры разглядзе дакумэнтаў і рэгістрацыі кандыдатаў выбарчыя камісіі сэлектыўна выкарыстоўвалі тэхнічныя працэдуры.

Назіральнікаў не дапусьцілі да праверкі

78% назіральнікаў кампаніі не былі дапушчаныя непасрэдна да праверак і ня мелі магчымасьці ўпэўніцца ў поўным і абʼектыўным падыходзе камісій да вывучэньня дакумэнтаў. Практычна назіральнікі маглі прысутнічаць толькі на пасяджэньнях, падчас якіх агучваліся вынікі праверак і выносіліся рашэньні аб рэгістрацыі. Гэта істотна зьніжае давер да працы выбарчых камісій, дазваляе ставіць пад сумнеў ня толькі асобныя рашэньні аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў, але і тыя рашэньні, якімі кандыдаты былі зарэгістраваныя.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую з 2008 году праводзяць Беларускі Хэльсынскі камітэт і Праваабарончы цэнтар «Вясна», зьяўляецца незалежнай і ня ставіць за мэту падтрымку палітычных партый і якіх-небудзь палітычных дзеячоў. Увесь выбарчы працэс назіральнікі ацэньваюць, зыходзячы выключна з прынцыпаў свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, пры якіх народ Беларусі можа ў поўнай меры рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на ўдзел у кіраваньні краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG