Пасьля рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў кампанія назіраньня «Права выбару» ахопіць сваёй праграмай «Моцны кандыдат — моцны назіральнік» 64 асобы. Кожнаму кандыдату будзе вызначана ў сярэднім пяць назіральнікаў.
Гэтую лічбу назваў Свабодзе 19 студзеня каардынатар кампаніі Алесь Сілкоў.
«Першапачаткова мы знайшлі 100 маладых пэрспэктыўных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Супрацоўнічалі зь імі з восені, назіраючы за іх лякальнымі інфармацыйна-мабілізацыйнымі кампаніямі. Прыглядаліся, як яны працуюць зь людзьмі, і вырашылі вызначыць кожнаму ў сярэднім пяць назіральнікаў за галасаваньнем», — кажа каардынатар.
Аднак хтосьці з сотні не прайшоў этап рэгістрацыі, хтосьці правёў слабую кампанію. Таму пакуль у праграме «Моцны кандыдат — моцны назіральнік» 64 чалавекі.
Выбарчыя ўчасткі, якія трапляюць у праграму «Моцны кандыдат — моцны назіральнік», актывісты «Права выбару» будуць маніторыць ад першага дня датэрміновага галасаваньня. Яшчэ на 400 участках назіраньне будзе весьціся толькі 18 лютага.
Чаму ўлады не чапляюцца да партыйных вылучэнцаў
Алесь Сілкоў кажа, што ў сёлетняй рэгістрацыі кандыдатаў ёсьць свая адметнасьць.
«Калі раней улады найперш чынілі перашкоды партыйным кандыдатам, то цяпер найбольш прыдзіраюцца да тых, хто вылучаўся праз збор подпісаў. Калі ўлады бачаць, што прэтэндэнт актыўны, што ён можа атрымаць галасы выбарнікаў, то яго любым чынам „стрымліваюць“. Кіраўніца ж Цэнтравыбаркаму Ярмошына будзе казыраць перад замежнікамі лічбамі аб мінімальнай нерэгістрацыі партыйных вылучэнцаў», — кажа назіральнік.
У кампанію назіраньня за выбарамі «Права выбару» ўваходзяць прадстаўнікі васьмі структураў — Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай партыі «Зялёныя», партыі БНФ, аргкамітэтаў дзеля стварэньня партыі БХД і партыі Свабоды і прагрэсу, прафсаюзу РЭП, руху «За свабоду».