Экспэрты ў галіне бясьпекі Facebook паўторна прааналізуюць, ці мелі месца нейкія маніпуляцыі з боку Расеі.
Facebook не адразу прызнаў умяшаньне
У лістападзе летась у кампаніі Facebook паведамілі, што ня бачаць прыкмет спробаў з боку Расеі аказаць ўплыў на рэфэрэндум па Brexit праз сацыяльную сетку.
Але ўжо ў наступным месяцы Facebook прызнала наяўнасьць такіх спроб, хоць і невялікіх: пецярбурскае Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў, вядомае як «фабрыка троляў», закупіла на суму крыху менш аднаго даляра тры рэклямныя аб’явы, якія тычыліся Brexit.
Падчас выбараў прэзыдэнта ЗША
Паводле дадзеных Facebook, падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў ЗША Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў патраціла парадку 100 тысяч даляраў на распаўсюджваньне ў сетцы праз падстаўныя акаўнты прапагандысцкіх матэрыялаў.
Сьцьвярджаецца, што яны былі дастаўленыя больш чым 10 мільёнам карыстальнікаў. Так званыя «крамлёўскія тролі» таксама разьмясьцілі ў сацыяльнай сетцы бясплатныя матэрыялы, якія былі прагледжаныя 126 мільёнамі карыстальнікаў.
Маркёры для ботаў
Летась кампанія Facebook запусьціла кампанію барацьбы з ілжывымі навінамі. Буйныя інфармацыйныя агенцтвы дапамагалі сацыяльнай сетцы маркіраваць сумнеўныя публікацыі. Кампанія таксама супрацоўнічае з расьсьледаваньнем Сэнату ЗША пра меркаванае ўмяшаньне Расеі ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта ў 2016 годзе.
Карыстальнікі Facebook цяпер могуць даведацца, ці былі яны падпісаныя на старонкі ў сацыяльных сетках, якія нібыта публікавалі «расійскую прапаганду» — а менавіта пасты, створаныя так званай «фабрыкай троляў».