Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва сфармулявала больш за 100 заўваг пасьля вывучэньня стрэс-тэстаў БелАЭС


Будаўніцтва Беларускай АЭС.
Будаўніцтва Беларускай АЭС.

Беларуская АЭС, якая будуецца непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы, не адпавядае сучасным патрабаваньням бясьпекі, сьцьвярджаюць літоўскія спэцыялісты, якія азнаёміліся са справаздачай па стрэс-тэстах БелАЭС.

Літва сфармулявала больш за 100 заўваг і пытаньня па ўстойлівасьці АЭС да ўзьдзеяньня экстрэмальных сытуацый, паведамляе DELFI са спасылкай на Літоўскую Дзяржаўную інспэкцыю па атамнай энэргэтыцы (VATESI). Самае важнае пытаньне Літвы аб выбары пляцоўкі для будаўніцтва станцыі ў справаздачы не разглядалася, а таму яно і шэраг іншых пытаньняў застаюцца без адказу, адзначаецца ў паведамленьні.

«У дадатак да раней вылучаных Літвой пытаньняў, на якія Беларусь да гэтага часу не дала адказаў, азнаямленьне са справаздачай стрэсавых тэстаў паказала, што і ў гэтай галіне праект Беларускай атамнай электрастанцыі мае недахопы, якія неабходна ліквідаваць да пачатку пуску першага рэактара», — адзначае ў паведамленьні кіраўнік рабочай групы і намесьнік начальніка VATESI па ядзернай бясьпецы Сігітас Шляпавічус.

Рабочая група сьцьвярджае, што ёй не хапае абгрунтаваньня ўстойлівасьці АЭС у выпадку падзеньня цяжкага камэрцыйнага самалёта, а таксама забесьпячэньня незалежнасьці сыстэмы кіраваньня ў выпадку цяжкіх аварый.

Акрамя таго, у Літвы выклікае сумневы аналіз ўстойлівасьці праекту ў выпадку экстрэмальнага землятрусу, бо ён грунтуецца на дасьледаваньнях 1997 году. Сьцьвярджаецца, што ў стрэсавых тэстах Астравецкай АЭС ня ўлічаныя магчымыя наступствы ад лясных пажараў у разьмешчаных паблізу лясах і іншыя небясьпекі, у тым ліку магчымыя паводкі пасьля землятрусу, якія могуць адбыцца, калі прарве тры штучныя вадаёмы на рацэ Нярыс.

Сфармуляваныя літоўскімі інстытутамі заўвагі і пытаньні да 25 студзеня будуць перададзеныя Эўрапейскай камісіі і створанай Эўрапейскай групай арганізацый па рэгуляцыі ядзернай бясьпекі (ENSREG) міжнароднай рабочай экспэртнай групе.

У Літве ў разглядзе справаздачы стрэсавых тэстаў БелАЭС ўдзельнічаюць VATESI, Інстытут энэргетыкі, кампанія VAE SPB, Ігналінская атамная электрастанцыя (ІАЭС), Літоўская геалягічная служба, гідрамэтэаслужбы краіны, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства энэргетыкі, а таксама Агенцтва ўтылізацыі ядзерных адыходаў.

Беларусь больш за год таму праводзіла стрэс-тэсты на Беларускай АЭС у верасьні 2016 году, атрымала вынікі ў мінулым сьнежні, але апублікавала іх і перадала ў Эўракамісію толькі 8 лістапада бягучага году. Літва, да межаў якой ад Астравецкай АЭС нямногім больш за 20 км, па-ранейшаму сумняецца ў бясьпецы беларускага праекту.

Міністэрства замежных справаў Літвы апублікавала афіцыйную рэакцыю на выдадзеныя вынікі стрэс-тэстаў на БелАЭС. Там лічаць, што высновы пра бясьпеку станцыі можна будзе рабіць толькі пасьля ацэнкі стрэс-тэстаў экспэртамі Эўразьвязу, чакаць якой можна не раней за сярэдзіну 2018 году, ды й самі стрэс-тэсты — толькі адзін са шматлікіх элемэнтаў бясьпекі.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Беларускую атамную электрастанцыю плянуецца ўвесьці ў эксплюатацыю летам 2020 году. Для Беларускай АЭС абраны праект АЭС-2006 — тыповы расейскі праект атамнай станцыі з выкарыстаньнем рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва чакаецца ў канцы 2018 году. Указ «Аб збудаваньні Беларускай атамнай электрастанцыі» Аляксандар Лукашэнка падпісаў у 2013 годзе, а будаўніцтва пачалося значна раней, калі не было яшчэ праектнай дакумэнтацыі. Беларуская АЭС узводзіцца коштам крэдыту ад Расеі. Кошт будаўніцтва — прыкладна 11 мільярдаў даляраў. Улады Літвы хочуць, каб краіны Балтыі, а магчыма, і іншыя краіны Эўразьвязу не куплялі прадукцыю астравецкай станцыі, крытыкуе суседзяў за пасіўнасьць у «байкоце» БелАЭС.

Літва назвала 10 прычынаў не будаваць БелАЭС

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG