Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паклікаў у Астравец літоўскіх атамшчыкаў, якія працавалі на Ігналінскай АЭС


Беларуская АЭС у Астраўцы
Беларуская АЭС у Астраўцы

Аляксандар Лукашэнка не спыняе намаганьняў, каб прыцягнуць Літву да сумеснай эксплюатацыі Беларускай АЭС. Як заявіў ён з трыбуны ІІ зьезду навукоўцаў Беларусі, атамная станцыя ў любым выпадку будзе збудаваная, а таму трэба думаць наперад — як мінімум на 10-20 гадоў.

Кажучы пра кіраўніцтва Літвы, якое застаецца найбольш пасьлядоўным крытыкам будаўніцтва АЭС у Астраўцы, Лукашэнка адзначыў, што выходзіў з канкрэтнымі прапановамі, якія дагэтуль не пачутыя.

«Закрытая Ігналінская станцыя, тысячы людзей выкінутыя на вуліцу, — цытуе Лукашэнку агенцтва БелаПАН. — Гэта граматныя, падрыхтаваныя людзі, якіх у сьвеце адзінкі. Эксклюзыўны тавар. Для іх будзе месца працы. Мы асабліва не напружваемся, што да нас прыйдуць на станцыю працаваць грамадзяне Літвы ці нейкіх іншых дзяржаў — будуць разам зь беларусамі і расейцамі эксплюатаваць гэтую станцыю».

Лукашэнка заклікаў разам падумаць, як атрымліваць танную электрычную энэргію і забясьпечыць ня толькі Беларусь, а і тых, хто намагаецца палітызаваць праблему. У тым, што будзе прафіцыт вырабленай энэргіі, кіраўнік Беларусі не сумняваецца.

Ён таксама перакананы, што ўжо ў агляднай будучыні жыцьцё грамадзтва будзе замешчана на чыстую энэргію. Таму ў гэтым сэнсе Беларусь — адна з тых краінаў, якая жыве ня толькі сёньняшнім днём, а і заўтрашнім.

«Будаваньне АЭС сфармавала новую навукаёмістую галіну нашай эканомікі, — працягнуў ён. — Усе вы ведаеце, якое раўнівае стаўленьне ў некаторых нашых суседзяў да будаўніцтва Беларускай АЭС. — Пераканаўчым навуковым адказам апанэнтам у гэтым пытаньні будзе распрацоўка аўтаматызаванай сыстэмы кантролю радыяцыйнага становішча сусьветнага ўзроўню».

Замест таго, каб на розных узроўнях тарпэдаваць пытаньні наконт будаўніцтва АЭС, лепш пачаць супрацоўнічаць, — адзначыў Лукашэнка. «Мы ўсё роўна яе пабудуем, як бы камусьці не хацелася», — падсумаваў ён.

5 нязручных пытаньняў уладам пра Беларускую АЭС

Астравецкую АЭС будуе расейская карпарацыя «Росатом» паводле тыповага расейскага праекту АЭС-2006. Рашэньне будаваць станцыю было публічна агучана ў 2008 годзе, будаўнічыя працы на астравецкай пляцоўцы пачаліся ў 2011 годзе. Агулам тэрмін здачы БелАЭС пераносіўся на 4 гады. Па стане на сьнежань 2017 году тэрмін здачы станцыі прызначаны на лета 2020 году.

Суседнія краіны выступаюць супраць будаўніцтва беларускай АЭС: Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах і заклікае не купляць электраэнэргію зь БелАЭС. У гэтым іх падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG