Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына абвінаваціла палітычныя партыі ў безальтэрнатыўнасьці мясцовых выбараў


Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі 12 студзеня
Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі 12 студзеня

Толькі пры абраньні дэпутатаў Менскага гарадзкога і Магілёўскага абласнога саветаў у кожнай выбарчай акрузе будзе альтэрнатыва. Пра гэта сёньня паведаміла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

Яна сказала, што ў іншых абласьцях шмат дзе выбару проста ня будзе. Напрыклад, у Віцебскім абласным савеце з 60 акруг у 18 толькі адзін кандыдат. А ў Горадзенскай вобласьці больш за палову акругаў (34 з 60) безальтэрнатыўныя.

Старшыня ЦВК не стала канкрэтызаваць сытуацыю ў саветах ніжэйшага роўню, адзначыўшы, што там справы яшчэ горшыя. Прычым, Ярмошына не бачыць у гэтым нейкай жорсткасьці з боку выбарчых камісіяў.

«У нас зафіксавана толькі 16 адмоваў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп. А гэта ж кропля ў моры», — падкрэсьліла старшыня Цэнтарвыбаркаму.

На яе думку, у адсутнасьці канкурэнцыі на выбарах вінаватыя палітычныя партыі, якія «недапрацоўваюць». Большага чакала Ярмошына і ад прадпрымальнікаў. Іх доля ў агульным сьпісе кандыдатаў толькі 2%.

«Гэта катэгорыя людзей ня любіць працаваць за так. Мабыць, яны ня бачаць у дэпутацтве для сябе нейкага прыбытку. І дарэмна. Усё ж статус дэпутата гэта дзьверы ў элітарную супольнасьць. У Менску гэта ўжо разумеюць. А на пэрыфэрыі пакуль не», — сказала Ярмошына.

Дарэчы, у сьпісе патэнцыйных кандыдатаў найбольш шырока прадстаўленыя тры катэгорыі: адукацыя, культура, навука, ахова здароўя — 30%, прамысловасьць, транспарт, сувязь — 20%, дзяржаўныя органы — 11%.

Хто балятуецца ў Менску?

18 лютага ў сталіцы абяруць 57 дэпутатаў. У сярэднім на адзін мандат пакуль шэсьць прэтэндэнтаў. Прычым, кожны сёмы тут маладзейшы за 30 гадоў.

Старшыня ЦВК назвала прозьвішчы альбо пасады некаторых патэнцыйных кандыдатаў. Сярод іх былы кандыдат на прэзыдэнта і адзін з лідэраў «Гавары праўды» Тацяна Караткевіч, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец, кіраўнік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Хочуць стаць дэпутатамі дырэктар Тэатра музкамэдыі, два дырэктара кінатэатраў, чатыры студэнты, два адвакаты, генэральны дырэктар завода грамадзянскай авіяцыі, дырэктар Нацыянальнага аэрапорту «Менск» ды іншыя.

На выбары ідуць толькі адважныя? Апазыцыя вылучае ўсё меней кандыдатаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG