Цэнтральная выбарчая камісія 11 студзеня паведаміла пра колькасьць вылучаных кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Паводле папярэдніх дадзеных, чатыры афіцыйна зарэгістраваныя апазыцыйныя партыі супольна вылучылі 220 чалавек. Гэта на 94 меней, чым было на папярэдніх выбарах у 2014 годзе.
Страты панесьлі тры партыі:
- «Справядлівы сьвет» — 72 (сёлета) і 119 (2014 год),
- АГП 78 — і 110,
- партыя БНФ 15 — і 35.
І толькі БСДП (Грамада) павялічыла сваё прадстаўніцтва да 55 параўнальна з 50 кандыдатамі ў 2014 годзе.
У гэтую колькасьць не ўваходзяць партыйцы, якія вылучаліся кандыдатамі праз збор подпісаў выбарнікаў. ЦВК робіць гэта наўмысна, каб адна і тая ж асоба не праходзіла адначасова ў дзьвюх катэгорыях. Але як сьведчыць досьвед ранейшых выбарчых кампаніяў, прырост тут зусім невялікі: у лепшым выпадку пара-тройка дзесяткаў прэтэндэнтаў.
Кіраўнікі партыяў называюць адну і тую ж прычыну зьмяншэньня — ціск на патэнцыйных кандыдатаў з боку ўлады. Кагосьці папярэдзілі, што не працягнуць працоўны кантракт, камусьці паабяцалі непрыемнасьці на іспытах.
Так, на сайце афіцыйна не зарэгістраванай Беларускай партыі хрысьціянскай дэмакратыі адзначаецца: «На жаль, з-за ціску, які аказваўся па месцы працы, калі людзей выклікалі ў МУС альбо на размовы ў КДБ, многія прамоўцы вымушаныя былі зьняць свае кандыдатуры».
Па краіне — бязь зьмен
Сёлета ўсяго кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны 22,7 тысячы чалавек, столькі ж, колькі і чатыры гады таму. Адзінае адрозьненьне, што ў 2014 годзе мандатаў было на 705 болей — 18 816 акругаў.
Сярэдні лік кандыдатаў на выбарчую акругу па краіне складае 1,2. Найбольшая актыўнасьць традыцыйна назіраецца ў Менску — на адну акругу ў сярэднім па шэсьць прэтэндэнтаў. Зыходзячы з гэтага, ясна, што ў шэрагу рэгіянальных акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі.
Рэгістрацыя кандыдатаў завершыцца 18 студзеня.