Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя вылучыла на мясцовыя выбары на 100 кандыдатаў меней, чым у 2014 годзе


9 студзеня пачалася рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі. Гэты працэс працягнецца 10 дзён, пасьля чаго зарэгістраваным удзельнікам выбарчай гонкі ўручаць пасьведчаньні і дазволяць пачаць агітацыю.

Супрацоўніца Цэнтральнай выбарчай камісіі Галіна Мкртчан тлумачыць Свабодзе, што ўсе патэнцыйныя прэтэндэнты дзеляцца на дзьве групы.

«Да першай адносяцца тыя, хто балятуецца ў саветы пярвічнага роўню: сельскія, пасялковыя і гарадзкія раённага падпарадкаваньня — напрыклад, Заслаўе. Ім не патрэбна запаўняць дэклярацыі аб маёмасьці і прыбытку. І таму зь імі будзе прасьцей. Тут дастаткова толькі праверыць сапраўднасьць 20 подпісаў выбарнікаў. А кандыдаты ў больш высокія саветы мусяць прадставіць дэклярацыі. Іх праверкай выбарчыя камісіі не займаюцца. Гэта справа адпаведных дзяржаўных структураў», — удакладняе сытуацыю супрацоўніца Цэнтравыбаркаму.

Паводле яе, пакуль камісіі не атрымаюць даведак, напрыклад, з ДАІ, яны ня могуць пачаць рэгістрацыю. Так што магчымая невялікая затрымка.

Колькі ахвотных балятавацца ў мясцовыя саветы ў Беларусі, пакуль дакладна невядома. У ЦВК затрымку тлумачаць тым, што мясцовыя выбары найбольш складаныя з тэхнічнага пункту гледжаньня. Патрэбны час, каб сабраць зьвесткі з усіх рэгіёнаў.

Чатыры гады таму на аналягічных выбарах вылучалася 22,7 тысячы кандыдатаў.

А што апазыцыя?

Лідэрам па колькасьці кандыдатаў ад дэмакратычных структураў становіцца сёньня грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Начальнік выбарчага штабу гэтай структуры Сяргей Вазьняк сказаў сёньня Свабодзе, што на рэгістрацыю падалі дакумэнты больш за 130 прэтэндэнтаў, у адным толькі Менску — 28.

Колькі прэтэндэнтаў выставяць апазыцыйныя партыі на мясцовых выбарах?

Паводле падлікаў Свабоды, супольна апазыцыйныя партыі і грамадзкія арганізацыі сёлета вылучаюць каля 400 кандыдатаў. Гэта прыкладна на 100 меней, чым чатыры гады таму.

Асноўны дзень галасаваньня прызначаны на 18 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG