Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяроўка добрая, а чалавек загінуў. Судзяць арганізатара экстрэмальных скачкоў зь Менску


Падсудны Аляксей Нікітчанка, за ім — бацька загінулага Аляксандар Лапановіч
Падсудны Аляксей Нікітчанка, за ім — бацька загінулага Аляксандар Лапановіч

Арганізатар роўпджампінгу (скачкоў зь вяроўкай з вышыні) з коміна заводу «Амкадор» віны не прызнае, хоць чалавек загінуў. Ён кажа, што вяроўка была якаснай.

У Заводзкім судзе Менску пачалі судзіць індывідуальнага прадпрымальніка Аляксея Нікітчанку, які арганізоўваў скачкі з коміна заводу «Амкадор» на ўскраіне Менску.

У чэрвені 2016 году пасьля такога скачка загінуў жыхар Салігорску 27-гадовы Яўген Лапановіч, якому сэртыфікат на скачок з вышыні падаравалі на дзень народзінаў («Марыў шмат гадоў»). Цяпер суд разьбіраецца ў абставінах трагедыі. Нікітчанку пагражае да 3 гадоў зьняволеньня паводле 1-й часткі 144-га артыкулу Крымінальнага кодэксу — «учыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць».

«Заканадаўства нераспрацаванае»

Аляксей Нікітчанка на сьледзтве не прызнаваў сябе вінаватым, а да суду зьвярнуся з хадайніцтвам, каб правялі спачатку папярэдняе паседжаньне і справу супраць яго спынілі. Гэтую просьбу Аляксей Нікітчанка абгрунтаваў некалькімі доказамі.

«Цяжкія наступствы адбыліся не па маёй віне, а ў выніку няшчаснага выпадку», — зазначаў Аляксей Нікітчанка і патрабаваў правядзеньня экспэртызы з удзелам незалежных адмыслоўцаў. Сьледчы экспэрымэнт з удзелам міліцыянтаў ён лічыць непрафэсійным, да таго ж спасылаецца на тое, што «у другой частцы экспэрымэнту яму не паказалі, дзе знаходзіліся на вяроўцы вузлы і адмысловыя прылады».

Таксама абвінавачаны Нікітчанка наракаў на тое, што ў Беларусі недастаткова распрацаванае заканадаўства аб роўпджампінгу. Паводле падсуднага, «няма аб’ектыўнага крытэру» для вызначэньня ўзроўню арганізацыі падобных скачкоў. Заяўляў Аляксей Нікітчанка і пра тое, што якасьць вяроўкі, з дапамогай якой ён арганізоўваў скачкі з коміна заводу «Амкадор», нібыта была добрая і «не выклікала сумневу».

«Вяроўка добрая, а чалавек загінуў?»

Бацька загінулага «раўпджампэра» Аляксандар Лапановіч, які ўдзельнічае ў працэсе ў якасьці пацярпелага, пачутым у заяве падсуднага адкрыта абураўся. «Усё было спраўнае, а чаго ж тады чалавек загінуў?»

Што да хадайніцтва абароны падсуднага аб папярэднім судовым паседжаньні, яно было адхіленае. Як і яшчэ два хадайніцтвы — аб недаверы суду і аб тым, каб зрабіць працэс закрытым, бо нібыта ажыятаж у прэсе можа пашкодзіць падсуднаму. «Не, да суду ніякіх пагроз не атрымліваў», — прызнаў Аляксей Нікітчанка перад разглядам хадайніцтва.

Суд таксама разгледзіць хадайніцтва аб прызнаньні пацярпелай і сястры Яўгена Лапановіча Кацярыны Себа. Вынікі разгляду гэтага хадайніцтва стануць вядомыя пасьля абедзеннага перапынку.

Ад камэнтароў для журналістаў падсудны Аляксей Нікітчанка адмовіўся. «Не, пакуль не хацелася б».

Судовы працэс вядзе судзьдзя Заводзкага раённага суду Анжэла Касьцюкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG