У студзені 2018 году ў Ісьляндыі набыў моц першы ў сьвеце закон аб роўнай аплаце працы для мужчын і жанчын за аднолькавую працу. Паводле новага закону, з гэтага часу кампаніі, у якіх працуюць больш за 25 чалавек, абавязаны праходзіць спэцыяльную сэртыфікацыю і пацьвярджаць, што яны прапануюць роўную аплату для мужчын і жанчын на аднолькавых пазыцыях.
Калі кампаніі будуць парушаць закон або спазьняцца з праходжаньнем сэртыфікацыі, на іх могуць накладвацца штрафы, сума якіх будзе ўзрастаць штодня. Штраф, у залежнасьці ад рашэньня суду, можа дасягаць 50 000 ісьляндзкіх крон у дзень, гэта каля ^$ 480. Апроч іншага, закон устанаўлівае больш жорсткія патрабаваньні да прадухіленьня дамаганьняў і дыскрымінацыі на працоўным месцы.
Цалкам пазбавіцца ад гендэрнай розьніцы ў аплаце Ісьляндыя плянуе да 2022 году.
Ісьляндыя ўжо некалькі гадоў запар займае першае месца ў глябальным індэксе гендэрнай роўнасьці, які штогод з 2006-га публікуе Сусьветны эканамічны інстытут.
У 2017 годзе ў яго ўключаны 144 краіны. Рэйтынг пабудаваны па зьмяншэньні індэксу роўнасьці. Ён вызначаецца ад нуля да адзінкі, дзе нуль азначае бяспраўе аднаго з палоў, а адзінка — поўную роўнасьць.
У пяцёрку самых раўнапраўных краінаў увайшлі:
Ісьляндыя (1 месца)
Нарвэгія (2 месца)
Фінляндыя (3 месца)
Руанда (4 месца)
Швэцыя (5 месца)
У канцы сьпісу апынуліся:
Іран (140 месца)
Чад (141 месца)
Сырыя (142 месца)
Пакістан (143 месца)
Емэн (144 месца)
Беларусь знаходзіцца на 26 месцы паміж Літвой і Латвіяй, яна апярэджвае Малдову, Эстонію, Расею, Грузію і Армэнію.
Па дадзеных аўтараў дакладу, сёньня сярэдні сусьветны ўзровень няроўнасьці паміж мужчынамі і жанчынамі апусьціўся да 32%, яшчэ ў 2016 годзе ён быў на ўзроўні 31,7%. У краінах Заходняй Эўропы ўзровень няроўнасьці, у тым ліку і эканамічнай, дасягае 25%, у Паўночнай Амэрыцы — 28%, ва Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі — 29%, на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы няроўнасьць полаў аўтары дакладу ацанілі ў 40%.
Па падліках Сусьветнага эканамічнага інстытуту, у эканамічнай сфэры поўнай гендэрнай роўнасьці прыйдзецца чакаць 217 гадоў. У 2017 годзе гэтая сфэра паказала значны рэгрэс, паказчыкі вярнуліся да лічбаў 2008 году.
Аўтары таксама лічаць, што поўная гендэрная роўнасьць у 106 краінах, якія ўваходзяць у справаздачу на працягу ўсіх 11 гадоў, наступіць праз сто гадоў, нягледзячы на леташняе прадказаньне ў 83 гады. А ў адукацыі поўная роўнасьць павінна наступіць праз 13 гадоў.
У палітыцы, дзе па ўсім сьвеце захоўваецца найбольшая гендэрная няроўнасьць, лічаць аўтары, яна будзе цалкам пераадолена на працягу 99 гадоў.
Як лічыцца індэкс?
Індэкс улічвае чатыры парамэтру: эканамічная роўнасьць, доступ да адукацыі, стан здароўя і пэрспэктыва выжываньня, палітычны ўплыў.
Пры разьліку паказчыка эканамічнай роўнасьці ўлічваюцца суадносіны палоў у нацыянальнай працоўнай сіле, даходах мужчын і даходаў жанчын, колькасьці мужчын і жанчын на кіруючых пасадах і колькасьць мужчын і жанчын у тэхнічных прафэсіях.
Доступ да адукацыі ўлічвае суадносіны палоў у сыстэмах пачатковай, сярэдняй і вышэйшай адукацыі і суадносіны паміж узроўнем пісьменнасьці ў жанчын і мужчын. Менавіта гэты паказчык найбольш высокі ва ўсіх без выключэньня краінах. Нават у зьмешчаным на апошнім месцы рэйтынгу Емэну суадносіны паміж колькасьцю хлопчыкаў і дзяўчынак, якія атрымліваюць пачатковую адукацыю, складаюць 0,85.
Паказчык здароўя і выжываньня разьлічваецца з улікам двух індыкатараў. Першы — гэта суадносіны прадстаўнікоў палоў пры нараджэньні (ён быў уведзены спэцыяльна, каб улічыць фэномэн «ненароджаных дзяўчынак», характэрны для краін, дзе сем’і аддаюць перавагу зрабіць аборт, чым нараджаць дзяўчынак). Другі паказчык — розьніца ў чаканай працягласьці жыцьця ў мужчын і жанчын.
Палітычная ўцягнутасьць разьлічваецца па суадносінам (1) колькасьці мужчын і жанчын з міністэрскімі партфэлямі і (2) дэпутацкімі мандатамі. Менавіта па гэтым паказчыку няроўнасьць паміж мужчынам і жанчынай да гэтага часу вельмі вялікая. Нават у прагрэсіўнай Нарвэгіі (другое месца ў агульным рэйтынгу) ён складае ўсяго 0,530.