Беларусь заняла 26-е месца сярод 144 краін, ацэненых у «Рэйтынгу гендэрнай роўнасьці-2017» (The Global Gender Gap
Index 2017). Рэйтынг падрыхтаваны Ўсясьветным эканамічным форумам (Швайцарыя). Летась Беларусь была на 30-м месцы.
Як ацэньваюць гендэрную роўнасьць
Краіны атрымліваюць індэкс ад нуля (поўная гендэрная няроўнасьць) да адзінкі (поўная роўнасьць). Гэты паказьнік Беларусі сёлета вырас да 0.744, а ў 2016 годзе складаў 0.737, у 2015 — 0.73, у 2007 — 0.711.
Краіны ацэньваюцца паводле чатырох паказьнікаў. Паводле ўдзелу ў эканамічным жыцьці Беларусь займае 5-е месца (таксама 5-е — у 2016-м), паводле адукацыйных дасягненьняў — 35-е (29), паводле здароўя і выжываньня — 45-е (40), а паводле ўдзелу ў палітычным жыцьці — 73-е (80).
Для параўнаньня, у 2007 годзе Беларусь у агульным рэйтынгу займала 23-е месца. Паводле ўдзелу ў эканамічным жыцьці краіна была на 20-м месцы, паводле адукацыйных дасягненьняў — на 74-м, паводле здароўя і выжываньня — на 37-м, а паводле ўдзелу ў палітычным жыцьці — на 39-м.
Сярод краін, на якія вяшчае Радыё Свабода, месцы паводле агульнага рэйтынгу сёлета разьмеркаваліся наступным чынам:
- Беларусь — 26,
- Малдова — 30,
- Сэрбія — 40,
- ЗША — 49,
- Казахстан — 52,
- Харватыя — 54,
- Румынія — 58,
- Украіна — 61,
- Босьнія і Герцагавіна — 66,
- Македонія — 67,
- Расея — 71,
- Чарнагорыя — 77,
- Кіргізстан — 85,
- Чэхія — 88,
- Грузія — 94,
- Таджыкістан — 95,
- Армэнія — 97,
- Азэрбайджан — 98,
- Іран — 140,
- Пакістан — 143.
Суседзі Беларусі ў агульным рэйтынгу разьмеркаваліся наступным чынам:
- Латвія — 20,
- Літва — 28,
- Польшча — 39,
- Украіна — 61,
- Расея — 71.
На першых месцах у сёлетнім рэйтынгу гендэрнай роўнасьці:
- Ісьляндыя;
- Нарвэгія;
- Фінляндыя;
- Руанда;
- Швэцыя.
Найгоршыя паказьнікі ў сёлетнім рэйтынгу маюць Іран, Чад, Сырыя, Пакістан і Емэн.
«Праявы мужчынскага шавінізму ўзмацніліся» — Ніна Стужынская, стваральніца партыі «Жаночая альтэрнатыва»
— Па сутнасьці, паказчык удзелу жанчын у палітычным жыцьці вызначае ўсё: і заробкі жанчын, і занятасьць, і закон адносна сямейнага гвалту, які дагэтуль не прыняты, і доступ да мэдычных паслуг. І я не ўяўляю, як астатнія лічбы карэлююць з гэтай першай. Таму гэта чыста фармальны падыход.
Канечне, каля 30% жанчын у Палаце прадстаўнікоў, хоць мы ведаем, што ў нас выбараў няма і дэпутаты ня маюць ніякага ўплыву. Вызначылі па савецкай квоце, што павінна быць столькі, і так яно ёсьць і па сёньняшні дзень. Хаця гэтыя дэпутаткі не вызначаюць і не абараняюць інтарэсы жаночай групы.
Жанчын няма там, дзе яны павінны быць: дзе дзеляць грошы
У нас жанчын няма там, дзе яны павінны быць: дзе дзеляць грошы. Калі браць сыстэму прыняцьця рашэньняў, то жанчыны прысутнічаюць на самым нізкім узроўні. А чым вышэй, то жанчын усё меней, і на самым высокім узроўні абсалютныя адзінкі, якія не вырашаюць, як насамрэч дзеліцца бюджэт. Група сапраўднага ўплыву на сытуацыю ў краіне вельмі невялічкая. Дык пра што тады казаць?
Апошнім часам гендэрная роўнасьць у Беларусі здала свае пазыцыі. Гэта адчуваецца на пабытовым узроўні. Праявы мужчынскага шавінізму ў самых розных сфэрах узмацніліся. Я ўжо не кажу, што жаночыя арганізацыі ледзь існуюць без падтрымкі ўнутры і звонку і пад моцным пабытовым і палітычным прэсам. Лічу, што цяпер вельмі неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця жаночай ініцыятывы ці то сацыяльнай, ці то палітычнай. Яна не падтрымліваецца нават тымі, хто лічыць сябе дэмакратамі».
Жанчына зарабляе на 25–30% меней, і гэта нікога не турбуе
Выклікае сумневы і пяты радок паводле ўдзелу ў эканамічным жыцьці. Жанчына зарабляе на 25–30% меней, і гэта нікога не турбуе. Сытуацыя з эканамічнай бясьпекай жанчын пагоршылася. Напрыклад, у пэнсійным пытаньні. Гэтак, у працоўны стаж цяпер не залічваюцца такія сфэры дзейнасьці, як догляд за інвалідамі, бацькамі, дэкрэтныя адпачынкі. Што гэта, як не эканамічны ціск на жанчыну?! Гэта калясальны адкат параўнальна нават з тымі часамі, калі толькі пачыналіся размовы пра дзяржаўныя пляны па дасягненьні гендэрнай роўнасьці».
«У публічнай прасторы няма тых, хто прадстаўляў бы пасьпяховую мадэль» — Вольга Гапеева, літаратарка, гендэрная дасьледчыца
— Я вельмі скептычна стаўлюся да рознага кшталту індэксаў і замераў. Трэба глядзець, што насамрэч улічвалася. Бо калі кажуць, напрыклад, пра ўзровень заробку жанчын, вельмі часта жанчыны працуюць на паўтары стаўкі. І гэта ня ўлічваецца пры падліках, а бярэцца агульная сума заробку. Ніхто не глядзіць на тое, што яна на гэта траціць больш часу, чым мужчына.
Нізкі ўзровень удзелу ў палітычным жыцьці. Але я думаю, што і ў эканамічнай сфэры было б значна лепш, калі б гэтаму спрыялі агульныя ўмовы ў краіне. Чаму жанчыны ня хочуць пачынаць свой бізнэс? Таму што ў публічнай прасторы няма тых, хто прадстаўляў бы пасьпяховую мадэль. І наша заканадаўства ня вельмі спрыяльнае для заняткаў бізнэсам.