Ксёндз Часлаў Паўлюкевіч, экзарцыст Горадзенскай дыяцэзіі, расказаў, навошта тысячы людзей прыяжджаюць у Рось, якія цуды здараюцца ў іхным мястэчку, чаму трэба і ня трэба баяцца дʼябла і што рабіць, каб пачаць жыць па-сапраўднаму.
Трапіў у Рось праз «жарт Бога»
«Двухмэтровы ксёндз не галоўная адметнасьць касьцёла ў нашай вёсачцы», — кажа сьвятар зь мястэчка Рось Ваўкавыскага раёна Горадзенскай вобласьці Часлаў Паўлюкевіч. Вернікі ведаюць: дакладны рост ксяндза — 195 сантымэтраў.
Ён апякун санктуарыя Езуса Журботнага ў Росі, што за 15 кілямэтраў ад Ваўкавыску. Сюды ўжо 400 гадоў людзі едуць па цуды. Кажуць, што фігура Хрыста ў галоўным алтары, які сядзіць, абапёршы галаву на руку, нібы стомлены падарожнік, цудатворная.
На прапанову інтэрвію ксёндз Часлаў прыязна адказвае: «Добра. Я памалюся і адкажу, ці мы будзем нешта пісаць».
Ён паходзіць зь Літвы. Скончыў духоўную сэмінарыю ў Горадні. У касьцёле Сьвятой Тройцы служыць «зусім нядаўна» — 18 гадоў. У 2012-м біскуп прызначыў яго экзарцыстам (сьвятаром, які мае права выганяць дэманаў з апантаных людзей) Горадзенскай дыяцэзіі. Пра свой узрост сьвятар таямніча кажа: «Поўдзень. Гэта не для друку».
«Езус пажартаваў. Некалі я праяжджаў праз Рось. Убачыў, што ўсё белае: дрэвы, хаты, машыны, ручаі дажджавой вады. Іх засыпаў пыл ад цэмэнтавага заводу. Я тады падумаў: як тут можна жыць? Празь некалькі гадоў біскуп накіраваў мяне сюды служыць».
«Прыйдзе чалавек і кажа, што жыцьцё выцякае зь яго»
Белае покрыва аказалася не галоўнай цяжкасьцю. У Рось прыяжджала мноства людзей з далёкіх мясьцін, каб памаліцца. Пасьля яны ішлі да сьвятара і шукалі ў яго вырашэньня праблемаў: цяжкая хвароба, няма дзяцей, муж пʼе.
«Бывае, прыйдзе чалавек і кажа, што жыцьцё выцякае зь яго, нібы вада скрозь пальцы. Што ён не жыве, а існуе. Як быццам нешта яго зьвязвае, не дае пачаць жыць па-сапраўднаму, поўным жыццём. Гэта могуць таксама называць дэпрэсіяй. А чалавек шукае таго стану, які называюць шчасьцем», — кажа суразмоўца.
Ксёндз Часлаў ня ведаў, як дапамагчы ў гэтых праблемах, і пачаў «шантажаваць» Езуса, каб знайсьці свой шлях. Пра свайго Госпада ён кажа так рэальна, як пра суседа або калегу. Верыць, што гэта Хрыстос даваў яму адказы і вёў патрэбнымі сьцежкамі.
«Айцец Руфус мусіў нада мной памаліцца, каб я пачаў чуць»
У 2001 годзе ксёндз трапіў на рэкалекцыі (духоўныя практыкаваньні) экзарцыстаў каля Варшавы. Пасьля на яшчэ адны. Чаму зь Беларусі запрашалі менавіта яго, ня ведае ні ён сам, ні той, хто званіў з прапановай. «Думаю, гэта было запрашэньне Езуса», — кажа сьвятар.
Жыцьцё ксяндза Паўлюкевіча зьмянілася на тых рэкалекцыях праз сустрэчу з айцом Руфусам Пэрэйрам зь Індыі, віцэ-прэзыдэнтам Міжнароднай асацыяцыі экзарцыстаў.
«Ён казаў пра тое ж, што і Езус 2000 гадоў таму. Гэта ня новая навука. Дзясяткі разоў я слухаў пра гэта ў сэмінарыі, але ня чуў. Айцец Руфус мусіў нада мной памаліцца, каб я пачаў чуць».
Для ксяндза Часлава сьвятар зь Індыі стаўся духоўным настаўнікам, прыкладам жыцьця.
«Для мяне паказчык для перайманьня — як чалавек пазнае і выконвае Божую волю. Бог выкарыстаў менавіта айца Руфуса як інструмэнт, каб зьмяніць маё жыцьцё. Таму ён мне блізкі, як бацька. Калі б ён сядзеў дома і глядзеў тэлевізар, сумняваюся, што мог бы зьмяніць маё жыцьцё і тысячы іншых», — кажа ксёндз Часлаў.
Чырвоныя ніткі, вока з Турцыі, небясьпечныя цацкі
«Мы ня можам гаварыць пра шлях сьвятасьці, пакуль чалавек ня чуе і ня бачыць, пакуль ён ня можа ісьці. Прычыны гэтага ва ўсім сьвеце аднолькавыя. Пра гэта казаў айцец Руфус, які праехаў па 40 краінах амаль усіх кантынэнтаў, ды іншыя сьвятары», — кажа ксёндз з Росаў.
Сярод такіх перашкод ён называе асабістыя грахі, траўмы ў жыцьці чалавека, заняткі акультызмам. Кажа пра небясьпеку абярэгаў і талісманаў, сувэніраў у выглядзе вока, якія часта прывозяць з Турцыі, чырвоных нітак, якія завязваюць на руку ад сурокаў, лялек вуду.
«Празь іх у дом, у сям’ю ўваходзіць сатана», — кажа сьвятар.
Паводле яго, злы дух спачатку можа дапамагчы чалавеку, зрабіць нешта прыемнае. Але пасьля патрабуе заплаціць за гэта і разбурае жыцьцё.
Недараваньне прыносіць боль
Сьвятар прыгадаў гісторыю, як да яго прыйшла жанчына з моцным болем у галаве. Боль вяртаўся штодня на працягу пяці гадоў. Лекі кепска дапамагалі, яна не магла спаць. Незаўважна для сябе жанчына прагаварылася, што пяць гадоў таму пасварылася з суседкай праз курыцу, што забегла ў ейны агарод, і перастала зь ёй размаўляць.
Ксёндз параіў папрасіць у суседкі прабачэньня. Яна раззлавалася, бо прыйшла па іншыя «лекі». Аднак боль увечары быў такі нясьцерпны, што вырашыла паслухацца парады. Убачыўшы госьцю, суседка нават стала на калені і таксама прасіла дараваць. Жанчыны абняліся і прагаварылі ўсю ноч. Як у цудоўнай казцы, з таго часу боль пакінуў кабету.
Згодна зь іншай гісторыяй, у маладой дзяўчыны знайшлі злаякасную пухліну ў галаве. Яна мелася ехаць на апэрацыю ў Нямеччыну. Перад паездкай прыйшла да сьвятара. Падчас размовы высьветлілася, што хвароба пачалася год таму — пасьля таго, як яе моцна пакрыўдзіў хлопец. Словы прабачэньня таму юнаку дзяўчына ледзь змагла вымавіць сьледам за сьвятаром, абліваючыся сьлязьмі. Пасьля гэтага пухліна пачала зьмяншацца, ажно пакуль ня зьнікла зусім.
Якія цуды самыя важныя
Ксёндз Часлаў кажа, што можа расказваць пра такія цуды бясконца. У Росі захоўваецца адмысловая Кніга цудаў, заведзеная ў 1725 годзе. Пячатка тагачаснага біскупа сьведчыць, што гэта ня зборнік легендаў, а дакумэнт. У яе працягваюць запісваць сучасныя цуды. Часам людзі сустракаюць ксяндза Паўлюкевіча празь некалькі гадоў і сьведчаць пра зьмены ў сваім жыцьці: зацяжаралі, нарадзілася дзіця, сын стаў спакойна спаць па начах.
На пытаньне, якія цуды для яго самыя важныя, суразмоўца кажа: «Тыя, што адкрываць шлях да неба, якія ацаляюць мае адносіны з Богам».
«Вельмі патрэбны для чалавека цуд — гэта выпраўленьне стасункаў зь іншым чалавекам. Надта радасны асабіста для мяне цуд — зьяўленьне новага жыцьця. Важны цуд для іншых людзей, якія назіраюць збоку, — фізычнае аздараўленьне».
Ці страшна выганяць дʼябла?
Дзеля духоўнага вызваленьня вернікаў у Росі з пачатку 2000-х пачалі ладзіць рэкалекцыі, якія праводзіў айцец Руфус (ён памёр у 2012 годзе), пазьней святары Джон Башабора з Уганды і Джэймс Манджакал зь Індыі. Рось — адзінае месца ў Беларусі, куды прыяжджалі сьвятары-харызматыкі так здалёку. Рэкалекцыі пад Ваўкавыскам зьбіралі тысячы людзей.
Ксёндз Часлаў кажа, што ня мае здольнасьці бачыць або чуць дэманаў, анёлаў, нешта звышнатуральнае. Але, калі моліцца, можа адчуваць страх.
«Калі ты бачыш ільва, ты ня можаш сказаць: „Мне абыякава“. Калі нешта выбухае, калі заходзіш у цёмны лес, калі бачыш маніфэст зла, адчуваеш страх. Гэта нармальна. Важна, каб у цябе была абарона. Калі Бог з намі, хто супраць нас? Езус кажа: „Ня бойцеся“. У Бібліі гэта сустракаецца 365 разоў. Страх не ад Бога. Ён дае мужнасьць», — гаворыць ксёндз Часлаў Паўлюкевіч.
Сьвятар, які мае дачыненьні з «тым» сьветам, здаецца зусім звычайным, адкрытым, цёплым чалавекам. Ён умее пажартаваць зь сябе і шчыра расказвае пра ня самыя прыгожыя бакі свайго жыцьця. Як у дзяцінстве маліўся («Ойча наш», «Вітай, Марыя») ня цэлымі малітвамі, а толькі іх назвамі. Як у студэнцтве шукаў глухога ксяндза, каб паспавядацца. Але стары спавядальнік гучна перапытваў кожны грэх, так што астатнія вернікі маглі ўсё пачуць.
Пра сьлёзы і каву
— Складаецца ўражаньне, што вы заўсёды ветлівы і прыязны. Ці часта вы злуяцеся?
— Гэта здаецца. Можаце ўладкавацца на будоўлю працаваць і адчуеце на сабе, як часта я злуюся і крычу.
— Ці ёсьць нешта, ад чаго вы плачаце?
— Ад радасьці.
— Вы аматар кавы. Якую каву любіце?
— Добрую.
— З малаком, з цукрам?
— Зь мёдам.
Ксёндз Часлаў шмат разоў запрашае прыехаць у Рось. Амаль праз сказ ён інтрыгуе: «Калі вы прыедзеце ў нашу вёску, то...»
Цяпер у Росі будуецца Дом міласэрнасьці на 40 чалавек, дзе можна будзе пастаянна праводзіць рэкалекцыі. Пакуль ён гатовы толькі напалову, але ўжо прымаў першых гасьцей. Каб яго скончыць, патрэбны фінансы. Ужо цяпер можна прыехаць у Рось кожную другую суботу месяца на адмысловую малітву да Езуса Журботнага або ў любы час проста на размову з ксяндзом Чаславам.
«З Богам, смарфэтка (гераіня з мультфільма пра казачных гномаў-смурфікаў — РС)», — кажа сьвятар на разьвітаньне і мякка кладзе руку на маю галаву, бласлаўляючы.