У выніку ўрагану «Элеанор», які прайшоў па большай частцы краінаў Паўночнай Эўропы, загінулі тры чалавекі. Пра гэта паведамляе BBC.
Адзін чалавек загінуў у Францускіх Альпах — яго прыціснула паваленым дрэвам. Яшчэ два чалавекі былі змытыя вялікай хваляй у Краіне Баскаў, Гішпанія.
У Францыі 26 чалавек атрымалі раненьні, зь іх чацьвёра знаходзяцца ў цяжкім стане, паведамляе МУС Францыі. Непагадзь выклікала перабоі ў працы аэрапортаў і чыгунак, прыпыненьне руху на аўтастрадах з-за паваленых дрэваў. Ветрам разбураныя дамы, адмененыя масавыя мерапрыемствы, закрытая Эйфэлева вежа. Моцны вецер прывёў да адключэньня электраэнэргіі ў больш чым 200 тысячах дамоў, безь сьвятла застаюцца каля 35 тысяч дамоў. Хуткасьць ветру дасягала ў парывах 150 км/г.
«У бліжэйшыя 24 гадзіны хуткасьць парываў ветру можа дасягнуць 180 км/г у Альпах і 200 км/г на Корсыцы», — адзначаюць у МУС Францыі. У горных масівах прагназуюць сьнегапады, за якімі могуць рушыць усьлед сходы лавін. У 20 дэпартамэнтах краіны аб’яўлены падвышаны — аранжавы — узровень небясьпекі ў сувязі з неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я.
У Нямеччыне ураган ахапіў большую частку краіны. Парывы ветру больш за 120 км/г на захадзе краіны прывялі да парушэньняў руху транспарту.
У Швайцарыі каля 14 тысяч дамоў засталіся без электрычнасьці, некалькі чалавек атрымалі раненьні пасьля таго, як цягнік сышоў з рэек. Парывы ветру да 195 км/г былі зафіксаваныя каля швайцарскага гораду Люцэрн.
У Бэльгіі абвешчаны аранжавы ўзровень небясьпекі, людзей заклікаюць быць асьцярожнымі.
У Вялікай Брытаніі дзясяткі тысяч дамоў знаходзяцца без электрычнасьці, парушаны рух транспарту. Мэтэабюро зафіксавала парывы ветру да 161 км/г. Прынамсі 4 чалавекі атрымалі раненьні, паведамляе The Guardian. Трасы і масты былі перакрытыя з-за паваленых дрэў і перавернутых грузавікоў. Для жыхароў Англіі, Уэльсу, Паўночнай Ірляндыі і Шатляндыі абвешчаны жоўты ўзровень небясьпекі. Плаціна на рацэ Тэмза перакрытая, каб выратаваць Лёндан ад паводкі.