Каб добра разумець, чаму, што і як адбываецца зь беларускай культурай, ня трэба быць вялікім мысьляром.
Усе мы збольшага ведаем пра стагодзьдзі дэнацыяналізацыі, дзесяцігодзьдзі савецкіх рэпрэсій і русыфікацыі, вываз архіваў і музэйных збораў, разбурэньне гістарычных цэнтраў гарадоў — прычым ня толькі ў часе Другой сусьветнай вайны, але і пасьля яе.
Нарэшце, ведаем пра стаўленьне да нацыянальнай культуры, да помнікаў гісторыі і архітэктуры з боку нязьменнага кіраўніка Беларусі і яго ўладнай вэртыкалі.
Цяпер мы стаім на парозе чарговага злачынства. Выдатны помнік нэаклясычнай архітэктуры 1954 году аўтарства Ўладзімера Яршова — менскі Палац культуры прафсаюзаў — можа быць цалкам задушаны аграмадзінай новага камэрцыйнага цэнтру і, фактычна, зьнікне, як самакаштоўная архітэктурная дамінанта галоўнага праспэкту сталіцы.
Пра сытуацыю вакол забудовы Кастрычніцкай плошчы ў Менску даведаўся мой замежны знаёмец-беларусіст. Гэта грамадзянін адной з цэнтральнаэўрапейскіх краін, які, у прынцыпе, ведае пра Беларусь і яе гісторыю ўсё тое, пра што я пісаў вышэй — дэнацыяналізацыю, рэпрэсіі, культурнае абрабаваньне і т. д.
Але ёсьць і розьніца. Я ведаю і разумею, як такое можа адбывацца цяпер, а ён кажа, што зразумець ня можа. Я пачаў быў тлумачыць і раптам зразумеў, што аргумэнтаў пра ранейшыя страты недастаткова. Сытуацыя насамрэч ірэальная, фантасмагарычная.
І праўда цяжка патлумачыць іншаземцу, як такое можа мець месца ў краіне, якая:
мае гісторыю
мае нацыянальную культуру
мае помнікі архітэктуры
мае падручнікі па гісторыі
мае падручнікі па гісторыі культуры
мае падручнікі па архітэктуры
мае факультэты архітэктуры
мае катэдры гісторыі мастацтва
мае катэдры гісторыі архітэктуры
мае прафэсараў і дацэнтаў архітэктуры
мае кандыдатаў і дактароў архітэктуры
мае кандыдатаў і дактароў мастацтвазнаўства
мае акадэмічную шматтомную гісторыю
мае акадэмічную шматтомную гісторыю мастацтва
мае збор помнікаў гісторыі і культуры
мае вялікую і кароткую энцыкляпэдыі
мае энцыкляпэдыю літаратуры і мастацтва
мае энцыкляпэдыю архітэктуры
мае дзясяткі манаграфій па гісторыі архітэктуры
мае закон аб ахове помнікаў гісторыі і культуры
мае саюз архітэктараў (больш за 700 членаў)
мае саюз мастакоў (больш за тысячу членаў)
мае два саюзы пісьменьнікаў (больш за тысячу членаў)
мае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры
мае міністэрства культуры
мае міністэрства будаўніцтва і архітэктуры
і т. д. і т. п
І пры гэтым у такой краіне ніхто ня можа абараніць ад разбурэньня, зьнішчэньня і маргіналізацыі помнікі архітэктуры Менску, якія — адзін за адным — або разбураюцца, або пазбаўляюцца сэнсу свайго мастацкага існаваньня і, адпаведна, культурнага значэньня.
Так сталася з Палацам рэспублікі, з домам Чыжа, з псэўда-Кемпінскім каля цырку, з кляштарам базыльянак і ВДНГ у Траецкім прадмесьці, з забаўляльным цэнтрам у Музычным завулку, зь недарэчнай забудовай вуліцы Гандлёвай-Зыбіцкай, з хмарачосам на Замчышчы і г. д.
Архітэктурная Беларусь нібы трапіла ў пятлю культурнай антыматэрыі і ніяк ня можа адтуль вырвацца.
P. S.
Дзікунствам быў ужо знос старога будынку Музэю Вялікай Айчыннай вайны аўтарства архітэктараў Г. Бенедзіктава і Г. Заборскага, які перад тым быў выключаны са сьпісу помнікаў гісторыі і культуры. Адзіна магчымым варыянтам будучыні для таго помніка было вяртаньне ў яго сьцены Музэю гісторыі і культуры Беларусі, гвалтоўна выселенага адтуль у 1965 годзе. І пры гэтым яшчэ варта было збудаваць на даху музэю трапэцыяпадобны шкляны купал, які быў задуманы аўтарамі, і які можна бачыць на газэтнай публікацыі эскізу ў 1956 годзе. Ну але гэта ўжо мае фантазіі...
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.