У Беларусі разьвіваюцца дзьве культуры — сапраўдная і несапраўдная. Іх яшчэ можна назваць жывая і мёртвая.
Часам гляджу спадарожнікавую тэлевізію «Беларусь-24». Цяпер там зьявілася перадача пра менскі і маскоўскі бамонд пад назвай, здаецца, «Искры». Вядуць яе дзьве дзяўчыны, якія ня так даўно адкрывалі на Першым расейскім канале фіранкі пры выхадзе ў студыю тэлевядучага Івана Урганта. Адна зь іх мае незвычайнае імя «Волга». Я ўсё думаў пра гэтае імя і падазраваў, што яно неяк зьвязана зь Беларусьсю. І вось адказ — дзяўчыны сапраўды вядуць перадачу на БТ. Жыць у Беларусі і быць ад яе настолькі далёкімі, што лацінскі варыянт беларускага імя Вольга з пашпарту перарабіць на раку Волгу...
Днямі ў гэтых «Искрах» паказалі сюжэт пра занесенае ў Кнігу рэкордаў Гінэса «надзвычайнае» дасягненьне. У Менску ўзбэцкі кухар стварыў самы вялікі ў сьвеце лагман — страву ўзбэцкай нацыянальнай кухні. Вядоўца захоплена расказвала, што ва Ўзбэкістане за хлопца, які здольны зь цеста выцягнуць локшыну даўжынёй пяць мэтраў, любая дзяўчына пойдзе без калыму.
Цырымонія была вельмі добра арганізаваная, перад камэрай беларускага тэлебачаньня мітусілася процьма добра апранутых і ненатуральна вясёлых людзей — было відаць, што знаходжаньне там для іх — сапраўднае сьвята. У камэнтарах удзельнікі захапляліся лагманам і марылі стварыць у Менску вялізарны («памерам з горад») блін з ікрой і таксама ўнесьці гэтае дасягненьне ў кнігу рэкордаў Гінэса. А я ўсё шукаў у вачах тых, хто трапляў у аб’ектыў камэры, прыкметы інтэлекту...
Гэтая публіка наўрад ці нешта чытае. Наўрад ці яна ведае пра Быкава і Караткевіча або пра Сэлінджара і Борхеса. Наўрад ці яна захоча ўвайсьці ў Кнігу рэкордаў з самым вялікім калдуном, клёцкай, дранікам або паляндвіцай. Не захоча яна надзець і вышыванку, бо ніколі нічога ня чула пра наміткі, андаракі ды караблікі... А вось лагман для іх — сьвята.
Пасьля пра гэта паведамляе тэлекампанія «Звезда» і ты разумееш, што такія перадачы — гэта таксама частка ідэалягічнай працы так званага «русского мира» супраць сваіх нацыянальных ускраінаў. Як і іх, напрыклад, шматлікія завозы ў Беларусь крымскіх (ды іншых не беларускіх) мошчаў...
Людзі, якія мараць пра вялізарны блін з ікрой у Менску — дакладна належаць да мёртвай субкультуры пост-савецкага саўка. Ім няма ніякай розьніцы дзе выцягваць даўжэзныя лагманы — у Менску ці на берагах Волгі.
Шкада, што такой розьніцы няма і для беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня, як і для беларускай дзяржавы...