Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладыкоўская: «Беларускі народ ня мае адваката». 8 фактаў трансфармацыі нацыянальнай культуры


Культуроляг і грамадзкая дзяячка Любоў Уладыкоўская.
Культуроляг і грамадзкая дзяячка Любоў Уладыкоўская.

Сёлета выйшла ў сьвет кніга культуроляга і грамадзкай дзяячкі Любові Ўладыкоўскай «Духоўнасьць грамадзтва і глябалізацыя: як трансфармуецца беларуская нацыянальная культура?».

Аўтарка распавядае Свабодзе, што пісала гэтую кнігу ўсё жыцьцё, выданьне ўвабрала навукова-асьветніцкі і жыцьцёвы досьвед ня толькі беларускі, але амэрыканскі, польскі і іншых краінаў, дзе яна пэрыядычна працавала ва ўнівэрсытэтах пасьля ліквідацыі Скарынаўскага цэнтру. Паводле спадарыні Ўладыкоўскай, кніга працягвае традыцыі Ўладзімера Конана, Міколы Крукоўскага і Анатоля Грыцкевіча — яе паплечнікаў, настаўнікаў і сяброў.

Ацэнкі Любові Ўладыкоўскай — вельмі жорсткія. «Мне хацелася б пісаць пра значна больш прыемныя і аптымістычныя рэчы, але першае, што мы павінны зрабіць, — рэальна ацаніць сытуацыю», лічыць культуроляг.

Мы выбралі з кнігі 8 асноўных тэзаў пра тое, як трансфармуецца беларуская нацыянальная культура.

1. Пабудаваць «расейскамоўную беларускую нацыю» немагчыма

У Беларусі, якая юрыдычна ёсьць сувэрэннай і незалежнай, адсутнічае натуральны культурна-моўны кантэкст і якая-кольвечы дзяржаўная падтрымка нацыянальнай мовы. Беларуская мова працягвае выцясьняцца з усіх сфэраў грамадзкага жыцьця, асабліва ў сфэры адукацыі і культуры. Маладое пакаленьне беларусаў зусім слаба валодае беларускай мовай або не валодае ёю зусім. Усё менш навуковых прац пішацца па-беларуску. Між тым беларуская мова — галоўны культуратворчы фактар і ўмова выжываньня нас як нацыі.

Шматлікія вэрсіі «грамадзянскай» нацыі ў Беларусі, якая нібыта можа быць пабудавана і на расейскай мове, ня маюць ніякіх гістарычных падстаў, не адпавядаюць геапалітычным рэаліям сучаснасьці і не зьяўляюцца нічым іншым, як толькі спробамі апраўдаць русыфікацыю. Пабудаваць «расейскамоўную беларускую нацыю» немагчыма. Грамадзкія моўныя ініцыятывы сьведчаць пра жывы арганізм беларускага народу, але сытуацыю з мовай не ратуюць. Патрабуюцца палітыка-прававыя рашэньні дзяржаўнага ўзроўню.

2. Беларуская культура няўхільна дрэйфуе да размываньня сваёй адметнасьці

Глябальнае размываньне культурнай самабытнасьці народаў ураўнаважваецца граматнай культурнай палітыкай нацыянальных дзяржаў. Прыклад таму — прынцып культурнай разнастайнасьці і абарона нацыянальных рынкаў культуры ў Эўразьвязе, паступовая адмова ад прынцыпу мультыкультуралізму на карысьць міжкультурнаму дыялёгу ў Эўропе, унікальная рэгіянальная і мэцэнацкая культурная палітыка ЗША. У Беларусі, аднак, не выпрацавана ніякага мэханізму дасягненьня балянсу паміж адкрытасьцю іншакультурным уплывам і захаваньнем беларускіх культурных традыцый. Беларуская культура няўхільна дрэйфуе да размываньня сваёй адметнасьці.

3. Адбываецца маргіналізацыя беларускай нацыянальнай культуры

Сучасны крызіс беларускай нацыянальнай культуры выяўляецца ў павелічэньні прорвы паміж сфэрай творчасьці і сфэрай спажываньня, паміж высокай культурай і культурай масавай. Узмацняецца засільле эрзац-культуры, бяздумнай культуры спажываньня і т.п. Няўхільна зьніжаецца агульны інтэлектуальны, культурны, духоўны ўзровень грамадзтва. Гэтыя працэсы ўласьцівыя ўсяму сучаснаму сьвету, найбольш відавочныя яны ў краінах хрысьціянскай цывілізацыі (а беларуская культура належыць да эўрапейскай хрысьціянскай цывілізацыі). Аднак іншыя краіны збольшага яшчэ маюць моцны нацыянальна-культурны і маральны (хрысьціянскі) імунітэт, які па інэрцыі працягвае абараняць фундамэнтальныя каштоўнасьці і саму чалавечую сутнасьць.

У Беларусі ж нацыянальны імунітэт так і не пасьпеў сфарміравацца да належнага ўзроўню (як і сама нацыянальная самасьвядомасьць), савецка-каляніяльныя перажыткі хутчэй жывыя, чым мёртвыя, рэлігійны рэнэсанс пасьля пэрыяду ваяўнічага бальшавіцкага атэізму часта носіць вонкавы характар, а дэструктыўныя ўплывы расейскіх мас-медыя ў найвышэйшай ступені цынічныя і навязьлівыя. Усё гэта робіць наш народ надзвычай безабаронным перад інтэлектуальнай, культурнай, духоўна-маральнай дэградацыяй. Адбываецца дэфармацыя народнай душы і засваеньне зусім не ўласьцівых беларусам звычак і нормаў, маргіналізацыя беларускай нацыянальнай культуры.

4. Мы назіраем сыстэмныя праявы зьдзічэньня грамадзтва Беларусі

Нацыя і грамадзтва — розныя рэчы. Грамадзтва рухомае, ім лёгка можна маніпуляваць. Нацыя — катэгорыя больш стабільная і нават у нейкім сэнсе пазачасавая. У нацыі адлюстроўваецца сутнасьць і гістарычнае прызначэньне народу, яго духоўная моц і веліч. Нацыя стварае каштоўнасьці, сваю клясыку, якая не губляе вартасьці ў розныя часы і пэрыяды. Зараз, напрыклад, мы назіраем сыстэмныя праявы зьдзічэньня грамадзтва Беларусі, але беларуская нацыя трымаецца на дасягненьнях сваіх продкаў і на сваіх ідэалах, на сваёй культуры (у першую чаргу мове і літаратуры) і традыцыях. З гэтага пункту гледжаньня беларуская нацыянальная культура ня толькі мае сваё мінулае, цяпершчыну і будучыню, яна жыве ў вечнасьці. Найлепшую пэрспэктыву маюць тыя грамадзтвы, якія не супрацьпастаўляюцца нацыі. Прыклад — Польшча, ЗША.

5. Здрада эліт: беларускі народ ня мае адваката

Дзяржаўная эліта не дэманструе нацыянальнай адказнасьці, стратэгічнага мысьленьня і падыходаў з пункту гледжаньня нацыянальных інтарэсаў. У асяродках, якія дэкляруюць сябе як незалежныя або апазыцыйныя, дамінуюць прыватныя і групавыя інтарэсы, цяга да справядлівасьці замяняецца замоўчваньнем або скажэньнем праўдзівых фактаў, беспрынцыпнасьць прыкрываецца палітычнай карэктнасьцю, нярэдкае згодніцтва з антыбеларускімі сіламі. Ад ужываньня беларускай мовы лёгка адмовіліся нават тыя інтэлектуалы, якія добра ёю валодаюць. На шчасьце, ёсьць выключэньні, на жаль, зусім не частыя.

6. «Тройкі» у навуцы

Спробы паставіць сацыяльна-гуманітарную навуку на службу ідэалёгіі прывялі да таго, што няма ні сучаснай навукі (па вялікім рахунку і ў дзяржаўнай сфэры), ні дзяржаўнай ідэалёгіі. Гэта цяжка ўявіць, але ў сфэры адукацыі і навукі дзейнічаюць «тройкі» (блізкія па форме і зьмесьце да сталінскіх, толькі што фізычна не расстрэльваюць). Ня верыце — паспрабуйце прадэманстраваць арыгінальнае аўтарскае мысьленьне, сучасныя сусьветныя падыходы ці, чаго добрага, прэтэнзіі на свае аўтарскія правы. Або, зусім ужо з глузду з ехаўшы, пакажыце сваю незалежную пазыцыю і пачніце працэдуру абароны доктарскай дысэртацыі, якая мае рэальную сацыяльную значнасьць і сапраўдную навуковую навізну. Дзяржаўная ідэалёгія павінна служыць культуры, а не наадварот.

7. Чым больш замежных паездак беларусаў, тым менш у Беларусі правінцыялізму і застою

Словы Астапа Бэндэра «Заграница нам поможет» у беларускай сытуацыі набываюць асабліва актуальнае гучаньне. Я не пра гранты. Пра досьвед. Пашырэньне магчымасьцяў знаёмства з замежнымі культурамі і грамадзтвамі нязьменна вядзе да новых ідэй, матываў, жанраў, формаў у культуры, што мы і назіраем, напрыклад, у сучаснай беларускай літаратуры. Чым больш замежных паездак беларусаў, тым менш у Беларусі правінцыялізму і застою, менш прывыканьня да ненармальных сытуацый, менш упэўненасьці, што ні дэмакратыі, ні правоў чалавека нам ня трэба. Умацоўваецца нацыянальная ідэнтычнасьць (тут ужо беларусы проста вымушаныя ведаць пра сваю краіну і культуру, каб прэзэнтаваць сябе), разьвіваецца міжкультурны дыялёг, які немагчымы паміж бяздомнымі. Ну і рост у сьвеце нацыянальных настрояў у супрацьвагу глябалізацыі таксама прымушае задумацца пра лёс сваёй нацыі і культуры. Як абсалютна слушна лічыць паважаная Івонка Сурвіла, галоўнае — пачуцьцё прыналежнасьці (да Беларусі і яе культуры), а не месца пражываньня. І адпаведная дзейнасьць, безумоўна.

8. Замест масавай апатыі стратэгіі зьнізу

Поруч з масавай апатыяй і безыдэйнасьцю расьце ініцыятыўнасьць і грамадзкая адказнасьць «зьнізу». Распрацоўваюцца стратэгіі і праграмы нацыянальнага разьвіцьця грамадзкімі калектывамі і асобнымі энтузіястамі, пашыраюцца грамадзкія культурныя і моўныя ініцыятывы. Працягваюць уключацца ў беларускі навуковы і культурны кантэкст забытыя або забароненыя старонкі беларускай гісторыі і культуры, пераасэнсоўваецца мінулае, пакрысе кшталтуецца навука дэбатаў і навуковых дыскусій (пераважна ў недзяржаўнай сфэры).

***

Любоў Уладыкоўская працавала ў Міністэрстве адукацыі і навукі Беларусі, узначальвала Нацыянальны навукова-асьветніцкі цэнтар імя Ф.Скарыны. Стыпэндыятка праграмы Фулбрайта. Працавала і стажыравалася ў ЗША, Польшчы, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Нарвэгіі і інш. Аўтарка шасьці манаграфій («Акварэлі любові» (2000), «Духоўныя ідэалы ў сучаснай культуры Беларусі і каштоўнасьці глябалізму» (2009), «Як захаваць культурную самабытнасьць?» (2010), «Адкрыцьцё маёй Амэрыкі, або навошта беларусам ЗША?» (2012), «Міжкультурны дыялёг: амэрыканская парадыгма» (2014) і сотняў артыкулаў, дзясяткаў грамадзкіх ініцыятыў і міжнародных праектаў, накіраваных на ўмацаваньне беларускай суб’ектнасьці і разьвіцьцё міжкультурнага дыялёгу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG