Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два стэрэатыпныя ўяўленьні беларусаў пра амэрыканскую культуру


У канцы лютага стануць вядомыя пераможцы конкурсу «Амэрыканская культура: якая яна?» Якія стэрэатыпныя ўяўленьні пра ЗША і амэрыканцаў маюць беларусы? На пытаньні Свабоды адказвае навуковец Любоў Уладыкоўская.


Любоў Уладыкоўская — генэральны дырэктар Цэнтру міжкультурнага дыялёгу, загадчык сэктару Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі, намесьнік дырэктара Міжнароднага фонду «Залатая спадчына Віцебску». Працавала ў Міністэрстве адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, выкладала ў БДУ і ЭГУ, узначальвала Нацыянальны навукова-асьветніцкі цэнтар імя Ф.Скарыны, арганізатар круглых сталоў «Амэрыканістыка ў Беларусі» і «Беларусістыка ў Амэрыцы».

Цэнтар міжкультурнага дыялёгу пры падтрымцы Амбасады ЗША ў Рэспубліцы Беларусь, сумесна з Міжнародным фондам «Залатая спадчына Віцебску» і Інстытутам сацыялёгіі Нацыянальнай акадэміі навук абвясьцілі конкурс «Амэрыканская культура: якая яна?» Якія высновы вы зрабілі з тых твораў, што былі дасланыя?

Конкурс абвешчаны ў дзьвюх намінацыях: прывабнасьць амэрыканскай культуры і беларускія акцэнты ў амэрыканскай культуры. Я настояла, каб гэты конкурс адбываўся па-беларуску, бо калі ідзе гутарка пра дыялёг паміж дзьвюма нацыямі, ён павінен адбывацца на нацыянальных мовах. Мы атрымалі 50 прац, пераможцы будуць вызначаныя да канца лютага. Многія людзі, хаця і з памылкамі, але далі рады і напісалі эсэ на беларускай мове.

Якія стэрэатыпы, характэрныя для беларусаў, вынікалі з гэтых прац?

Галоўны стэрэатып — што амэрыканская культура гэта толькі масавая культура, псэўдакультура. І другі — што ЗША гэта плавільны кацёл, дзе губляецца самабытнасьць і фарміруецца гамагенны вобраз амэрыканскага характару.

Гэта зусім ня так. ЗША — гэта нацыя нацыяў, і іх культура — культура культур. Журы не спадзявалася, што ўдзельнікі змогуць, напрыклад, прааналізаваць творчасьць афраамэрыканскіх пісьменьнікаў, але мы спадзяваліся, што яны здолеюць прааналізаваць амэрыканскую клясыку. Але ніхто не напісаў ні пра Драйзэра, ні пра О’Генры, ні пра Гэмінгуэя, ні пра Фолкнэра... Успрымаюць амэрыканскую культуру як вулічнае мастацтва, як нешта вельмі павярхоўнае, што адразу кідаецца ў вочы. Я раіла ім зьвярнуць увагу на 1963 год — прамова Марціна Лютэра Кінга «Ў мяне ёсьць мара». Ён паказвае свае імкненьні: справядлівасьць і чалавечае брацтва, змаганьне афраамэрыканцаў за свае правы. І ў тым жа годзе выходзіць кніга Бэці Фрыдан «Тайна жаноцкасьці», якая паклала пачатак магутнаму фэміністычнаму руху ў ЗША.

Гэта ўнёсак у сусьветную культуру. Ніхто не напісаў пра гэта — няма ведаў. Ніхто не напісаў пра амэрыканскую музыку: няма аналізу джазу, рок-н-ролу. Ніхто не напісаў пра Элвіса Прэсьлі, пра Фрэнка Сінатру. Я бачу, што трэба несьці веды пра амэрыканскую культуру больш шырока і актыўна — не пра масавую, а пра клясычную. Бо амэрыканская культура, якая пачала фармавацца ў 19 стагодзьдзі, прайшла цікавы пэрыяд станаўленьня, і наша задача ведаць пра тое, што было ў гэтай магутнай у культурным пляне краіне.

Для постсавецкіх грамадзтваў характэрны антыамэрыканізм, як адно з наступстваў халоднай вайны. Як бы вы ацанілі ступень антыамэрыканізму ў Беларусі — на ўзроўні прадстаўнікоў улады і на чалавечым узроўні?

Наступства халоднай вайны — антыамэрыканізм — надзвычай вялікі ў сучасным беларускім грамадзтве. Ён абумоўлены штампамі і прапагандысцкімі падыходамі, якія пануюць у СМІ і грамадзтве. Ён сілкуецца і недастатковым узроўнем ведаў, малой колькасьцю пэрсанальных і прафэсійных кантактаў.

Апошнім часам кантакты паміж Беларусьсю і ЗША аслабелі на ўсіх узроўнях. Думаю, што антыамэрыканізм вельмі шкодны, бо зьяўляецца формай дэзынфармаваньня, невуцтва, праявай закрытасьці нашага грамадзтва, падмуркам ксэнафобіі і неталерантнасьці. Задача асьветнікаў — знаёміць з культурамі сьвету і самім несьці веды пра беларускую культуру шырэй у сьвет, бо палітыка ізаляцыянізму сябе вычарпала, і нам, беларусам, ня трэба быць адсталымі, а трэба арыентавацца на лепшыя ідэі сучаснага сьвету.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG