Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Будзько: Скарына пераклаў Біблію на старабеларускую мову сваёй аўтарскай мадэлі


Ірына Будзько
Ірына Будзько

Дык на якой мове Францішак Скарына выдаў сваю Біблію? На царкоўнаславянскай зь вялікай колькасьцю беларусізмаў, ці на старабеларускай зь вялікім дамешкам царкоўнаславянскіх і заходнеславянскіх словаў?

На пытаньні адносна мовы перакладаў Францішка Скарыны адказвае аўтар навуковай працы «Лінгвістычныя і тэксталягічныя асаблівасьці праскіх выданьняў Францішка Скарыны», вядучы навуковы супрацоўнік аддзелу гісторыі беларускай мовы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, кандыдат філялягічных навук Ірына Будзько.

— Спачатку пра тэрміны. На захадзе сёньня шырока выкарыстоўваецца тэрмін «простамова» ў дачыненьні да старабеларускай мовы. Літоўцы раней называлі дзяржаўную мову ВКЛ «канцылярскай», цяпер прыдумалі новы тэрмін «rusėnų kalba». Наогул, мову называюць размоўнай, народнай, усходнеславянскай, русінскай, рутэнскай, беларусізмы ў тым ці іншым помніку называюць «дэмакратычнымі» элемэнтамі і т. д. Як беларуская лінгвістыка ацэньвае гэты факт і чым абгрунтоўвае свой варыянт назвы — старабеларуская?

— Наагул, у гісторыі славянскіх моваў існуе мала такіх заблытаных пытаньняў, як дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага. На сёньняшні дзень у навуковай літаратуры існуе каля 40 лінгвонімаў, якія ўжываюцца для назвы той мовы. Навуковая дыскусія пра гэта ідзе ўжо больш за 150 гадоў і канца яе не прадбачыцца. Я думаю, што спачатку трэба разьмежаваць пытаньне саманазвы — як грамадзяне ВКЛ самі называлі сваю мову, і як сёньня мы, навукоўцы, яе называем. Такіх саманазваў ня так шмат: гэта руска або руська мова, рускі або руські язык. Часам да гэтых прыметнікаў далучаецца слова «просты», «простая» або «паспаліты», «паспалітая». Менавіта так акрэсьлівалі мову сваіх твораў Францішак Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, Лаўрэнці Зізаній, так яна акрэсьлена і ў Статутах Вялікага Княства Літоўскага.

А вось сярод не саманазваў, а навуковых акрэсьленьняў гэтай мовы існуе значна больш тэрмінаў, якія спрабуюць далучыць сёньняшнюю гістарычную, этнічную сытуацыю ў Эўропе да таго часу. Напрыклад, украінска-беларускі язык або ўкраінска-беларуская мова, польска-славяна-руская мова, język polsko-białoruski, славяна-украінска-беларускі язык і шмат іншых.

Мы, беларускія дасьледчыкі, карыстаемся тэрмінам «старабеларуская мова», хаця ўсьведамляем, што вакол гэтай назвы ўзьнікаюць пытаньні. Калі гаварыць пра мяне асабіста, то мае пазыцыі як навукоўца і як грамадзянкі троху розьняцца. Як навуковец, я б аддала перавагу тэрміну «руская мова Вялікага Княства Літоўскага», бо ён падкрэсьлівае і нацыянальны, этнічны элемэнт — гэта была мова праваслаўнага насельніцтва ВКЛ, будучых беларусаў і ўкраінцаў, тут адразу маецца часава-храналягічнае і тэрытарыяльнае акрэсьленьне. Але і ў гэтай назьве будзе шмат спрэчнага. Таму я, як і іншыя мае калегі, карыстаюся тэрмінамі «старабеларуская мова», «старабеларуская літаратурна-пісьмовая мова».

Таму ўсьведамляючы, што гэтае пытаньне выходзіць за межы чыста навуковага ўжытку і мае яшчэ і ўтылітарнае прызначэньне, мы захоўваем сваю пазыцыю ў карыстаньні тэрмінам «старабеларуская мова»

Тэрмін «старабеларуская мова», як, дарэчы, і «стараўкраінская», уведзены ў навуковы ўжытак пасьля Другой сусьветнай вайны, у другой палове ХХ стагодзьдзя. Цяпер ён выкарыстоўваецца ў нашых падручніках, энцыкляпэдыях, ён дазваляе прасачыць гісторыю разьвіцьця беларускай мовы, прасачыць сувязь сёньняшніх моўных працэсаў з папярэднім часам, акрэсьліць кола літаратурных помнікаў, якія зьяўляюцца нацыянальнай каштоўнай спадчынай беларускага народу. Таму ўсьведамляючы, што гэтае пытаньне выходзіць за межы чыста навуковага ўжытку і мае яшчэ і ўтылітарнае прызначэньне, мы захоўваем сваю пазыцыю ў карыстаньні тэрмінам «старабеларуская мова».

— Мне здаецца, што на выбар назвы для старабеларускай мовы у Заходняй Эўропе або ў нашых суседзяў уплывае палітычны або і ўнутрыпалітычны аспэкты. Прыдумляецца мноства варыянтаў менавіта для таго, каб не карыстацца тэрмінам «старабеларуская мова». Вам так не здаецца? І ці не патрэбны нам у гэтай справе нейкі агульнанацыянальны кансэнсус?

— Так, згодная, менавіта для таго, каб не называць дзяржаўную мову ВКЛ старабеларускаю. Кансэнсус сапраўды патрэбны. Тым больш, што нашы паўднёвыя суседзі вельмі актыўна ўжываюць тэрмін «стараўкраінская мова». На падставе гэтага тэрміну будуецца шмат навуковых канцэпцый. Мы таксама павінны ўлічваць гэтую акалічнасьць.

— Сёньня вынікі дасьледаваньняў мовы выданьняў Францішка Скарыны, зробленыя прафэсарам Аркадзем Жураўскім і навукоўцамі яго кола, зьяўляюцца як бы агульнапрынятымі. Жураўскі лічыў, што ня толькі Біблія, але і прадмовы Скарыны напісаныя на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Што такое наогул царкоўнаславянская мова беларускай рэдакцыі? Наколькі гэта навуковы тэрмін і ці існуюць гістарычныя прыклады гэтай зьявы?

— Такі тэрмін ёсьць. Ён дастаткова шырока ўжываецца ў дачыненьні тых помнікаў беларускага пісьменства, якія напісаныя на царкоўнаславянскай мове — альбо на тэрыторыі сучаснай Беларусі, альбо асобамі, якія мелі беларускае паходжаньне, і ў гэтыя тэксты пранікалі асобныя рысы беларускага маўленьня. Можна адзначыць такія помнікі, як шмат апракасных Эвангельляў, якія ўзьніклі ў XII-XIV стагодзьдзях на нашай тэрыторыі, дзе прысутнічаюць такія рысы, як аканьне, зацьвярдзеньне шыпячых і «р», цоканьне (у полацкіх дакумэнтах, напрыклад), але агульнай моўнай сыстэмы гэтыя рысы не парушаюць і не мяняюць. У гэтым выпадку ўсё ж такі перад намі тэксты, напісаныя на царкоўнаславянскай мове, іх моўныя элемэнты адпавядаюць царкоўнаславянскім. Што тычыцца пісьмовай спадчыны Скарыны, то да такога тыпу мовы мы адносім Псалтыр і Апостал. Вось гэтыя тэксты, фактычна, паўтараюць царкоўнаславянскую пісьмовую традыцыю. Там ёсьць украпленьні беларусізмаў, але, паўтараю, цэльнасьць моўнай сыстэмы гэтыя ўкрапленьні не парушаюць.

— Троху іншай думкі, чым прафэсар Аркадзь Жураўскі, прытрымліваўся прафэсар Леў Шакун. У чым палягалі іх разыходжаньні?

— Асноўнае разыходжаньне паміж імі палягала ў тым, што прафэсар Шакун лічыў, што праскія выданьні Францішка Скарыны напісаны на старабеларускай мове. Іншымі словамі, ён лічыў, што гэта была не рэдакцыя царкоўнаславянскай мовы, а што гэта быў ідыялект (аўтарскі варыянт), але ўсё ж такі старабеларускай мовы.

— У 2017 годзе ў часопісе «Роднае слова» вы апублікавалі дасьледаваньне «Лінгвістычныя і тэксталягічныя асаблівасьці праскіх выданьняў Францішка Скарыны» і зрабілі адназначную выснову, што мова перакладу — старабеларуская. Вось фрагмэнт вашага падсумаваньня: «Пры вялікай колькасьці запазычаньняў з царкоўнаславянскага тэксту і пры відавочнай прыхільнасьці беларускага першадрукара да кірыла-мяфодзіеўскай традыцыі няма падстаў лічыць мову яго праскіх выданьняў царкоўнаславянскай; беларускі першадрукар прапанаваў своеасаблівую моўную мадэль, абапіраючыся на кніжную традыцыю, закладзеную старажытнымі славянскімі асьветнікамі, і на народную традыцыю, узорам якой для яго паслужыла перакладчыцкая дзейнасьць чэскіх рэфарматараў». Раскажыце, калі ласка, папулярна, чым вы гэта абгрунтоўваеце і на падставе чаго прыйшлі да такой высновы?

— Я вельмі доўга працавала поруч з Аркадзем Іосіфавічам Жураўскім. Калі ён праводзіў свае дасьледаваньні ў 80-я гады ХХ стагодзьдзя, то выкарыстаньне падліковага квантытатыўнага мэтаду ў лінгвістыцы было вельмі распаўсюджана і давала добрыя вэрыфікацыйныя вынікі. І вось, карыстаючыся гэтай мэтодыкай, Аркадзь Іосіфавіч ўзяў некалькі варыянтаў праяў праславянскіх рэфлексаў, прасачыў іх па перакладах Бібліі Скарыны і зрабіў выснову, што большасьць (я падкрэсьліваю — ня ўся колькасьць, а большасьць) выглядаюць як царкоўнаславянізмы. Прычым гэтыя падлікі вагаюцца ад 35-45 да 70-80 працэнтаў на карысьць царкоўнаславянскай мовы.

Але калі я ўзяла каля 2000 вершаў Бібліі з праскага перакладу Скарыны і наклала на чэскі пераклад Вэнэцыянскага выданьня 1506 году, а таксама на царкоўнаславянскі тэкст, то атрымалася, што большасьць з гэтых няпоўнагалосных формаў маюць адпаведнікі менавіта ў чэскім тэксьце, а не ў царкоўнаславянскім

Тут я хацела б зьвярнуць увагу на такі рэфлекс, як няпоўнагалосьсе. Мы ведаем, што гэты рэфлекс праславянскіх санорных даў розныя праявы ў розных славянскіх мовах. І па колькасьці няпоўнагалосных формаў яны ў Скарыны значна пераважаюць поўнагалосныя формы. Канечне, на першы погляд, выснова напрошваецца адназначная — гэта царкоўнаславянская адметнасьць мовы Скарыны. Але калі я ўзяла каля 2000 вершаў Бібліі з праскага перакладу Скарыны і наклала на чэскі пераклад Вэнэцыянскага выданьня 1506 году, а таксама на царкоўнаславянскі тэкст, то атрымалася, што большасьць з гэтых няпоўнагалосных формаў маюць адпаведнікі менавіта ў чэскім тэксьце, а не ў царкоўнаславянскім. Гэта дало падставу гаварыць пра тое, што на ўзроўні гэтай рысы мы маем акурат уплыў чэскай народнай традыцыі на пераклад Скарыны, а не царкоўнаславянскай.

Тое самае можна сказаць пра ўжываньне такой формы, як аорыст — тыпу насадиша, быша і т. д. На першы погляд здаецца, што гэта царкоўнаславянская рыса, але калі накладаць на два пераклады — чэскі і царкоўнаславянскі, то атрымліваецца, што корань (або сэмантыка слова) супадае з чэскім перакладам, а фармант (гэта значыць вось гэты суфікс аорыста) бярэцца з царкоўнаславянскага перакладу. Напрыклад, чэшск. napоlnil, ц.-слав. исполни, у Скарыны — наполни, або чэшск. nawratila se + ц.-слав. обратися = навратися. Гэта значыць, што Скарына кантамінаваў, спалучаў у сваім перакладзе дзьве традыцыі, выпрацоўваў сваю перакладчыцкую тэхніку і сам, падкрэсьліваю, сам назваў мову свайго перакладу, сваю Біблію для таго часу рускай, а сёньня мы гэта называем старабеларускай.

Вось на гэтых падставах я дазволіла сабе сказаць, што мова Скарынавага перакладу Бібліі — старабеларуская. Тым больш што сёлета мы скончылі выданьне Гістарычнага слоўніка беларускай мов" ў 37 тамах. Слоўнік выходзіў каля 40 гадоў і думаю, што я не памылюся, калі скажу, што ў значнай колькасьці слоўнікавых артыкулаў маецца тэкставая ілюстрацыя зь перакладаў Францішка Скарыны. Напрыклад, у 21 томе Гістарычнага слоўніка беларускай мовы 12,3% слоўнікавых артыкулаў і артыкулаў, датычных асобных значэньняў мнагазначных слоў, маюць тэкставыя ілюстрацыі зь перакладаў Бібліі Скарыны, у 22 томе — 7,3%, у 23-м — 11,1%, у 24-м томе — 10%, у 25 томе — 9,3%, у 26-м — 10,2%, у 28-м — 16,3%, у 29-м — 15,5%, у 30-м — 13%, у 31-м — 15,8%, у 32-м — 19,8%, у 33-м — 15%, у 34-м — 14%, у 35-м — 10,4%, у 36-м — 11,6%. Такім чынам, без «скарынаўскіх» слоў і цытат немагчыма ўявіць сабе Гістарычны слоўнік беларускай мовы.

А рэдактарам-пачынальнікам гэтай справы быў Аркадзь Іосіфавіч Жураўскі. І калі б адназначна было высьветлена, што мова перакладу Скарыны — царкоўнаславянская, я думаю, што не ўключалі б ні цытаты, ні яго ілюстрацыі ў гэтае выданьне, якое называецца «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Цытаты са Скарыны ідуць поруч з цытатамі са слоўнікаў Зізанія, Бярынды, з твораў Сматрыцкага, са Статутаў Вялікага Княства Літоўскага, з Полацкіх грамат і т. д.

— У вашым артыкуле маю ўвагу прыцягнула параўнаньне 600 біблейскіх вершаў, калі вы высьветлілі, што ніводзін зь іх у Скарыны не застаўся бязь зьменаў...

— У сваім артыкуле я пісала пра параўнаныя мной 600 вершаў Бібліі, ніводзін зь якіх ня быў дадзены Скарынам у царкоўнаславянскім або чэскім варыянтах, але быў зьменены. Але насамрэч я прааналізавала пераклады усіх 22 кніг праскай Бібліі Скарыны. Я выбірала з кожнай кнігі па тры-чатыры так званыя знакавыя главы. І ніводзін верш не паўтарае ні чэскі, ні царкоўнаславянскі тэксты. Кожны верш Скарынам перакладзены. Гэта таксама сьведчыць пра аўтарскую руку, пра тэхніку беларускага першадрукара, якую ён выкарыстоўваў і прапаноўваў. Тым больш што нельга забываць, што Скрына выдаваў свае кнігі ў 1517 годзе — гэта значыць, што перакладаў іх ён значна раней. І тэндэнцыі,

ніводзін верш не паўтарае ні чэскі, ні царкоўнаславянскі тэксты. Кожны верш Скарынам перакладзены

якія ён адлюстраваў у сваіх перакладах, належаць да канца XV стагодзьдзя, у лепшым выпадку, да самага пачатку XVІ стагодзьдзя. Вядома мы ня можам узяць і параўнаць тое, што было напісана ў канцы XV стагодзьдзя — пачатку XVІ стагодзьдзя, з тэкстам, які ўзьнік на 100 гадоў пазьней, і хацець, каб у другім былі такія самыя рысы, як і ў першым. Мова мяняецца, мова — гэта сацыяльна-зьменлівы прадукт.

У адным са сваіх дасьледаваньняў я правяла аналіз лексыкі са Скарынавага пракладу і лексыкі раньняга помніка старабеларускай пісьмовасьці — Чэцьця 1489 году. Па Гістарычным слоўніку каля сотні лексэм ужытыя толькі ў гэтых двух помніках, што таксама дае падставы меркаваць, што тэкст перакладаў Скарына належыць да раньняга этапу у разьвіцьці старабеларускай мовы, калі яшчэ ўплыў царкоўнаславянскай мовы быў дастаткова моцны.

— Нават непрафэсійнаму навукоўцу пры чытаньні Бібліі Скарыны кідаецца ў вочы розьніца мовы перакладу кніг Старога Запавету і прадмоваў да іх. Чым адрозьніваюцца прадмовы і пераклады Скарыны?

— Розьніца палягае ў тым, што ў прадмовах меншы ўплыў царкоўнаславянскай традыцыі. Прадмовы — гэта аўтарскі тэкст і аўтарскі прадукт, хоць там і відавочны ўплыў нейкіх заходнеславянскіх крыніц. Але там значна меншы ўплыў царкоўнаславянскай мовы ў параўнаньні зь перакладам Бібліі. Што тычыцца саміх перакладаў кніг Старога Запавету, то мы не павінны забываць яшчэ і пра тое, што ў тыя часы дзейнічаў адзіны вельмі важны прынцып перакладу verbum de verbo — паслоўны, ад слова да слова. І тэкст, які ляжаў у падмурку перакладу, адыгрываў ня толькі ролю зьместавага арыенціру для перакладчыка, але і фармальнага, бо шмат і граматычных элемэнтаў пранікала ў пераклад з тэкстаў, якія ляжалі ў падмурку перакладу. Гэта было нармальна, такая была традыцыя і такая была вельмі распаўсюджаная на той час ў Эўропе практыка.

— Такім чынам, паўторым яшчэ раз. Той моўны канструкт, тая мадэль, якую прапанаваў Скарына ў сваіх перакладах і прадмовах, належаць да якой моўнай стыхіі — царкоўнаславянскай ці старабеларускай?

— Усё ж такі да старабеларускай. Гэта цудоўная крыніца беларускай лексыкі. Паглядзіце: чобат, бохан, Вялікдзень, верш (рыбалоўная прылада), водзежа, ворганы, ушыркі, каханьне, кахаціся, лагодны, марнасьць, моцны, парада, смак, сьцежка, фарба, цыбуля і мноства іншых. Я думаю, кожны беларус ведае гэтыя словы.

— Улічваючы сытуацыю ў замежнай славістыцы, як мне здаецца, цяпер адчуваецца патрэба ў агульнанацыянальным кансэнсусе наконт мовы выданьняў Францішка Скарыны. Гэтая формула павінна была б не супярэчыць дадзеным навукі, але й ня мела б разьвенчваць здабыткі нацыянальнай гісторыі і культуры. Магчыма, вы маеце кансалідаваную з калегамі думку на гэты конт? Якую дакладна дэфініцыю вы прапануеце для азначэньня мовы Скарыны?

— Мы азначаем яе як старабеларуская мова, прапанаваная ў аўтарскай мадэлі. Але мадэль гэтая разьвівалася ў рэчышчы старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы.

— У год 500-годзьдзя Скарынавай Бібліі ў Беларусі адбылося нямала дыскусій пра мову перакладу. Многія гісторыкі, культуролягі і лінгвісты сьцьвярджалі, што мова перакладу — царкоўнаславянская беларускай рэдакцыі. Гэта паказвае, наколькі глыбока у навуковыя масы пайшлі ідэі прафэсара Аркадзя Жураўскага і яго калегаў Аляксандра Булыкі і Ўладзімера Сьвяжынскага, выказаныя імі яшчэ ў 1990 годзе ў манаграфіі «Мова выданьняў Скарыны». Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб новы падыход, новыя вашы і вашых калегаў высновы запанавалі ў галовах беларускіх навукоўцаў і публіцыстаў. Якім чынам мы можам дасягнуць агульнанацыянальнага кансэнсусу?

— Мне цяжка адказаць на гэтае пытаньне... Думаю, што празь нейкі час я зраблю больш грунтоўнае дасьледаваньне і пакажу ролю лексыкі Скарыны ў Гістарычным слоўніку беларускай мовы. Бо як ён ствараўся? Спачатку была картатэка. Яна і сёньня ёсьць у Акадэміі навук у інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Картатэка налічвае каля мільёна картак-цытат. Калі распрацоўваўся Гістарычны слоўнік (а я сама ўдзельнічала ў распрацоўцы некалькіх тамоў), правіла было такое. Мы падавалі ня больш за 10-12 цытат на адно слова або значэньне слова, але калі была цытата зь Бібліі Скарыны, мы яе падавалі абавязкова. Гэта азначае, што артыкулы слоўніка адлюстроўваюць вэрыфікацыю і тэкставыя ілюстрацыі зь Бібліі Скарыны. І калі паказаць ролю лексыкі Францішка Скарыны ў разьвіцьці лексычнай сыстэмы старабеларускай мовы, я думаю, што гэта і будзе адказ на пытаньне аб мове ягоных перакладаў.

Мовазнаўцы сёньня спакойна рэагуюць на дыскусіі. Для лінгвістаў праявы моўнай кантамінацыі, узаемапранікненьне моўных рыс — гэта настолькі натуральная зьява, што мы наогул не разумеем прычыны гэтых дыскусій. Мы заўсёды кажам, што спачатку трэба дасьледаваць сам моўны канструкт, а потым ужо думаць, як яго назваць. Таму ня трэба забывацца, што ў манаграфіі Жураўскага 1990 году напісана, што ў Бібліі Скарыны большасьць царкоўнаславянізмаў. Але калі ня сто працэнтаў — значыць ужо паўстае пытаньне...

— І тады праблема ў інтэрпрэтацыі...

— Натуральна! І Жураўскі так напісаў таму, што побач мы маем Цяпінскага, Буднага, Статуты зь іншым канструктам — для нас больш ідэальным, скажам так. Скарына на іх фоне выглядае больш царкоўнаславянскім. Але калі вы пакажаце пераклад Бібліі Скарыны любому спэцыялісту, знаўцу царкоўнаславянскай мовы і крыла-мяфодзіеўскай традыцыі, і спытаеце яго, ці гэта царкоўнаславянская мова, ён адразу скажа, што не.

— Ну так Уладзіміраў і напісаў яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі, бо добра ведаў царкоўнаславянскую мову.

— Адназначна. Адназначна любы спэцыяліст скажа — не.

Ірына Будзько нарадзілася ў 1970 годзе ў Менску. Кандыдат філялягічных навук, дацэнт. З 1993 году працуе ў аддзеле гісторыі беларускай мовы Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтру дасьледаваньняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Цяпер вядучы навуковы супрацоўнік гэтага аддзелу. Спэцыяліст у галіне гісторыі беларускай рэлігійнай тэрміналёгіі. Аўтар манаграфій «Полацкае Эвангельле канца ХІІ — пачатку ХІІІ ст.: асаблівасьці мовы і тэксталёгіі» (2012), «Лексыка рэлігійнай пісьменнасьці» (2016), слоўніка «Рэлігійны слоўнік старабеларускай мовы» (2003) і іншых, а таксама некалькіх дзясяткаў навуковых артыкулаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG