Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы не давяраюць ні беларускім банкам, ні беларускаму рублю. І чакаюць высокай інфляцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Нягледзячы на ўсе намаганьні Нацыянальнага банку Беларусі па дэдалярызацыі эканомікі, зьніжэньне ставак па дэпазытах у замежнай валюце і адносную стабільнасьць курсу беларускага рубля, 74,4% жыхароў Беларусі аддаюць перавагу зьберажэньням у валюце, а не ў рублях.

Такія дадзеныя атрымаў Нацбанк у выніку праведзенага ў лістападзе 2017 году апытаньня 1 000 жыхароў Беларусі (мужчын і жанчын, старэйшых за 18 гадоў).

Столькі ж апытаных (74,4%) лічаць, што цяперашні час зьяўляецца неспрыяльным для зьберажэньняў.

У беларусаў няма даверу ня толькі да беларускага рубля, але і да беларускіх банкаў. 41,3% рэспандэнтаў на пытаньне пра тое, якую форму зьберажэньняў яны лічаць за лепшае, заявілі, што аддаюць перавагу наяўным. Дэпазыты ў банках назвалі толькі 29,6% апытаных, нерухомасьць — 16,3%, каштоўныя мэталы і страхаваньне — 5% насельніцтва, а каштоўным паперам аддаюць перавагу толькі 2,5% апытаных.

Большая частка ўдзельнікаў апытаньня лічыць цяперашні час дрэнным ня толькі для зьберажэньняў, але і для буйных пакупак: 70,3%. Праўда, пакупкі ў крэдыт лічаць несвоечасовымі крыху менш чалавек — 62,4%.

Гэтыя словы не разыходзяцца са справамі: у 47,3% жыхароў Беларусі за апошнія тры месяцы буйных пакупак не было. У астатняй часткі насельніцтва найбольшую долю буйных пакупак складалі кампутарная тэхніка, смартфоны і г.д. — 13,2%. На другім месцы сярод буйных выдаткаў апынуліся выдаткі на лекаваньне — 13%. Яшчэ 11,8% завялі за названы пэрыяд часу патрацілі грошы на побытавую тэхніку.

На адпачынак за мяжой і ў Беларусі, набыцьцё аўтамабіля, а таксама на куплю або рамонт жытла выдаткавала грошы аднолькавая колькасьць апытаных: па 7,7%. 5,6% патрацілі грошы на адукацыю.

Адмоўнае стаўленьне да зьберажэньняў збольшага можа тлумачыцца высокімі інфляцыйнымі чаканьнямі. Паводле апытаньня Нацбанку, чаканы жыхарамі Беларусі ўзровень інфляцыі складае 11,9% (у той час, як паводле Белстату, на лістапад 2017 ад пачатку году інфляцыя склала 4,41% і за апошнія 8 гадоў гэта найменшы паказьнік за аналягічны пэрыяд). Пры гэтым 60,8% апытаных чакаюць, што ў будучыні цэны будуць расьці гэтак жа хутка, як і цяпер, 19,5% разьлічваюць на больш павольны ўздым, а 16,3% — на больш хуткі.

Узровень інфляцыі, які адчуваецца насельніцтвам, яшчэ вышэйшы: 12,9%. 51,8% апытаных лічаць, што цэны вырасьлі вельмі моцна, 34,8% — умерана, і толькі 11,2% мяркуюць інфляцыю нязначнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG