Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад не плянуе для беларусаў заробку «па пяцьсот» у 2018 годзе


У 2018 годзе сярэдні заробак па краіне не дасягне ўзроўню ў 500 даляраў нават пры станоўчым разьвіцьці эканомікі. Пра гэта заявіла сёньня міністар працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касьцевіч.

Яна выступіла перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, якія 18 сьнежня абмяркоўваюць бюджэтнае пытаньне ў першым чытаньні. «Нулявое» чытаньне праекту бюджэту адбылося за зачыненымі для журналістаў дзьвярыма.

Спадарыня Касьцевіч агучыла меркаваныя заробкі на 2018 год. Калі эканоміка спрацуе паводле кансэрватыўнага сцэнара, то сярэдні заробак чакаецца ў памеры 921 рубель. Калі крыху лепш, то павялічацца найперш заробкі бюджэтнікаў, а сярэдні заробак па краіне дасягне 941 рубля. Міністар фінансаў Уладзімер Амарын назваў сярэдні заробак у бюджэтнай сфэры — 700 рублёў.

Аляксандар Лукашэнка нядаўна адклаў заробкі «па пяцьсот» даляраў, якія абяцае ўжо больш за 10 гадоў, на ІІ квартал 2018 году, хоць раней даручаў давесьці заробкі да 1000 рублёў да канца 2017 году. Але мясцовыя ўлады прынамсі ў Менску і ў Горадні даручаюць падначаленым «накруціць» заробкі за сьнежань да 1000 рублёў.

Рост пэнсый будзе залежыць ад эканамічных вынікаў

Міністарка паведаміла таксама, што рост пэнсій адбудзецца налета не радзей за адзін раз на год. На пытаньне, на колькі працэнтаў будзе павялічаная працоўная пэнсія, Ірына Касьцевіч адказала, што гэта будзе залежаць ад таго, як спрацуе эканоміка ў 2018 годзе.

«Мы хочам выправіць суадносіны сярэдняй пэнсіі ў памеры 40% ад сярэдняга заробку па краіне. Калі гэта адбудзецца, то пэнсіі ў наступным годзе падрастуць на 12%». Сёлета пэнсія павялічылася толькі 1 раз і толькі на 5%.

Паводле Касьцевіч, у 2018 годзе грашовая дапамога па беспрацоўі павялічвацца ня будзе.

Цяпер дапамога па беспрацоўі выплочваецца 26 каляндарных тыдняў пасьля рэгістрацыі ў органах занятасьці. Яна можа складаць 0,75–2 базавыя велічыні (17,25-46 рублёў на момант публікацыі) у залежнасьці ад папярэдніх даходаў (калі чалавек упершыню шукае працу, то 0,85 базавай велічыні першыя 13 тыдняў і 0,7 — наступныя 13 тыдняў). Сярэдняя дапамога па беспрацоўі на пачатак лістапада складала 24,87 рубля (12,4% пражытковага мінімуму).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG