Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зь мільярдэраў разбагацеў ў 2017 годзе


Джэф Бэзас
Джэф Бэзас

Адказ на гэтае пытаньне шукаў часопіс Forbes. У 2017 годзе часопіс адсочваў прынамсі 2000 мільярдэраў ва ўсім сьвеце. Дзесяць мільярдэраў, якія зарабілі больш за ўсіх, у сукупнасьці павялічылі свае капіталы на $ 204 млрд, у параўнаньні са сьціплымі $ 74,7 млрд у 2016 годзе. Forbes параўнаў іх капіталы па стане на 1 студзеня 2017 года і 14 сьнежня 2017 году.

Джэф Бэзас, які з кастрычніка застаецца самым багатым чалавекам плянэты, узначальвае гэты сьпіс. Бэзас, чый стан павялічыўся на $ 33,8 млрд дзякуючы імкліваму росту акцыяў Amazon, адзін з трох амэрыканцаў, якія ўвайшлі ў топ-10. Астатнія сем удзельнікаў прадстаўляюць розныя краіны сьвету.

Джэф Бэзас

Рост: + $ 33,8 млрд

Капітал: $ 98,6 млрд

Amazon Бэзаса у гэтым годзе ставіць рэкорды: з 1 студзеня яго акцыі вырасьлі на 60%. 26 кастрычніка іх цана падскочыла на 13% на працягу дня, калі гігант электроннага гандлю апублікаваў вынікі трэцяга квартала, якія пераўзышлі ўсе чаканьні. Гэта быў яшчэ і дзень, калі Бэзас, які за лічаныя гадзіны зарабіў $7 млрд, стаў найбагацейшым чалавекам на плянэце.

Сюй Цзяінь

Рост: + $ 27,4 млрд

Капітал: $ 36,5 млрд

Капітал найбагацейшага ў сьвеце ўладальніка нерухомасьці з пачатку гэтага году вырас у чатыры разы. Гэты скачок цалкам тлумачыцца павялічэньнем на 400% коштаў на акцыі яго Evergrande Group. Большая частка гэтага прыросту адбылася пасьля таго, як у ліпені кампанія апублікавала высокія фінансавыя вынікі за першае паўгодзьдзе 2017 году. Група кампаніяў валодае камэрцыйнай і жылой нерухомасьцю ў больш чым 200 гарадах Кітаю.

Бэрнар Арно

Рост: + $ 23,6 млрд

Капітал: $ 40,3 млрд

Адзін з галоўных заканадаўцаў густу ў сьвеце, Арно абавязаны большай часткай свайго капіталу долі ў Christian Dior. Яго акцыі, цана на якія вырасла на 52% з пачатку году, цяпер маюць кошт $ 47 млрд. Арно таксама належыць буйная доля ў LVMH, кампаніі-вытворцу тавараў раскошы, якой ён кіруе з 1989 года. Акцыі LVMH, які кантралюе семдзесят брэндаў клясы люкс, уключаючы Dom Perignon, Bulgari, Louis Vuitton і Tag Heuer, вырасьлі на 35% з пачатку году.

Марк Цукэрбэрг

Рост: + $ 23,6 млрд

Капітал: $ 72 млрд

Facebook Цукэрбэрга ўпэўнена разьвіваўся на працягу 2017 году. Яго акцыі падняліся амаль на 60%, дзякуючы росту мабільнай рэклямы. У сьнежні 2015 года Цукэрбэрг і яго жонка, Прысцыла Чан, абвясьцілі, што перададуць 99% сваіх акцый Facebook на дабрачыннасьць. Акрамя таго, Цукэрбэрг папрасіў аб стварэньні новага тыпу акцыяў, якія дазволілі б яму захаваць кантроль над кампаніяй. Пасьля публічнага скандалу ў верасьні Цукэрбэрг, які заснаваў Facebook у 2004 годзе, калі яму было 19 гадоў, адмовіўся ад гэтага пляну. 33-гадовы мільярдэр абвясьціў, што пашырыць кола сваёй дабрачыннай дзейнасьці і прадасьць ад 35 да 75 млн акцыяў Facebook на працягу наступных паўтары гадоў, каб фінансаваць шэраг ініцыятыў.

Ма Хуацен

Рост: + $ 21,8 млрд

Капітал: $ 44,3 млрд

Кітайскі мільярдэр і яго холдынг Tencent, дзе Ма зьяўляецца старшынём, з 2011 года палююць за віруснымі мэсэнджарамі і інтэрнэт-гітамі. Tencent належыць адзін з самых папулярных мэсэнджараў Кітаю WeChat (больш за 960 млн карыстальнікаў). Акцыі Tencent на ўздыме: за гэты год іх кошт вырас больш чым на 100%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG