Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галівуд стварыў камісію дзеля расьсьледаваньня абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях


Гарві Вайнштэйн.
Гарві Вайнштэйн.

Аніта Хіл, якая атрымала шырокую вядомасьць у 1990-х, падчас працэсу зацьвярджэньня на пасаду новага судзьдзі Вярхоўнага суду ЗША, узначаліць камісію дзеля расьсьледаваньня абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях у забаўляльнай індустрыі.

Камісія была створана пасьля таго, як у выніку скандалу з удзелам прадусара і бізнэсмэна Гарві Вайнштэйна, на Галівуд абрынуўся шквал абвінавачваньняў у сэксуальных дамаганьнях, паведамляе Голас Амэрыкі.

У пятніцу топ-мэнэджэры індустрыі прынялі рашэньне аб фінансаваньні працы камісіі. У сустрэчы, якая прайшла ў Лос-Анжэлесе, прынялі ўдзел прэзыдэнтка кампаніі Lucasfilm Кэтлін Кэнэдзі, стваральніца Nike Foundation Марыя Эйтэ, юрыстка Ніна Шаў і інвэстарка Фрыда Капор Клейн. Таксама ў перамовах прынялі ўдзел кіраўнікі ўсіх найбуйнейшых студый Галівуду.

«Камісія ня будзе займацца пошукам нейкага рашэньня (праблемы), — заявіла Кэтлін Кэнэдзі. — Мы зоймемся распрацоўкай поўнамаштабнай стратэгіі для таго, каб адказаць на складаныя і ўзаемазьвязаныя пытаньні, зьвязаныя з праблемай роўнасьці і злоўжываньня ўладай».

Аніта Хіл, якая ўзначаліла камісію, была ў ліку грамадзкіх дзеячаў, якія ўпершыню заявілі аб праблеме сэксуальных дамаганьняў падчас слуханьняў па зацьвярджэньні судзьдзі Кларэнса Томаса на пасаду члена Вярхоўнага суду ЗША ў 1991 годзе.

«Прыйшоў час скончыць са змовай маўчаньня, — сказала яна. — Я займалася гэтай праблемай 26 гадоў, і сёньня надышоў час зьмяніць сытуацыю».

Аніта Хіл выкладае права ва ўнівэрсытэце Брандэйса і ўзначальвае Камітэт па правах чалавека ў Міжнароднай асацыяцыі адвакатаў. Паводле яе, камісія зоймецца праблемамі «злоўжываньня ўладай, бясьпекі» пацярпелых, адначасова распрацоўваючы рэкамэндацыі для магчымых ахвяр сэксуальных дамаганьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG