Амэрыканскі відэасэрвіс Netflix афіцыйна разарваў адносіны з прадусарам і кіназоркай Кевінам Спэйсі, якога абвінавачваюць у сэксуальных дамаганьнях.
Цяпер сцэнар сэрыялу перапрацоўваецца, зь яго прыбралі пэрсанаж кангрэсмэна Франка Андэрвуда, якога граў Спэйсі. Раней Netflix заявіў, што шосты сэзон сэрыялу «Картачны домік» стане апошнім. Два эпізоды сэзону ўжо былі зьнятыя.
Netflix таксама спыніў здымкі фільму пра амэрыканскага пісьменьніка Гора Відала, у якім Спэйсі меў галоўную ролю.
29 кастрычніка актор Энтані Рап паведаміў пра дамаганьні Спэйсі 30 гадоў таму. На той час Рап было 14 гадоў, Спэйсі — 26. Кевін Спэйсі выпусьціў заяву, што нічога ня памятае пра інцыдэнт, а таксама прызнаўся, што ён гей. Празь некалькі дзён пра неналежныя сэксуальныя паводзіны Спэйсі заявілі і некалькі работнікаў здымачнай групы сэрыялу «Картачны домік».
Кевіна Спэйсі пазбавілі ганаровай прэміі «Эмі» праз абвінавачваньні ў дамаганьнях